Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: кампазіцыя Эвеліны Рос «Nic tu po mnie»

02.11.2023 16:05
Эвеліна Рос, жывучы ў Аўстраліі, пазнаёмілася з культурай так званага баскінгу, то бок вулічных выступаў.
Аўдыё
Evelina Ross w Czwórce.
Evelina Ross w Czwórce.Aleksandra Jasińska/Czwórka

У музычна-моўнай рубрыцы я хачу сёння прадставіць кампазіцыю маладой жанчыны, якая вялікую частку свайго жыцця правяла ў Аўстраліі. У 2020 годзе яна вярнулася ў Польшчу, але з жыцця за мяжой застаўся псеўданім, пад якім пяснярка выступае на сцэне. Завуць таленавітую дзяўчыну Эвеліна Рос (Evelina Ross), сапраўднае прозвішча Расіньска (Ewelina Rosińska). Прырода надзяліла яе прыемным голасам і прывабнай знешнасцю, дзяўчына ўжо запісала некалькі музычных сінглаў, марыць пра выпуск уласнага альбому, пакуль што працуе над яго падрыхтоўкай.

Эвеліна Рос, жывучы ў Аўстраліі, пазнаёмілася з культурай так званага баскінгу (анг. busking), то бок вулічных выступаў. Пасля вяртання ў Польшчу яна, як і ў Сіднеі, пачала выступаць на вуліцах, між іншым, у Варшаве ды Сопаце. Як яна сама кажа, такім чынам, граючы на вуліцы, яна спрабуе стварыць у Польшчы сваю маленькую Аўстралію.

Эвеліна Рос нядаўна выпусціла свой новы сінгл пад назвай «Баязлівец» (Tchórz). «Часам я страшэнны баязлівец, а часам смелы і рашучы чалавек. Я спяваю пра тое, як часам я адчуваю сябе баязліўцам на 100%, таму што гэта якраз той дзень, калі я адчуваю сябе няўдачніцай, а на наступны дзень я магу зрабіць усё што заўгодна (...). Гэтая песня – спалучэнне радасных гукаў і сумных слоў. Гэта адлюстраванне таго, што ўнутры мяне», – распавяла аўтарка кампазіцыі.

Дзяўчына прызнаецца, што ў яе назбіралася ўжо цэлая шуфляда гісторый, з якіх яна будзе пісаць новыя песні. Гэта гісторыі з яе жыцця. А паколькі характару пяснярка ўласцівая вялікая асцярожнасць і разважанні перад тым, як зрабіць новы крок, яна пакуль што толькі марыць пра альбом, але не хапае смеласці яго выпусціць. А я прапаную вашай увазе песню ў выкананні Эвеліны Рос пад назваю «Nic tu po mnie».

Który już raz będę się bać
Kochać i wiać gdzie mogę
Bladą mam twarz, schowam ją w piach
Sam widzisz nic tu po mnie
Nie zrozum mnie źle, chciałam być fair
Co najlepsze mam dać tobie
Nie szukaj słów, błądzisz i tu
Zimno jest w każdym kącie
Najciemniejsza noc nie pozwala spać
Gra melodia do niej tańczę już od lat
Nie zanucisz jej inaczej
Łatwiej poddać się, no raczej
Odwrócona twarz i grymas co się wdarł
Nieraz mi brak na poduszki walk
Że będziesz za dziesięć po mnie
Jak mogę chcieć teraz to mieć
Gdy jesteś, uciekam wzrokiem
Nie zrozum mnie źle
Nie umiem być fair
I we dwoje żyć się boje
Kto mnie tam wie, kto mnie tam wie
Już nie zaufam sobie...

Каторы ўжо раз я зноў буду баяцца. Кахаць і збягаць куды толькі магу. У мяне бледны твар, я схаваю яго ў пясок. Ты сам бачыш, я тут лішняя. Не зразумей мяне няправільна, я хацела быць справядлівай. Усе найлепшае даць табе. Не шукай слоў, ты згубіўся і тут. Холадна ў кожным куце. Самая цёмная ноч не дае мне спаць. Гучыць мелодыя, пад яе я танцую гадамі. Ты не будзеш яе спяваць па-іншаму. Лягчэй здацца, ну, так. Адвярнуўся твар, на ім грымаса. Часам мне не хапае бітвы падушкамі. Што ты будзеш без дзесяці ў мяне. Як я магу хацець цяпер гэта мець. Калі ты тут, я адводжу позірк. Не зразумей мяне дрэнна... Я баюся жыць удваіх. Хто мяне ведае... Я больш сабе не давяраю...

Пачну разгляд тэксту кампазіцыі з загалоўка. Гэта фразеалагізм, які можа быць незразумелы на першы позірк.

Nic tu po mnie – гэты сказ нельга перакладаць даслоўна. Блізкае па значэнні беларускае «Я тут лішняя» або «я перашкаджаю». Скажам, калі пры нас двое блізкіх людзей сварыцца, мы так можам падумаць – nic tu po mnie, я лішняя, я непатрэбная.

Kochać i wiać – кахаць і ўцякаць. Wiać – гэта дзьмуць, але таксама ў пераносным значэнні – хутка збягаць, уцякаць.

Bladą mam twarz, schowam ją w piach – у мяне бледны твар, я яго схаваю ў пясок. Палякі, таксама, як і беларусы, кажуць «хаваць галаву ў пясок», што азначае «баяцца прыняць рашэнне, адмаўляцца браць на сябе адказнасць». Існуе меркаванне, што ў сітуацыі пагрозы галаву ў пясок хаваюць страусы, але гэта не праўда, проста яны так нізка трымаюць галаву каля зямлі, што здаецца, быццам бы яна схаваная ў пяску.

Chciałam być fair – я хацела быць справядлівай, быць сумленнай. Тут ужыты ангельскі выраз, а па-польску гэта гучала б: być w porządku, być uczciwym.

Będziesz za dziesięć po mnie – ты будзеш без дзесяці (прыедзеш без дзесяці па мяне).

нг


Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы