Беларуская Служба

Сяргей Будкін пра канцэпцыю Мінкульта: Прапануецца выпаленая зямля

28.09.2023 13:05
У Міністэрстве культуры Беларусі падрыхтавалі дакумент аб развіцці нацыянальнай культуры.
Аўдыё
  • Сяргей Будкін пра канцэпцыю Мінкульта: Прапануецца выпаленая зямля
.
..

Калі расказаць пра яго адным сказам, то канцэпцыя прапануе абараніць усе сферы культуры ад замежных уплываў. 

Чыноўнікі з беларускага Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прэзентавалі накід пад назвай «Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024 – 2026 гады». На абсурднасць дакументу звярнуў увагу кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, які перакананы, што дакумент мае ўсе шанцы стаць найбольш абсурдным афіцыйным дакументам за ўвесь час існавання рэжыму.

Неабходнасць такога праграмнага дакументу тлумачыцца «негатыўным уплывам палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў і каштоўнасцяў замежнага паходжання і створаных на іх аснове культурных прадуктаў». За мэту ставіцца забеспячэнне культурнай бяспекі Беларусі, стварэнне нацыянальнай культурнай прасторы, якая здольная забяспечыць духоўныя патрэбы грамадзян і выхаванне патрыётаў Беларусі.

Сяргей Будкін звяртае ўвагу, што па самой назве канцэпцыі можна меркаваць пра ступень абсурду, паколькі аўтары хочуць ахапіць усе сферы жыцця грамадства і ўзяць іх пад кантроль. Ужо ва ўводзінах адкрываецца непакой і трывога аўтараў, якія занепакоеныя пагрозамі звонку:

- Па факце прапанова ў тым, каб цалкам закрыць усе сферы культуры ад замежных уплываў. Гэта калі адным сказам пераказаць увесь дакумент. Узяць пад поўны кантроль усе сферы жыцця і пазбегнуць замежных уплываў, пералічваецца якім чынам. Гаворка ідзе пра адмову ад усіх замежных святаў, прыводзіцца Хэлоўін і дзень св.Валянціна. Аўтараў таксама непакоіць факт набыцця замежнай літаратуры ў бібліятэках, што, на думку аўтараў, негатыўна ўплывае на традыцыйныя духоўныя каштоўнасці беларусаў. Таму ўсё ідзе да спынення закупкі замежнай літаратуры, каб абараніць унутраны выдавецкі рынак. Таксама хочуць павялічыць удзельную вагу фільмаў і спектакляў беларускай вытворчасці праз прынцып культурнага замяшчэння. Прычым напісана, што створаныя на дзяржаўную замову. Мастакам прапануецца ствараць на замову не менш за 21 твор штогод. Гэта ўжо бачна на прыкладзе кінапракату. Апошнія тыдні рэйтынгі ўзначальвае прапагандысцкі фільм «На другім беразе», ён абагнаў «Барбі», «Апенгеймера», «Пасля. Назаўсёды». Цалкам зразумела чаму, бо быў уключаны адміністрацыйны рэсурс і людзей заганялі пад прымусам. У прынцыпе, нічога новага, акрамя таго, што фармулёўкі становяцца больш жорсткімі і страшнымі. Размова ідзе пра паўночнакарэйскі варыянт, дзе не будзе месца нічому жывому. Прапануецца выпаленая зямля.

Асобна Сяргей Будкін звяртае ўвагу на моўную палітыку, пра якую ў канцэпцыі таксама ідзе гаворка. Аўтары дакументу дэманструюць сваю заклапочанасць праблемай бытавання абедзвюх дзяржаўных моў. Адзначаецца што, праблемай існавання беларускай мовы з'яўляецца звужэнне яе існавання ў жывой размоўнай мове грамадзян. Што да расійскай, то аўтараў непакоіць засмечванне гэтай мовы лаянкаю і замежнымі неалагізмамі ды выкарыстанне ангельскамоўных найменняў юрыдычнымі асобамі. Колькасць замежных слоў у назвах прапануецца скараціць, а за лаянку і непавагу да абодвух моваў прапануецца ўвесці адказнасць.

-То бок няма разумення, што такое культура, гісторыя, што такое Айчына, нацыя, то бок базавых прынцыпаў, з якімі трэба разабрацца, калі ствараеш дакумент такога маштабу. Тут няма разумення, што такое мова, што яе немагчыма кантраляваць, асабліва зʼяўленне замежных неалагізмаў. Карацей, нелагічна, непаслядоўна, дзіка, глупа, страшна. Розныя эмоцыі пасля прачытання, зразумела, што гэта пісалася людзьмі далёкімі ад абазначанай імі мэты выхаваць патрыётаў Беларусі. І стварыць нацыянальную культурную прастору. У дакуменце падкрэсліваецца падыход рэжыму да культуры. Яна прызнаецца як тое, што мусіць абслугоўваць задачы рэжыму па яго выжыванні. Яна не прызнаецца нечым самастойным і жывым. Замест таго, каб ствараць умовы для развіцця, гэтыя ўмовы звужваюць да існавання ў шклянцы, – каментуе Сяргей Будкін.

Пакуль гэта толькі канцэпцыя, да канца верасня ідзе абмеркаванне дакументу.

ав

слухайце аўдыё