«Адзін/Sam» – так называецца новы зборнік вершаў выбітнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Някляева, сустрэча з якім прайшла ў Кракаве. На Віле Дэц'юша ў Кракаве адбылася сустрэча з літаратарам, які шчыра дзяліўся развагамі беларуса, які сам знаходзіцца за мяжой, а сэрца яго ў Беларусі. Гучалі і вершы, на беларускай мове і польскай, на якую зборнік нядаўна перакладзены.
Знакаміты беларускі пісьменнік Уладзімір Някляеў перш паэт, хаця мае і досыць удалую прозу. Кніга «Адзін/Sam» – паэтычны зборнік, назва якога адлюстроўвае ідэю, што пранізвае і арганізуе ўсю творчасць Някляева. Яму блізкая філасофія экзістэнцыялізму, якая сцвярджае, што імкненне да праўды і імкненне да свабоды выракаюць чалавека на духоўную адзіноту, неразуменне, адчужэнне і выгнанне. Творы, сабраныя паэтам у зборнік розныя і лірычныя, і грамадзянскія, і нават ці не эпічныя. Адзін з вершай ён спачатку напісаў як частку новай паэмы-рэфлексіі «Вайна, якой няма» пра падзеі ва Украіне. Верш настолькі трапна перадае сутнасць цяперашняга расейскага войска і яго папярэдніка войска савецкага, што нават жонка Уладзіміра адгаворвала яго ад уключэння ў паэму. Але аўтар верш захаваў і прачытаў у Кракаве. Гэта Някляеў, ён інакш не можа.
Някляеў кажа, што цяперашняя вайна – самая подлая на свеце, бо як ні браталі народы ў савецкія часы, а вот дайшло да такога кровапраліцця. Паэт прарочыць, што ўсё самае страшнае яшчэ на перадзе, што падзеі ва Украіне – прадвесце трэцяй сусветнай. Можа гэта і перабольшванне, але беларускі літаратар вельмі ярка паказаў, што свет пакуль рэагуе даволі вяла на ўкраінскія падзеі, шмат людзей – і простых, і элітаў, жывуць так, як быццам не адбываецца нічога, займаючыся сваімі будзённымі справамі. Але побач подых ваеннага полымя, якое не шкадуе нікога, кажа Някляеў
Не толькі перажываннямі на конт жудаснай вайны ва Украіне дзяліўся паэт з кракаўскай публікай. Вялізны боль ён адчувае і нават злосць за сваіх сяброў па палітыцы і творчасці (а якая творчасць у Беларусі не палітыка?). Многія зараз у турмах. Па падліках праваабаронцаў, у лукашэнкаўскіх вязніцах зараз знаходзяцца 30 палітвязняў, якія з’яўляюцца літаратарамі. Някляеў успамінаў Алеся Бяляцкага, як пазнаёміліся ў Гомлі, як цяперашні нобэлянт калісьці кіраваў аб’яднаннем маладых літаратараў «Талака». І канешне больш за ўсё на свеце паэт і грамадзянін Някляеў хацеў бы, ка ўсе вязні, не толькі яго сябры і знаёмыя, былі на волі, маглі тварыць. А пакуль яны там, і перажываюць пакуты і зняважлівае стаўленне іншых людзей да сябе, такое, што нават звяроў здзіўляе. Што і перадаў Някляеў у яшчэ адным сваім вершы.
Уладзімір Няклаеў не толькі выбітны паэт, але і чалавек неверагоднай мужнасці, які часта ставіў вернасць сваім ідэалам вышэй за рызыку страціць свабоду ці нават жыццё. У свой час, пасля спробы стаць прэзідэнтам на выбарах у Беларусі, пакрыўджаны і самотны нават у сваёй камеры, ён не губляў надзеі на свабодную дэмакратычную Беларусь. Не будзем страчваць гэтай надзеі і мы. Гэтую кнігу трэба было напісаць, таму што Уладзімір Няклаеў – гэта голас не аднаго пакалення беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны.
Казімір Шчадковіч