Беларуская Служба

Гісторык Таццяна Астроўская: Культурны супраціў – найбольш эфектыўны спосаб супрацьстаяць аўтарытарнай дзяржаве

18.02.2023 08:49
Што такое культурны супраціў мы размаўляем з гісторыкам, даследчыцай Таццянай Астроўскай і з праваабаронцай Аленай Лапцёнак.
Аўдыё
  • Гісторык Таццяна Астроўская: Культурны супраціў – найбольш эфектыўны спосаб супрацьстаяць аўтарытарнай дзяржаве
  .
Гісторык Таццяна Астроўская.Фота: Radyjo.net

Слухайце матэрыял цалкам у далучаным файле!

У таталітарных, аўтарытарных дзяржавах людзі маюць не так шмат магчымасцяў для выказвання нязгоды, свайго пратэсту і супраціву. Беларусь сёння – блізкі і зразумелы ўзор такой мадэлі. Апрача падпольных формаў ёсць яшчэ варыянт культурнага супраціву.

Што такое культурны супраціў мы размаўляем з гісторыкам, даследчыцай Таццянай Астроўскай, а таксама з праваабаронцай Аленай Лапцёнак.

Таццяна Астроўская, аўтарка гістарычнага даследавання, а таксама кнігі «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988)», адзначае, што да 1987–1988 гадоў акцыі пратэсту ў колах беларускай інтэлігенцыі былі рэдкімі, самвыдат таксама не пашыранай з’явай, да таго ж было шмат выпадкаў, калі культурныя дзеячы былі высокапастаўленымі партыйнымі функцыянерамі і падтрымлівалі нацыянальную ідэю, трымаліся высокіх маральных стандартаў, напрыклад, размова пра Ніла Гілевіча. Масіма Танка.

– Сітуацыя даволі ўнікальная, бо з аднаго боку выбух лічбавых медыя, мы мае лічбавы супраціў, а з іншага – і таталітарызм маем лічбавы. Калі глядзець на тое, што адбывалася да 2019 года, то культурны супраціў найбольш эфектыўны спосаб супрацьстаяць аўтарытарнай дзяржаве, як у савецкія часы, так і ў постсавецкія. Гэта адбывалася праз стварэнне культурнай прадукцыі, якая магла існаваць у пазацэнзурнай прасторы, і нават у афіцыйнай – тут ужо творцы ведалі, як абысці цэнзурныя абмежаванні. Калі мы гаворым пра палітычны пратэст, то трэба, каб яго заўважылі. У савецкі час рэсурс для гэтага быў абмежаваны. А калі Караткевіч публікуе «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе шмат крытыкі на той час, ці кнігу «Чорны замак Альшанскі», за якім стаялі чэргі, зразумела, такія акты супраціву больш эфектыўныя, бо можа дасягнуць шырокай аўдыторыі, — кажа даследчыца.

Калі ёсць хоць самая маленькая магчымасць ствараць нешта па-за цэнзурнымі абмежаваннямі, яна заўсёды будзе рэалізоўвацца. Гэта сутнасць чалавечага духу.

Яна заўважае, калі выйшлі вязні гулагу, гэта паўплывала на соцыум, думкі, якія цыркулявалі ў грамадскіх колах. Цяпер у Беларусі вялікая колькасць палітвязняў, палітычны пераслед закрануў шырокі пласт грамадства. Таццяна Астроўская мяркуе, што гэта сітуацыя можа даць новых грамадскіх і палітычных лідараў:

– У 1960-я, 1970-ыя, тыя, хто выходзіў з лагераў, пазней сталі палітычнымі лідарамі зменаў у 1980-ых. Безумоўна, гэтыя людзі будуць лідарамі новага беларускага грамадства, будуць весці яго да новых, істотных зменаў.

Прыкладам ствараць тое, што патрабуе тваё «я», а не сістэма, можа быць турэмная літаратура. У найноўшай гісторыі Беларусі з’явіўся цэлы пласт турэмнай літаратуры розных жанраў: ад ілюстраваных альбомаў да эпісталярнага жанру. Праваабарончы цэнтр «Вясна» мае адпаведную выдавецкую серыя «Турэмная літаратура».

Мець магчымасць пісаць, размаўляць такім чынам з самім сабой – адна з патрэбаў чалавека. І цяпер у беларускіх турмах людзей акурат часта пазбаўляюць гэтага – забіраюць паперу, алоўкі, асадкі.

«Гэта сказаў Севярынец, што пісьмо дазваляе табе застацца чалавекам, дазваляе размаўляць самім з сабой. І цяпер, калі ў людзей забіраюць гэтую ручку, не даюць пісаць, гэта фора псіхалагічнага ціску, гэта пазбаўленне базавай патрэбы», – гаворыць Алена Лапцёнак.

Прэзентацыя кніг Таццяны Астроўскай «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988)», кнігі Максіма знака «Зэкамерон». Прэзентацыя кніг Таццяны Астроўскай «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988)», кнігі Максіма Знака «Зэкамерон».


Днямі ў Варшаве прайшла сустрэча-прэзентацыя кнігі палітвязня Максіма Знака «Зэкамерон». Гэта зборнік іранічных нарысаў пра турэмнае жыццё, дзясятая кніга ў серыі «Турэмная літаратура». Максім Знак, юрыст, адвакат, член перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, асуджаны на дзесяць гадоў пазбаўлення волі.

Гісторык Таццяна Астроўская адзначае, што прырода чалавека ў тым, каб шукаць любыя магчымасці для праявы сябе, гістарычны досвед – сведчыць пра гэта: «Я думаю, ён паказвае на тое, што калі ёсць хоць самая маленькая магчымасць ствараць нешта па-за цэнзурнымі абмежаваннямі, яна заўсёды будзе рэалізоўвацца. Гэта сутнасць чалавечага духу. І ў такім сэнсе гэта хутчэй надзея, чым песімізм».

вх