Беларуская Служба

Год таму не стала аднаго са слупоў беларускасці і беларускай літаратуры ў Польшчы – прафесара Аляксандра Баршчэўскага

27.03.2023 18:19
Пражыўшы доўгае ды багатае на падзеі жыццё, ён унёс выдатны ўклад у развіццё навукі пра мову і літаратуру.
Аўдыё
  • Успаміны пра Алеся Барскага праз год пасля смерці прафесара
Прафесар Аляксандр Баршчэўскі Фота: kamunikat.org

Аляксандр Баршчэўскі, інакш Алесь Барскі (такі быў яго літаратурны псеўданім) нарадзіўся ў лістападзе 1930 года на Беласточчыне. Паэт, выкладчык, кіраўнік Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту, грамадскі дзеяч, фалькларыст, літаратуразнавец. Доўгі час прафесар узначальваў Літаратурнае аб’яднанне «Белавежа». 50-60-70-ыя гады мінулага стагоддзя – гэта быў вялікі ўздым беларускасці на Падляшшы. У 1956 годзе была створана «Белавежа», якая гуртавала шмат таленавітых літаратараў. Аляксандр Баршчэўскі быў старшынёй арганізацыі, а сама яна стала сапраўдным феноменам, выдатна пашырыла зацікаўленне беларускай мовай, – адзначае дырэктар беларускага ліцэю ў Бельску Падляскім Андрэй Сцепанюк, які калісьці быў студэнтам Аляксандра Баршчэўскага.

- «Белавежцы» ездзілі па школах, па вёсках – усе хацелі слухаць беларускае слова. Калі я вучыўся яшчэ ў ліцэі ў Бельску Падляскім, дасканала памятаю аўтарскія сустрэчы з Алесем Барскім. Гэтыя сустрэчы з жывым літаратурным словам і важнай постаццю, якой быў спадар Алесь, далі маладому чалавеку асумпт да таго, каб самому пачаць пісаць. Гэтая эпоха ўжо закончылася. Былі чатыры волаты беларускай літаратуры ў Польшчы: Алесь Барскі, Сакрат Яновіч, Віктар Швед і Ян Чыквін. Пасля смерці спадара прафесара, я напісаў у «Ніве», што гэта непазбежны канец эпохі. Але застаецца літаратура, кніжкі. Яшчэ многа гадоў чытачы будуць да гэтай творчасці вяртацца.

Разважаючы пра творчасць і жыццё Алеся Барскага, нельга не згадаць пра Бандары – прафесар паходзіў з гэтай вёскі. У яго было нейкае вельмі шчымлівае стаўленне да роднай зямлі, да малой Айчыны, хаця і жыў у вялікіх гарадах ды шмат ездзіў па свеце, – працягвае наш госць.

- Бандары сапраўды былі цэнтрам свету. Ён амаль усё жыццё пражыў у вялікіх гарадах, з'ездзіў увесь свет, але малая Айчына была вельмі важнай. Яна адыгрывала вельмі важную ролю ў творчасці амаль усіх паэтаў, якія пачыналі Літаратурнае абʼяднанне «Белавежа». А Алесь Барскі пісаў яшчэ ў дасканалы лірычны спосаб, у яго была лёгкасць стварэння вершаў, гэта вынікала таксама з яго дасканалага ведання беларускай літаратуры. Гэта быў найлепшы знаток беларускай літаратуры ў Польшчы, калі ён працаваў на кафедры, калі ўзначальваў кафедру.

З прафесарам можна было адчуваць сябе свабодна. Была ў ім вялікая пашана да працы, да людзей, якія зарабляюць на хлеб сваімі рукамі. І ніколі не адчувалася знявагі з яго боку – ён нікому не даваў адчуць, што ведае больш, што значыць больш, калі быў ужо вядомым паэтам, выкладчыкам, прафесарам. Сваіх студэнтаў ён запрашаў да сябе дадому, паказваў сваю славутую калекцыю самавараў, – успамінае Андрэй Сцепанюк.

- Адбываліся амаль сяброўскія сустрэчы з прафесарам. Мы маглі паразмаўляць, паглядзець яго неверагодную калекцыю самавараў, якія стаялі амаль усюды ў невялічкай кватэры. Гэта было вельмі важна – выдатны прадстаўнік навукі, літаратуравед, паэт – і мы, маладыя студэнцікі, які маглі з ім шчыра паразмаўляць. Калі ў Беластоку адзначалі юбілей яго 80-годдзя, была поўная зала людзей, галоўным чынам тых, хто быў яго студэнтамі.

А як выглядалі кантакты Алеся Барскага з гістарычнай айчынай? Ён карыстаўся пашанай у Беларусі, атрымліваў розныя дзяржаўныя ўзнагароды, але пры гэтым крытыкаваў палітыку ўладаў дзяржавы.

- Калі мы сустракаліся са спадаром Баршчэўскім, асабліва пры нагодзе алімпіяды (па беларускай мове, А. Баршчэўскі доўгі час яе ўзначальваў – рэд.), ён вельмі крытычна падыходзіў да таго, што адбываецца ў Беларусі. Ён хацеў, каб Беларусь была беларускай, ён быў натуральным носьбітам беларускай мовы. Сённяшняя Беларусь – русіфікаваная краіна, таму якія мог мець адносіны чалавек, які жыў мовай, да людзей, якія гэтую беларускасць забіваюць?!

Важная старонка з біяграфіі прафесара – яго пераклады на польскую мову. Ён быў віртуозам у валоданні як адной, так і другой мовай, шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай літаратуры ў Польшчы, у тым ліку дзякуючы перакладам. Ён таксама збіраў, публікаваў і даследаваў фальклор Беласточчыны.

нг