Адышоў з жыцця Ян Чыквін – беларускі паэт, гісторык літаратуры, перакладчык, выдавец, – піша Міра Лукша, – апошні з заснавальнікаў Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа», а з 1989 года яго старшыня, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту і ўніверсітэту ў Беластоку. Лаўрэат беларускага медаля Францыска Скарыны і польскага Gloria Artis. Пачаў друкавацца ў 1957 годзе на старонках «Нівы». З 1990 года працаваў рэдактарам выдавецкай серыі «Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа»», з 1998 года рэдагаваў літаратурна-крытычны часопіс «Тэрмапілы». Ян Чыквін быў адным з найбуйнейшых і найбольш вядомых беларускіх літаратараў у Польшчы, аўтарам шматлікіх паэтычных зборнікаў. Яго паэзія – філасофская, сімвалічная, часам ускладнёна-метафарычная. Аўтар дзясяткаў паэтычных і даследчыцкіх тамоў.
Былы амбасадар Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў, што меў вялікі гонар пазнаёміцца з Янам Чыквіным, калі працаваў яшчэ маладым беларускім дыпламатам на Беласточчыне. Ён ніколі не забываў каранёў і ўсё жыццё сваё прысвяціў вывучэнню беларускай літаратуры. Ён заўсёды заставаўся беларускім і польскім паэтам і перакладчыкам. Беларускім і польскім грамадскім дзеячам – будаваў культурны мост паміж Беларуссю і Польшчай. Як асветнік ён адначасова стаў абаронцам роднай беларускай культуры. Яго паэзія сімвалічная і філасафічная, душа – загадкавая, а жыццё ёміста змясцілася ў назву ягонага зборніка «Далёка і блізка» пра супярэчлівы лёс беларускіх літаратараў. Успаміны пра яго як аб чалавеку-асобе захаваю ў сваёй памяці, – напісаў Павел Латушка.
Асобу Яна Чыквіна ўспамінае яго студэнт Юрка Буйнюк: «Прафесар быў вельмі важным чалавекам у маім жыцці, – піша ён. – Мы з ім пазнаёміліся, здаецца, вясною 1997 года, калі я вучыўся ў другім класе Бельскага белліцэя. Прафесар прыязджаў у ліцэй на аўтарскія сустрэчы. У гэты час нас, маладых людзей, вершы пісала, каб не схлусіць, асоб дваццаць. Тады Прафесар Ян Чыквін выступіў ініцыятарам заснавання паэтычнага кружка, заахвочваў, каб многа чытаць, таму што кнігі адкрываюць вочы на свет і становяцца інспірацыяй для творчасці. Потым я сустрэў Прафесара, калі стаў студэнтам першага курса беларускай філалогіі на Універсітэце ў Беластоку. Прафесар быў тады загадчыкам кафедры філалогіі, а яго жонка, праф. Галіна Тварановіч, была выкладчыцай гісторыі літаратуры і адразу, быццам маці, узяла мяне пад свае крылы. Будучы студэнтам, я часта заходзіў у працоўны кабінет прафесараў Яна Чыквіна і Галіны Тварановіч, прыносіў ім свае новыя вершы для праверкі. У 2002 годзе Прафесар запрапанаваў мне стаць чальцом Беларускага літаратурнага абʼяднання «Белавежа». Памятаю, як на пачатку чэрвеня ўпершыню сустрэўся з сябрамі-«белавежцамі». Мне, малакасосу, былі яны вельмі вялікімі і сурʼёзнымі людзьмі, якія з часам сталі маімі блізкімі сябрамі. У 2004 годзе Прафесар запрапанаваў выдаць першы зборнічак маёй паэзіі. У выніку 26 чэрвеня 2005 года на сходзе Літабʼяднання «Белавежа» я трымаў у руках зборнік паэзіі з маімі вершамі! Прафесар навучыў мяне сурʼёзнага стаўлення да літаратуры, – адзначае Юрка Буйнюк.
На чарговых ХХVІІ Асенніх сустрэчах з беларускім фальклорам у Чыжах Гайнаўскага павета асабліва вылучыліся выканаўцы абрадных і народных твораў у арыгінальных апрацоўках, а таксама патрыятычных беларускіх песень, якія ўвялі шматлікую публіку ва ўзнёслы настрой і тая доўга ім апладзіравала, – піша Аляксей Мароз. – Тэатральная група «Антракт +» з Бельскага дома культуры прэзентавала абрад «Жніво», які наблізіў публіцы цэлы жніўны абрад з песнямі, прымаўкамі і дыялогамі. З вакальным рэпертуарам выступілі мясцовы калектыў «Чыжавяне», хор гораду Гайнаўкі, хор «Гармонь» з Ласінкі, трыа «Крэсоўкі». Выступленням калектываў спадарожнічала выстава прац удзельнікаў конкурсу «Прыгожасць беларускага фальклору на Падляшшы». Былі яны вылучаны з ліку 30 прац удзельнікаў конкурсу з першага па сёмы класы Пачатковай школы ў Чыжах. «На працах бачым выявы хат, элементы народнай беларускай вопраткі, сюжэты палявых прац у мінулым», – сказала нам каардынатарка конкурсу Яанна Белавежац.
12 лістапада ў Тамашове-Любэльскім адбылася першая пасля рамонту тамашняй царквы багаслужба, – піша Аляксандр Вярбіцкі і прыгадвае, што дзейнасць царквы была спынена ў 1947 годзе ў выніку вывазкі праваслаўных украінцаў у рамках Акцыі «Вісла». Да гэтага ў 1944–1946 гадах з паўднёва-ўсходняй часткі Польшчы было выселена ў Савецкі Саюз амаль паўмільёна ўкраінцаў. Цягам дзесяці гадоў тамашоўская царква служыла прафанным мэтам. У 1955 годзе мітрапаліт Макарый хадайнічаў за вяртанне будынку Царкве, але безвынікова. Два гады пазней, пасля палітычнай «адлігі» у Польшчы, храм быў вернуты Царкве, як філіяльны Грубешаўскага прыхода. У пачатку 80-х гадоў быў праведзены рамонт храма, у выніку былі яму вернуты культавыя функцыі. У 2014–2022 гг. быў праведзены чарговы рамонт і вось цяпер адбылася згаданая першая пасля яго літургія; раней службы адбываліся на плябаніі.
Агляд падрыхтаваў Віталь Луба