Беларуская Служба

«Мы прасоўваем беларускую музыку, а за ёй з’яўляецца беларуская мова…»

30.09.2023 19:00
Беларускія ўцекачы ствараюць у Польшчы музыку.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: zblaster/Shutterstock

Яны зарабляюць на жыццё тым, што працуюць у кавярні. А ўвесь вольны час аддаюць на стварэнне беларускага кам’юніці, імкнуцца прасоўваць маладых беларускіх выканаўцаў і ў цэлым беларускую культуру. Вучацца ў палякаў арганізацыі канцэртаў на вялікай сцэне і ўпэўнены, што свой досвед прыменяць у Беларусі.

Прыехалі ў іншы свет

Мікіта і Дзяніс апынуліся ў Польшчы ў 2020-ым годзе. Дзяніс у свой час узначальваў моладзевую арганізацыю БНФ, быў адлічаны за палітычную дзейнасць з універсітэту. Пачаў працаваць кухарам і займацца музыкай, рабіў хіп-хоп па-беларуску і нават стаў вядомым сярод аматараў такой музыкі.  Падчас пратэстаў браў у іх удзел.

Мікіта скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці гукарэжысёр. Займаўся музыкай, удзельнічаў у розных музычных гуртах.

З’язджаць з Беларусі хлопцам давялося ў першых шэрагах, паколькі іх сяброў ужо пачалі затрымліваць. У Польшчы хлопцы, як самі распавядаюць, апынуліся ў цалкам іншым свеце.

Мікіта згадвае, што працаваць па сваёй прафесіі гукарэжысёрам не змог. Паводле яго, у польскіх кавярнях і рэстаранах, дзе адбываюцца канцэрты, гукарэжысёраў наагул няма, а што датычыць працы на вялікіх сцэнах, то тут паўстала іншая праблема.

- Мне, як чалавеку, які не ведаў польскую мову, было складана размаўляць з музыкамі. Я не разумеў усіх спецыфічных словаў, якія ўжываюцца ў нашай прафесіі. Паўстаў гэты моўны бар’ер, які пацягнуў за сабой псіхалагічны. Я адчуваў сябе такой белай малпай сярод іх. Я не разумеў, аб чым яны гавораць, а яны не разумелі мяне. Мы былі людзьмі з розных міроў.

Абодвум хлопцам, каб утрымацца, здымаць кватэру і за нешта жыць, давялося працаваць кур’ерамі на дастаўцы ежы. Вось, як пра гэта згадвае Дзяніс.

- Я на ровары дастаўку рабіў і зімой было цяжка, але агулам, калі цёпла на вуліцы, то мне нават падабалася. Я адзяваў слухаўкі, уключаў музыку, ехаў і думаў пра сваё. Атрымалася дзякуючы гэтай працы трохі зарабіць грошай і стаць на ногі. А потым пачаў сацыялізавацца, пазнаёміўся з творчымі хлопцамі і мы пачалі рабіць тут актыўнасці, ствараць ініцыятывы.

Аб’яднала беларуская кавярня

У выніку хлопцы пачалі працаваць у беларускай кавярні МЫ, а вольны ад працы час скіравалі на тое, каб увасабляць у жыццё свае ідэі. У кавярні арганізоўвалі канцэрты напачатку проста з сваіх наведвальнікаў, потым пачалі запрашаць больш вядомых выканаўцаў. Наагул, тут панавала творчая атмасфера, праводзілі самыя розныя варштаты. Калі пачалася вайна ва Украіне, то кожны дзень без выходных рабілі абеды для ўкраінскіх уцекачоў.

- Я рабіў варштаты пра музыку, знаёміў з навыкамі гукарэжысёра. Мы пісалі і разбіралі песні. У нас тут ёсць манітор, рабілі студыю, выконвалі свае песні. І на падставе гэтага ў нас склалася такое кам’юніці.

Дзяніс зрабіў свой канцэрт, які ўсім спадабаўся. Пасля гэтага вырашылі працаваць разам, бо бачылі перад сабой агульную мэту: прасоўваць беларускую культуру на чужыне. Больш таго, Дзяніс кажа, што ён даўно марыў аб стварэнні беларускага кам’юніці для прасоўвання беларускіх выканаўцаў.

- У Мікіты была ідэя стварыць Лэйбл. І гэта як раз тое чым я хацеў займацца, а таму адразу прапанаваў дапамагчы яму развіваць гэтую ідэю. І вось паціхеньку мы раскручваемся, такімі маленькімі крокамі ідзём - робім невялікія канцэрты.

Дзяніс кажа, што такія канцэрты шмат даюць людзям і ўзгадвае выступ Памідорава.

- Яго выступ быў вельмі файны – людзей зарадзіў энергіяй. Было шмат гледачоў і ўсе засталіся задаволенымі… Крута атрымалася.

На беларускія песні і мову ёсць запыт, як ніколі

На падставе ўжо свайго досведу хлопцы рыхтуюцца рабіць большыя канцэрты і ўжо не ў сваёй кавярні, а знаходзяць большыя пляцоўкі, прасоўваючы пры гэтым беларускую музыку.

- Мы намагаемся найперш прасоўваць беларускую культуру, а таму імкнёмся, каб у нас было не менш за 80% беларускамоўных выканаўцаў. Трэба, каб гэта было трэндам, каб людзі пачалі слухаць беларускую музыку, пачалі размаўляць па-беларуску. І зараз, дарэчы, на гэта ёсць запыт, як ніколі.

Дзяніс, у сваю чаргу дадае, што многія артысты, якія апынуліся ў эміграцыі, не паспяваюць за гэтымі працэсамі, а таму іх задача дапамагаць такім ствараць менавіта беларускую культуру.

- І зараз такі вельмі зручны момант для маладых музыкаў, бо калі імкнуцца ствараць сапраўдную музыку, то можна хутка стаць заўважным на фоне таго, што няма вялікай канкурэнцыі ў беларускай музыцы, а запыт на яе ўжо ёсць. Да нас прыходзіць шмат маладых людзей і вельмі цешыць тое, што многія размаўляюць па-беларуску. Адчуваецца такі ўздым нашай культуры.

Вучымся ў палякаў, як ствараць музычную індустрыю

Дарэчы, як не складана здагадацца, робяць усё гэта хлопцы пакуль на адным энтузіязме, грошай на гэтым не зарабляюць. Але гэта зусім не азначае, што не думаюць аб тым, як гэта рабіць у будучым. Яны прызнаюць, што з беларускім кантэнтам гэта пакуль зрабіць не проста. Да ўсяго, ніхто з іх пакуль не мае дастатковага досведу, як працаваць з папулярнымі артыстамі і арганізоўваць іх канцэрты.

- Таму мы пакуль вучымся ў палякаў. У іх невялікая краіна, але тут усе слухаюць польскую музыку. Калі паглядзець колькі праглядаў ёсць на ютубе ў вядомага выканаўцы – гэта вельмі шмат. Таму мы проста вучымся, глядзім, як яны гэта робяць, бярэм іх досвед. І крок па кроку, робячы падчас памылкі, разумеем, як і што далей нам рабіць.

Дзяніс, паколькі сам піша песні, стварае трэкі кажа, што ў яго няма такога, каб арыентавацца толькі на эмігрантаў. Паводле хлопца, палова яго слухачоў знаходзяцца ў Беларусі.

- І калі тое, што мы зараз робім, пасля вяртання ў Беларусь, нашы здабыткі могуць стаць добрым штуршком для таго, каб зрабіць у Беларусі цэлую індустрыю. І вось тады на гэтым можна будзе зарабляць. І, канешне, марым, што некалі гэта адбудзецца і мы зможам жыць за тое, што робім сваю любімую справу. Але зараз на сваім унутраным энтузіязме таксама можа гэта рабіць і доўгі час.

Як прыклад, Дзяніс звяртае ўвагу на тое, як усё адбылося ва Украіне, калі там урэшце на  ўсіх каналах загучалі свае нацыянальныя песні, з’явіліся свае хіты і выканаўцы.

- Яны ў свой час адмовіліся ад расейскай індустрыі, ад гэтых клешняў, якія пажыралі ўсё навокал сваёй музыкай і культурай наагул. Думаю, у Беларусі гэты працэс адбудзецца сам па сабе і тады наагул можна будзе казаць пра грошы для артыстаў і г.д.

Свае мары будзем здзяйсняць у сваёй краіне

Абодва хлопцы кажуць, што свае мары яны абавязкова будуць здзяйсняць у сваёй краіне і вераць у гэта. Мікіта прызнаецца, што сумуе па дому і вельмі хоча туды вярнуцца.

- Усё, што мы зараз тут робім, яно зможа працаваць і ў Беларусі. І ўсё гэта можна туды перанесці і там яно таксама запрацуе.

Дзяніс распавядае, што раней у яго пісаліся пераважна палітычныя песні, але за тры гады ў эміграцыі шмат што змянілася і ў творчасці. Паводле яго, ён настолькі любіць Беларусь, што фізічна знаходзіўся ў Польшчы, а маральна заўсёды быў там.

- І толькі зараз зразумеў, што я тут жыву сваё жыццё і песні мае таксама эвалюцыянавалі. Я трошкі адышоў ад гэтага і пішу пра каханне, пра прыгожых дзяўчат. І бачу, што людзі гэта адчуваюць, бо гэта прынесла свае вынікі: нашмат больш людзей пра мяне даведалася. Проста цяпер я пішу пра сваё жыццё, пра тое, як яго бачу…

Павел Залескі