У праграме канцэрты і танцы з удзелам лепшых вясковых калектываў, выдатных музыкаў і іх вучняў, майстар-класы, заняткі для дзяцей, паказы вытворчасці народных інструментаў і сустрэчы з іх майстрамі з усёй Польшчы і замежжа. Сёлетні фестываль – гэта, перш за ўсё, даніна павагі Украіне, тлумачыць адзін з яго арганізатараў Пётр Пішчатоўскі.
-Украінскі матыў будзе паяўляцца падчас усяго фестывалю. Удзел прымуць нашыя сябры, а не вялікія зоркі на кантракце. Яны будуць на варштатах, канцэртах, кірмашах. Гэта вобраз шматгадовага сяброўства, якое цяпер заклікае да нармальнасці.
Суарганізатарка фестывалю Ягна Кнітэль кажа, што, як і кожны год, гледачы змогуць прыняць удзел у традыцыйных спеўных майстэрнях.
-Ніколі не было так, каб на адным фестывалі было ажно сем спеўных варштатаў. Сярод іх некалькі варштатаў з украінскімі песнямі, напрыклад, з Таццянай Сапілкай ці Ірынай Кліменкай. Гэта рэдкасць, каб у Польшчы можна было паўдзельнічаць у мерапрыемствах з яе ўдзелам. Акрамя таго, будзе Эва Грахоўска з рознымі традыцыямі – з Радама, Кельцаў, Любліншчыны.
Па традыцыі адкрывае фестываль «Старая традыцыя» – выступленне пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў. Кульмінацыяй «Мазуркаў» з'яўляецца суботні інструментальны кірмаш з прэзентацыямі, сустрэчамі і майстар-класамі, якія праводзяць вытворцы інструментаў. Падчас Танцавальнай ночы зайграюць не менш за 25 лепшых гуртоў, вясковых і гарадскіх, з розных рэгіёнаў Польшчы і замежжа.
ав