Беларуская Служба

Яраслаў Іванюк: Ідуць перамовы пра выданне беларускіх аўтараў у Польшчы, таксама выпусцім некалькі аўдыёкніг

18.01.2022 17:27
Як у Польшчы на попыт на беларускую літаратуру паўплывалі грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі.
Аўдыё
  • Яраслаў Іванюк: Ідуць перамовы пра выданне беларускіх аўтараў у Польшчы, таксама выпусцім некалькі аўдыёкніг
    .  .
Падчас прэзентацыі рамана Уладзіміра Някляева. Ілюстрацыйнае фота.Фота: Яна Запольская / racyja.com

Напрыканцы мінулага года ў Польшчы выйшаў раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». Беларускага пісьменніка, па-беларуску. Кніга імгненна была распрададзеная. Выдавец, заснавальнік фонда kamunikat.org Яраслаў Іванюк распавёў пра поспех выдання, каго з беларускіх аўтараў і ў якім фармаце сёлета плануецца выдаць у Польшчы. А таксама, як на попыт на літаратуру паўплывалі грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі.

Слухайце размову цалкам у далучаным файле!

— Такога праекту яшчэ не было, каб выдаць у Польшчы кнігу па-беларуску такога вядомага пісьменніка, як Уладзімір Някляеў, і распрадаць амаль увесь тыраж падчас прэзентацый у польскіх гарадах і ў Вільні. Мы вырашылі заняцца гэтым праектам, бо кніга вартая, каб дайсці да чытачоў. Але выдаць у Беларусі яе было немагчыма па палітычным прычынам. Тым не менш, нам важна было, каб кніга дайшла да беларускага чытача. Ёсць меркаванне, што цяпер у Польшчы каля 200 тысяч беларусаў, якія з'ехалі са сваёй краіне па палітычных ці эканамічных прычынах, але па палітычных найбольш. І мы зрабілі прэзентацыі ў гарадах, дзе беларускай дыяспары цяпер найбольш. Сустрэліся з беларусамі ў Кракаве, Вроцлаве, Лодзі, Гданьску, Беластоку, Познані, Варшаве, Бельску Падляскім, у Вільні.

Гэта важная кніга, варта было яе выдаць, і нашы спадзяванні апраўдаліся. Цяпер рыхтуем другі наклад.

На гэты поспех паўплываў той факт, што людзям, якія зʼехалі па палітычных прычынах, важна заставацца ў беларускім жыцці. У многіх гарадах, якія мы наведалі, сустрэчы прыйшлі з аншлагам. Людзі прыходзілі не толькі, каб купіць кнігу, але каб і спытаць у Някляева, спадар Уладзімір Пракопавіч, што рабіць далей? І добра, каб пісьменнікі не былі вымушаныя шукаць адказы на гэта пытанне, а маглі толькі займацца сваёй творчасцю, пісаць кнігі.

Яраслаў Іванюк распавёў, што яшчэ ў 2020 годзе да яго звярталіся беларускія пісьменнікі з прапановаю, выдаць пэўныя творы. Тады сітуацыя выглядала інакш: былі пытанні, ці атрымаецца гэтыя кнігі прывезці ў Беларусь.

Цяпер жа рэальнасць такая, што чытачоў шмат у Польшчы і лагістыкай дастаўкі ў Беларусь надрукаванай кнігі не трэба будзе займацца. Таму цяпер ідуць перамовы і новыя кнігі будуць выдадзеныя.

Сёлета фонд kamunikat.org плануе выдаць некалькі аўдыёкніг. Ужо ёсць дамоўленасць з пісьменнікам Алесем Аркушам, заканчваюцца працы па начытцы рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро» – гэта цікавы дэтэктыў.

Таксама Яраслаў Іванюк распавёў, што аднойчы ў аўдыёфармаце выйдзе і раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном».

Дзіцячыя кнігі ў аўдыёфармаце выдаваць пакуль не плануецца, бо гэта асобная катэгорыя, якая вымагае дадатковых выдаткаў – гукаў, музыкі. Яраслаў Іванюк кажа, што выдавецтва засяродзіцца на папулярных сучасных творах для дарослых.

вх

Таццяна Нядбай: Некаторыя пісьменнікі пачынаюць ствараць літаратуру толькі апынуўшыся ў бяспецы

25.11.2021 15:02
Ужо заўтра будуць абвешчаныя лаўрэаты дзясятага юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройца.

Уладзімір Някляеў: Усталі мы, і ніхто нас ужо не ссуне

30.11.2021 14:50
У Польшчы праходзяць прэзентацыі рамана «Гэй Бэн Гіном» аднаго з найбольш вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Някляева.

Алеся Каролік з «Мовы Нанова»: Беларусы ў эміграцыі ахвотней цягнуцца да мовы продкаў

10.01.2022 14:24
Беларусы, якія апынуліся ў незнаёмым атачэнні, у чужым моўным і культурным асяроддзі крыху інакш пачынаюць глядзець на сваю нацыянальную тоеснасць,