Беларуская Служба

Святлана Курс: Мне падабаюцца паламаныя людзі, людзі з гісторыяй, «збітыя лётчыкі»

28.01.2023 10:15
Святлана Курс, беларуская пісьменніца, якая больш за пятнаццаць гадоў жыве ў Польшчы. Нягледзячы на доўгі досвед эміграцыі, яна застаецца голасам беларусаў і Беларусі, часам не заўсёды кампліментарнай.
Аўдыё
  • Святлана Курс: Мне падабаюцца паламаныя людзі, людзі з гісторыяй, «збітыя лётчыкі»
  .
Пісьменніца Святлана Курс.Фота: skreenshot

Летась кніга Святланы Курс «Па што ідзеш, воўча» была ўганараваная Прэміяй Ежы Гедройца як найлепшая кніга прозы на беларускай мове за 2020 год. Святлана таксама рэгулярна піша трапныя назіранні-зацемкі ў Facebook. На сустрэчу з пісьменніцай у Варшаве прыйшло шмат людзей. Мяркую, і думкі Святланы, і яе творчасць шмат каму адгукаюцца. А ў змрочныя часы тым больш, калі кожнаму хочацца бачыць арыенцір.

Святлана Курс падчас сустрэчы з чытачамі распавяла пра тое, як яна глядзіць на жыццё ды адказала на пытанні прысутных:

– Мне цяжка пачынаць і я не ўпэўненая, што нешта новае магу сказаць, бо я столькі дала розных інтэрв’ю, што вычарпала ўвесь патэнцыял, а каб яго сабраць, трэба праца. Я не згодная напружвацца, бо высветліла для сябе, што не хачу ўжо працаваць – можа, гэта гады, а можа я даўно да гэтага ішла. Самае паскуднае для мяне – гэта нуда, а другое – высілкі скакаць вышэй за сваю галаву і старацца быць лепшай, чым ты ёсць, разумнейшай, чым ты ёсць, карыснейшай, чым ты ёсць. І жыць трэба сваё жыццё, і не таму што яно кароткае, жыццё страшэнна доўгае. А таму што жыццё класная штука. Я і яго трэба цэлебраваць, святкаваць і праводзіць так, каб не было напружання і нуды, і пажадана не рабіць гадасцяў, бо пасля пяцідзесяці гэта будзе балюча ўспамінаць.

У прысутных было даволі шмат пытанняў. І пра бягучыя падзеі, і пра містыку, якой шмат у творчасці Святланы Курс.

Каментуючы падзеі 2020 года і пазней, пісьменніца правяла паралелі паміж Беларуссю і Украінай:

– Я перакананая, што тое, што адбылося ў Беларусі, гэта аналагічна таму, што адбываецца цяпер ва Украіне. І тлумачыцца гэта «рускім мірам» і рускамірным выхаваннем пэўнай часткі беларуска грамадства. У Беларусі сутыкнуліся нацыянальны праект і праект рускага міру. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, яго рэжым, не можна лічыць дзяржаўнымі. Бо яны не выконваюць самыя галоўныя функцыі дзяржавы, якая збудаваная на нацыянальнай тоеснасці народу. Гэта акупацыйная ўлада, якая трымаецца на расійскіх штыхах. Мы памятаем, што ў разгар падзей Пуцін заявіў, калі трэба будзе падтрымаць рэжым Лукашэнкі вайсковай і карнай дапамогай, ён гэта зробіць. І наш беларускі народ, які вырашыў не распачынаць сілавую барацьбу, праявіў інтуітыўную мудрасць. Бо нас бы проста сцерлі з твару зямлі, як зараз сціраюць украінцаў. Я ў гэтым глыбока перакананая. Цяпер жа ў нас ёсць гістарычны шанец выстаяць і выбрацца.

А яшчэ пісьменніца расказала, што не змагла б напісаць кнігу пра героя, а вось лёсы так званых «збітых лётчыкаў» ёй больш зразумелыя.

Больш слухайце ў далучаным файле!

вх