Беларуская Служба

Музей «Аўшвіц-Біркенаў» – міжнародны сімвал Халакоста (ФОТА)

27.01.2023 12:03
27 студзеня, у гадавіну вызвалення нямецкага канцлагера, адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста.
Аўдыё
  • Музей «Аўшвіц-Біркенаў» – міжнародны сімвал Халакоста
 -
Музей «Аўшвіц-Біркенаў» Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў Музей былога нямецкага канцлагера «Аўшвіц-Біркенаў». 27 студзеня, у гадавіну яго вызвалення, адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. З гэтай нагоды ў «Аўшвіц-Біркенаў» праходзяць штогадовыя ўрачыстасці ў памяць аб ахвярах аднаго з найбольш трагічных і жудасных злачынстваў, здзейсненых Трэцім Рэйхам. У іх удзельнічаюць прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, а таксама былыя вязні канцлагера і іх сем’і.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

27 студзеня 1945 года савецкія салдаты 60-й арміі 1-га Украінскага фронту ўвайшлі ў нямецкі канцлагер смерці ў Асвенцыме. У галоўным лагеры «Аўшвіц І», «Аўшвіц ІІ» (Біркенаў) і «Аўшвіц ІІІ» (Мановіц) вызвалення дачакалі толькі 7 тысяч зняволеных.

Немцы заснавалі лагер у Асвенцыме на поўдні Польшчы ў 1940 годзе для ўтрымлівання польскіх палітвязняў. «Аўшвіц ІІ-Біркенаў» быў заснаваны праз два гады. Ён стаў месцам генацыду габрэяў. У рамках лагернага комплекса дзейнічала таксама сетка падлагераў, якіх было больш за 40, раскінутых пераважна па тэрыторыі Сілезіі.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Паступовая ліквідацыя канцлагера пачалася ў жніўні 1944 года, калі Чырвоная Армія апынулася на рацэ Вісла. Калі савецкія войскі пачалі зімовы наступ, немцы вырашылі спешна ліквідаваць лагер. На апошнім сходзе, 17 студзеня 1945 года, прысутнічалі 67 тысяч зняволеных. У люты мароз немцы выгналі вязняў з лагера і пешшу накіравалі ў бок гарадоў Глівіцэ і Вадзіслаў Сілезскі, адтуль на цягніках вывезлі іх у канцэнтрацыйныя лагеры ў Германіі. Палонных, якія не мелі сіл ісці, немцы забівалі па дарозе.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Гісторыкі падлічылі, што з 58 тысяч вязняў, якіх немцы вывелі з канцлагера больш за 10 тысяч, загінулі ў маршах смерці. Да пачатку 1945 года немцы перасялілі ў глыб Трэцяга Рэйха 65 тысяч чалавек, а таксама забілі амаль усіх членаў т.зв Зондэркамманда, якія абслугоўвалі газавыя камеры і крэматорыі. Пры гэтым немцы заціралі сляды сваіх злачынстваў. Знішчалі дакументацыю, асабліва дакументы і спісы зняволеных, ліквідавалі ямы з прахам ахвяр, падпалілі склады з маёмасцю забітых, і канчаткова ўзарвалі крэматорыі і газавыя камеры.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Вязні, якім удалося выжыць у «Аўшвіц» – у асноўным габрэі з больш чым 20 краін Еўропы, былі надзвычай знясіленыя, галодныя і хворыя. Ім патрэбная была неадкладная дапамога. Неўзабаве Польскі Чырвоны Крыж арганізаваў лагерны шпіталь, у якім было больш за 4,5 тысячы хворых вязняў. Вызваляючы лагер, чырвонаармейцы знайшлі таксама трупы 600 вязняў, забітых немцамі у апошні момант. Іх урачыстае пахаванне адбылося 28 лютага 1945 года. Тады ж былі таксама пахаваны каля сотні былых вязняў, якія памерлі ў шпіталі пасля вызвалення.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сярод, як мінімум, 1,3 мільёна чалавек, зняволеных у канцлагеры «Аўшвіц-Біркенаў», было каля 232 тысяч дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 18 гадоў. У дзень вызвалення лагера, 27 студзеня 1945 года, у «Аўшвіц-Біркенаў» знаходзілася каля 700 дзяцей, у тым ліку каля 500 ва ўзросце да 15 гадоў. У пачатковы перыяд існавання жаночага лагера дзяцей, якія нарадзіліся ў ім, забівалі незалежна ад іх нацыянальнасці, не фіксуючы факту народзінаў у лагернай дакументацыі. З сярэдзіны 1943 года дзяцей, народжаных негабрэйкамі, пакідалі ў жывых. Дзяцей габрэйскіх вязняў звычайна забівалі да лістапада 1944 года. Паводле ацэнак гісторыкаў, у «Аўшвіц-Біркенаў» загінула больш за 200 тысяч дзяцей.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Вясной 1945 года ў канцлагеры дзейнічала савецкая камісія па расследаванні нямецкіх злачынстваў. На падставе допытаў былых вязняў яна прыйшла да высновы, што ў лагеры загінулі 4 мільёны ахвяр. Сёння мы ведаем, што гэта было каля 1,1 мільёна. Каля 90 працэнтаў з іх былі габрэямі з усёй Еўропы. Таксама ў лагеры загінула не менш за 70 тысяч палякаў, 20 тысяч цыганоў, 15 тысяч савецкіх ваеннапалонных і 10-15 тысяч вязняў іншых нацыянальнасцяў.

