У Варшаве адкрытая выстава плакатаў, прысвечаных беларускаму пратэсту 2020 года. Польскі Нацыянальны цэнтр культуры перадаў Музею Вольнай Беларусі мастацкія працы, якія былі падрыхтаваныя ў рамках конкурсу, зладжанага цэнтрам у супрацы з Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны ды Міністэрствам замежных спраў Польшчы.
Ва ўрачыстай перадачы плакатаў удзельнічаў між іншым віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Гліньскі, які адзначыў, што выстава паказвае супраціў палякаў у адносінах таго тэрору, які разгарнуў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.
- Мы разам – палякі, беларусы, украінцы – насуперак палітычным патрабаванням Крамля. Свабода нашых народаў – гэта гарантыя поспеху і развіцця ўсёй Еўропы. Польская дзяржава з самага пачатку падтрымлівае памкненне беларусаў дасягнуць поўную незалежнасць, і мы будзе далей іх падтрымліваць – да пераможнага канца. Мы сёння думкамі таксама з палітвязнямі рэжыму Лукашэнкі. Няма згоды на гэты пераслед і мы ніколі не спынім нашыя намаганні ў напрамку вызвалення палітычных вязняў і вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі. Гэты музей – выдатны прыклад барацьбы, якой вельмі баяцца дыктатары – барацьбы ў галіне культуры. Культура – гэта наша важнейшая зброя, хаця нельга забываць, якія аргументы найлепш разумеюць Пуцін і Лукашэнка. Але гэтыя аргументы знаходзяцца ў іншай плоскасці, якую мы таксама разам умацоўваем.
Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Гліньскі ў Музеі Вольнай Беларусі
На конкурс «Бел-чырвона-белы», аб’яўлены каля года таму Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Нацыянальным цэнтрам культуры, арганізатары атрымалі 243 працы, з якіх былі адабраныя 18 найлепшых. Сярод траіх пераможцаў – адна беларуска і двое палякаў. Цяпер працы папоўняць калекцыю экспанатаў Музею Вольнай Беларусі, – цешыцца дырэктарка музею Наталля Задзяркоўская.
- Гэтая ініцыятыва знайшла водгук і ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, і ў Міністэрстве культуры. Гэта добры сумесны праект, для мяне ён важны яшчэ і тым, што пасля адкрыцця выставы плакаты з гэтага конкурсу «Бел-чырвона-белы» пойдуць у фонд музею і значна яго ўзмоцняць. Адна з нашых мэтаў – гэта збор прадметаў, звязаных з беларускім пратэстам.
На ўрачыстасці прысутнічала жонка нобелеўскага лаўрэата, старшыні ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. Яна падзякавала польскаму ўраду за паслядоўную падтрымку яе мужа, а таксама іншых палітвязняў рэжыму Лукашэнкі, асабліва пасля падзей 2020 года.
- Формай падтрымкі з’яўляецца і выстава «Бел-чырвона-белы». Гэта наш сцяг, наш сімвал, сімвал абуджэння беларускага народа. Пад бел-чырвона-белым сцягам стваралі незалежную Беларусь бацькі БНР, на доўгія часы ў СССР пра сцяг не згадвалі, але ўжо маё пакаленне пачало ўздымаць гэты сцяг. Алесь першым нёс наш сцяг у будынак гарадскога савета. Алесь зараз у вязніцы, за кратамі тысячы людзей, якія выказваліся за свабоду. Спадзяёмся, і дзякуючы вашай падтрымцы, што прыйдзе час, калі беларусы выйдуць на вуліцы гарадоў, на вуліцы Вольнай Беларусі.
Наталля Пінчук у Музеі Вольнай Беларусі
Лідар руху Салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык: Выдатная прамова Наталлі Пінчук. Я думаю, яе візіт у Варшаву дасць дадатковы імпульс звярнуць увагу на катастрофу палітвязняў у Беларусі і зрабіць нейкія захады дзеля іх вызвалення. Тэрор нарастае, адтуль ідуць катастрафічна страшныя навіны, вярнулі сталінскія часы. Таму я спадзяюся, што імпрэзы, прымеркаваныя да Дня Волі, дапамогуць свету пабачыць, што Беларусь ёсць і Беларусь змагаецца.
Філосаф, грамадскі дзеяч Павел Баркоўскі: Гэта вельмі важны праект, бо ён паказвае ўзровень салідарнасці паміж беларускім і польскім народам. Тут дэманструюцца працы як беларускіх, так і польскіх мастакоў. А нашы сцягі не проста падобныя, у нас вельмі вялікая гістарычная сувязь, яна не знікла. Можна спадзявацца, што з дапамогай нашых еўрапейскіх суседзяў нам удасца аднавіць і законнасць, і дэмакратыю, і свабоду.
Старшыня варшаўскай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін: Выстава паказвае, што тэма Дня Волі актуальная, пра яго ведаюць не толькі беларусы ў Беларусі, але ведаюць і за мяжой. Конкурс, якія быў аб’яўлены на стварэнне гэтых плакатаў, кажа пра актуальнасць гэтага свята і тых падзей, што адбываюцца ў Беларусі. Беларусы змагаюцца за свабоду, церпяць вялікія рэпрэсіі. Творчасць паказвае, наколькі глыбока людзі перажываюць тэму барацьбы беларусаў за свабоду. Мы можам паглядзець на гэтую праблему з розных бакоў, пераасэнсаваць, глыбока перажыць і прапанаваць ідэі, каб Беларусь стала вольнай якасна, а не фармальна.
Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё
нг