У гісторыі беларускага народу можна вылучыць тры вялікія хвалі эміграцыі з роднай зямлі: першая – пасля Першай сусветнай вайны, другая – пасля Другой сусветнай вайны і трэцяя – пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Дарэчы, за Лукашэнкі з краіны пастаянна з'язджалі творчыя людзі, якім цяжка было змірыцца з парадкамі дыктатара.
Беларускімі эмігрантамі папярэдніх хваляў былі, напрыклад, выдатны прадстаўнік класічнага мадэрнізму, Хаім Суцін, які выехаў у Францыю, таксама Марк Шагал, які з Віцебска праз Санкт Пецярбург эміграваў у Францыю, быў кароткі час у Польшчы, ЗША, Грэцыі, Ізраілі. Працяглы час у біяграфіях мастакоў не згадвалася беларускае паходжанне. Але памалу гэта мяняецца. Працуюць над гэтым дзеячы апошняй хвалі эміграцыі.
Якія шанцы і якія пагрозы для сучаснага беларускага мастацтва ў замежжы?
Андрэй Дурэйка, мастак, куратар, які ў Нямеччыне жыве ўжо амаль 25 гадоў, кажа: «Не трэба гэтага баяцца».
- Гэта, канешне, трагедыя, але мастацтва працуе з драмай, трагедыяй. Нам трэба далей працаваць, бо па крупінках збіраецца нешта. 20 гадоў у нас казалі, што нічога няма: няма інстытуцыі, няма акадэміі, школаў, галерэй. А мой адказ быў такі: Але мастакі ёсць. Іх не мала. З маёй генерацыі выехала некалькі дзясяткаў. Гэтыя мастакі рабілі такое мастацтва, якога ў Беларусі не было і няма да сённяшняга дня. Той дэфіцыт, які быў у Беларусі яны сабой пакрывалі. Сёння, калі выехалі сотні тысяч людзей, у тым дзясяткі тысяч дзеячаў культуры, няма чаго баяцца! Мы сёння змагаемся за тэрыторыю. Гэта не мадэрновы падыход. Што бы маглі сказаць яўрэі, пакуль не атрымалі Ізраіль, што маглі б сказаць армяне, ці іншыя народы, якія вандравалі. Мы, проста, увайшлі ў намадычную стадыю, але гэта вельмі вялікая плынь. Гэтыя сотні, дзясяткі людзей, якія хацелі жыць у Еўропе, яны ўжо ў Еўропе.(...) Я з 2008 года складаю штомесячны бюлетэнь пра беларускія выставы за мяжой. Калісьці я іх рабіў з ілюстрацыямі. Сёння, калі ў месяць адбываецца да 70 імпрэзаў па Еўропе з удзелам беларускіх мастакоў, то гэта ўжо немагчыма зрабіць аднаму чалавеку. Такой актыўнасці ў гісторыі беларускага мастацтва ніколі не было. Гэта значыць, што кожны дзень нехта з кімсьці кантактуе на прафесійным узроўні. Беларускія мастакі ўваходзяць у тыя дзверы, пра якія раней людзі ўвесь час толькі марылі, каб яны адчыніліся, напрыклад у наступным годзе малады беларускі куратар Аляксей Барысёнак як беларускі куратар будзе курыраваць пражскую «Біенале». Гэта дасягненне!
Як доўга мастацтва ў самой Беларусі можа існаваць у падполлі?
- У самой Беларусі мастацтва рознае. Мы не кажам, што яно ўсё ў падполлі. Хутчэй некаторыя людзі ўвогуле не працуюць, або працуюць у шуфляду. Ці змогуць сёння беларусы адбудаваць андэграўнды рух, як гэта было напрыклад, у савецкія часы, альбо ў часы акупацыі?
Андрэй Дурэйка атрымаў тры запрашэнні рыхтаваць выставу пра Алеся Пушкіна:
- Гэта вельмі дзіўная геаграфія – прапанова была з Бразіліі, другая з Берліна і цяпер з Вільні.
Андрэй Дурэйка быў удзельнікам Першага Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі, які нядаўна праходзіў у Варшаве.
яс
Слухайце далучаны файл