Агульная колькасць ахвяраў Халакоста ацэньваецца амаль у 6 мільёнаў чалавек, трэць з якіх складалі дзеці.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У наступныя месяцы савецкія і польскія камуністычныя ўлады арганізавалі на месцы былога канцлагера працоўны лагер для нямецкіх ваеннапалонных і лагер для фольксдойчаў. Праца па стварэнні музея ў былым лагеры «Аўшвіц-Біркенаў» пачалася ў 1946 годзе. Ён быў адкрыты 14 чэрвеня 1947 года на месцы былых лагераў « Аўшвіц І» і «Аўшвіц ІІ-Біркенаў». Нямецкі нацысцкі канцэнтрацыйны лагер – стаў міжнародным сімвалам Халакоста.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 2005 годзе Генеральная Асамблея ААН устанавіла ў гадавіну яго вызвалення Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. У гэты дзень ушаноўваецца памяць ахвяраў, забітых немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Згаданы дзень з'яўляецца заклікам супрацьстаяць любой форме Халакоста; звяртае ўвагу на неабходнасць адукацыі і памяці, каб не дапусціць падобных падзей у будучыні.
Былы нацысцкі канцлагер «Аўшвіц-Біркенаў» – у цяперашні час адзін з самых важных мемарыяльных месцаў Халакоста. Дзяржаўны музей, які ўзнік на яго тэрыторыі выконвае даследчыцкую і адукацыйную ролю – збірае, распрацоўвае, захоўвае і забяспечвае доступ да дакументаў і паслялагерных артэфактаў. Гэта таксама шакавальнае сведчанне гісторыі. Для свету гэта таксама сімвал вайны, тэрору, генацыда і Халакоста. У 1979 годзе тэрыторыя былога канцлагера «Аўшвіц-Біркенаў» была ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

На тэрыторыі музейнай установы, якая складае на амаль 200 гектарах, захаваліся арыгінальныя або часткова рэканструяваныя абʼекты, такія як: руіны газавых камераў і месцы, запоўненыя чалавечым прахам, баракі для зняволеных і кіламетры лагернай агароджы і ўнутраных дарожак.
Асноўная экспазіцыя (блокі: 4, 5, 6, 7 і 11) уключае не толькі дакументальныя фатаграфіі, фотакопіі дакументаў, макеты і скульптуры, але і гістарычныя экспанаты: адзенне зняволеных, абсталяванне баракаў і рэчы, адабраныя вязням. У кіназале можна паглядзець 15-хвілінны дакументальны фільм пра першыя моманты пасля вызвалення лагера.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Каб добра пазнаёміцца з гэтым месцам, неабходна наведаць абедзве часткі музейнай установы, якія знаходзяцца на адлегласці каля 3,5 кіламетра адна ад адной. Гэтую адлегласць можна пераадолець на бясплатным аўтобусе.

Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей «Аўшвіц-Біркенаў»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У апошні час штогод музей «Аўшвіц-Біркенаў» наведваюць больш за два мільёны чалавек з усяго свету.

аз

Варшаўская цытадэль – сімвал польскай мужнасці і паразы

20.01.2023 15:16
Менавіта ў Варшаўскай цытадэлі адбыўся заключны, драматычны акт паўстання 1863-1864 гг. – суд над кіраўнікамі нацыянальнага зрыву.