5 ліпеня ў межах Міжнароднага Тыдня беларускай культуры прайшла канферэнцыя аб сучаснай беларускай культуры і правах чалавека «Культура (для) правоў чалавека».
Сучасныя творцы і даследчыкі абмяркоўвалі феномен культурніцкага кластару на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, феміністычную павестку на фоне сацыяльна-палітычных падзеяў, а таксама пераслед руху ЛГБТ+ у Беларусі. Апроч гэтага даследчыкі закранулі дзейнасць беларускіх няўрадавых арганізацый у галіне культуры ў цяперашніх умовах. Падрабязна пра тэматыку канферэнцыі распавяла мэнаджарка культуры а Вольга Мжэльская.
Арганізатарамі сустрэчы нароўні з Беларускім домам у Варшаве былі Амбасада Каралеўства Нідэрландаў. Адметна, што ідэя правядзення канфернэнцыя сыходзіла менавіта ад гэтага прадстаўніцтва, кажа амбасадарка каралеўства Нідэрландаў у Польшчы Дафнэ Бэргсма:
-Мы падтрымліваем такія ініцыятывы, бо абарона правоў чалавека важная частка замежнай палітыкі Нідэрландаў. Мы верым, што грамадствы, дзе не забяспечваюцца правы чалавека – гэта дрэнныя грамадствы. Таксама мы перакананы, што культура – гэта добрая прылада распаўсюдзіць прастору правоў чалавека. Правы чалавека – надзвычай істотныя, а культура можа іх прасоўваць.
Да арганізацыі канферэнцыі таксама была далучана Амабсада Бельгіі Дэлегацыя Фландрыі, пра карысны для беларусаў вопыт фламандцаў распавёў кіраўнік Беларускага дому Алесь Зарэмбюк.
Вялікая ўвага на канферэнцыя «Культура (для) правоў чалавека» была прысвечана ўнікальнай з’яве – вуліцы Кастрычніцкай у Мінску. Пра паўстанне гэтага кластару ў цэнтры Мінску казала кіраўніца ініцыятывы Politzek.me, былая супрацоўніца культурніцкай прасторы «Ок 16» Іна Кавалёнак:
-Гэты працэс цягнуўся каля дзесяці гадоў. Спачатку там пачалі з’яўляецца кавярні і бары, а потым і культурныя прасторы. Ён праходзіў невыпадкова, я пераканана. Быццам бы вуліца Кастрычніцкая ў Мінску – гэта прамысловая зона, але візуальна як моцна яна адрозніваецца ад праспекту Незалежнасці і гэта таксама невыпадкова. Калі ёсць іншая прастора, якая нават фізічна адрозніваецца ад афіцыйнай прасторы, паўстае жаданне пачаць там нешта нефармальнае. Калі ў адным такім месцы паўстае і галерэя сучаснага мастацтва, і моднае месца спатканняў і добрая кавярня. Чаму б не?
Ёсць некалькі вельмі простых кропак, па якіх можна ідэнтыфікаваць уплыў існавання Кастрычніцкай на падзеі 2020 г., але людзі пра гэта ўжо пачалі забываць. Калі пачалася эпідэмія каранавіруса, нізавая структура «BYCovid» знайшла сабе сядзібу на Кастрычніцкай у «Галерэі Ў». Ідзем далей. Самы папулярны кандыдат на выбарах Віктара Бабарыка быў мэнаджарам банку, які валодаў будынкам, дзе размяшчалася вялікая культурная прастора «Ок 16». І мноства іншых праектаў, які гартавалі людзей здзяйснялі менавіта на Кастрычніцкай.
Па-за ўвагай удзельнікаў канферэнцыі не засталася і доля ЛГБТ+ супольнасці Беларусі, пра гэта распавядаў стваральнік платформы MAKEOUT Нік Анціпаў. Праз пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі Нік як многія іншыя актывісты ЛГБТ+ быў вымушаны пакінуць радзіму, але маладзён не губляе надзеі на лепшыя часы ў тым ліку і для сваёй супольнасці.
Слухайце аўдыё!
эж