Беларуская Служба

Палякі адзначаюць Год Мікалая Каперніка

30.01.2023 14:31
Сёлета выпадае некалькі гадавін, звязаных з гэтым выдатным астраномам, святаром і лекарам.
Аўдыё
  • Палякі адзначаюць Год Мікалая Каперніка
  ,    (XIX .)
Смерць Мікалая Каперніка, гравюра Аляксандра Лессера (XIX ст.)Autorstwa Aleksander Lesser - http://www.sbc.org.pl/dlibra/docmetadata?id=11997&from=latest, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=6897758

Мікалай Капернік – духоўная асоба, лекар, навуковец і адзін з найважнейшых астраномаў у гісторыі свету. Сенат Рэспублікі Польшча абвясціў 2023 год годам гэтага выдатнага навукоўца. З гэтай нагоды сёлета ў краіне запланаваныя шматлікія мерапрыемствы.

Мікалай Капернік нарадзіўся 19 лютага 1473 года ў Торуні, нагадаў астраном з тамтэйшага планетарыя Ежы Рафальскі (Jerzy Rafalski):

- Торунь – гэта «Горад Каперніка». Тут ён нарадзіўся, вырас, тут атрымаў базавую адукацыю. Аднак трэба выразна падкрэсліць, што сваёй прафесіяй ён тут не займаўся. Тым не менш у Торуні, хутчэй за ўсё, нарадзілася яго зацікаўленне астраноміяй. Магчыма ўсё пачалося на вежы гарадской ратушы, тады найвышэйшага будынку ў горадзе, на якую 19 сакавіка 1485 года, у дзень сонечнага зацьмення, Мікалай Капернік-бацька забраў свайго 12-гадовага сына. Магчыма тады хлопец падумаў, што гэта цікавая навука і добра было б пазнаёміцца з ёй.

У кафедральным саборы святога Яна Хрысціцеля і святога Яна Евангеліста ў Торуні па сённяшні дзень можна паглядзець купель, у якой хрысцілі малога Мікалая Каперніка.

Хоць Мікалай Капернік нарадзіўся ў Торуні, то свае даследаванні праводзіў у асноўным у Фромбарку на Віслінскім заліве і наогул у Варміі, кажа пробашч архікафедральнай парафіі ў Фромбарку, дырэктар Музея гістарычнага помніка Фромбарскага кафедральнага комплекса ксёндз доктар Яцэк Вайткоўскі (Jacek Wojtkowski):

- Вармія – гэта выключны рэгіён, калі мы кажам пра каноніка Мікалая Каперніка, таму, што ў нашай дыяцэзіі мы захоўваем найбольш памятных рэчаў і артэфактаў, звязаных з выдатным астраномам. Наведваючы Фромбарк мы ходзім па дарожках, па якіх калісьці хадзіў Капернік. Паводле традыцыі, тагачасны канонік меў дзве кватэры. У часе міры ён жыў у гэтак званай «вонкавай каноніі», дзе верагодна знаходзіўся таксама pavimentum – то бок месца, з якога Капернік назіраў за небам. У сваю чаргу на час вайны канонік пераносіўся ў вежу ў кафедральнай крэпасці.

Pavimentum Каперніка – гэта надалей мэта пошукаў археолагаў, нагадаў святар:

- Pavimentum – прыдумаў сам Капернік. Гэта было месца, у якім яму ўдалося вызначыць мерыдыян. Паводле адных, гэта была адмысловая драўляныя платформа і таму не магчыма знайсці ейныя сляды. Паводле іншых, платформа была пабудаваная з цаглінак. Капернік размяшчаў на гэтай платформе свае астранамічныя прылады і назіраў за зоркамі.

Фромбарк, гэта выключнае месца, звязанае з Капернікам, але не адзінае, кажа старшыня камісіі святкавання Года Каперніка ў Польшчы ксёндз доктар Томаш Гарваліньскі(Tomasz Garwoliński) з Бібліятэкі Вышэйшай семінарыі Вармінскай мітраполіі «Hosianum» у Ольштыне:

- Фромбарк – гэта месца ў якім Капернік правёў найбольш часу. Аднак апрача Фромбарка, трэба таксама сказаць пра Ольштын і Лідзбарк Вармінскі, у якім жылі вармінскія біскупы ў тым ліку дзядзька Каперкіма біскуп Лукаш Вацэнродэ (Łukasz Watzenrode), а разам з ім нейкі час таксама Мікалай Капернік.

Святар, лекар, астраном, эканаміст… Кім быў Мікалай Капернік?

- Перш за ўсё, Мікалай Капернік быў адукаваным юрыстам. Ён атрымаў дысертацыю ў галіне кананічнага права. Дарэчы, падобным чынам, як яго дзядзька. У Падуі ў Італіі ён вывучаў медыцыну. Ён лячыў свайго дзядзьку, але таксама падарожнічаў у Каралявец, дзе лячыў апошняга вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбурга-Ансбахскага. Можна сказаць, што Капернік быў тыповым «чалавекам рэнесанса».

Работа над галоўнай працай – «Пра кручэнне нябесных сфер» – працягвалася амаль 40 гадоў, астраном увесь час уносіў у яе ўдакладненні, рыхтаваў новыя астранамічныя разліковыя табліцы. Ці ён прадугледжваў, што яго праца выкліча спрэчкі, а нават будзе ўнесена ў спіс забароненых кніг?

Мікалай Капернік памёр 21 траўня 1543 года ў Фромбарку і, хутчэй за ўсё, не паспеў пабачыць апублікаванай працы свайго жыцця. Цікава, што 20 гадоў пасля смерці Каперніка нельга было вызначыць месца яго пахавання. Чаму такім чынам адбылося? Магчыма ён сам не пакінуў нашчадкам апошніх каардынатаў, датычных гэтай справы. Толькі ў 1581 годзе Каперніка ўшанавалі памятнай дошкай ля чацвёртай калоны кафедры, дзе верагодна пахаваныя астанкі астранома.

Дарэчы спробы вызначэння месца пахавання Мікалая Каперніка праводзіліся неаднойчы ў гісторыі. У 2004 годзе поспехам закончылася праца каманды археолагаў пад кіраўніцтвам прафесара Ежы Гансоўскага. Эскперты пацвердзілі, што ДНК з валасоў знойдзеных у кнігах Каперніка, супадае з ДНК астанкаў, пахаваных у фромбарскай кафедры:

- Таму эксперты вырашылі, што гэта ў 99 працэнтах астанкі Мікалая Каперніка. Менавіта таму зараз неабходна знайсці месца пахавання вармінскіх біскупаў і астанкаў дзядзькі Мікалая Каперніка біскупа Лукаша Вацэнродэ, каб атрымаць 100 працэнтную ўпэўненасць.

Нагадваем, сёлета выпадае некалькі круглых гадавінаў, звязаных з Мікалаем Капернікам. Гэта 550-годдзе з дня нараджэння Мікалая Каперніка, 480-я гадавіна смерці астранома і 480-я гадавіна публікацыі яго працы «Пра кручэнне нябесных сфер». Юбілейны год толькі ў Фромбарку і іншых гарадах Вармінска-Мазурскага ваяводства будуць суправаджаць больш за 150 мерапрыемстваў, у тым ліку канцэрты, навуковыя канферэнцыі і выставы.

PR1/аз