Беларуская Служба

Фемінісцкая літаратура падсвечвае структуры прыгнёту - аўтарка і феміністка Тоні Лашдэн

11.03.2024 11:26
Тоні Лашдэн падкрэслівае, што для яе фемінісцкая літаратара – гэта літаратура, якая ў шырокім сэнсе працуе з тэмай прыгнёту.
Аўдыё
  • Фемінісцкая літаратура падсвечвае структуры прыгнёту - аўтарка і феміністка Тоні Лашдэн
Зборнік «Карані/Лісце».

Беларусь на працягу доўгага часу знаходзілася пад уплывам суседніх імперый. Якім можа быць беларускае дэкаланіяльнае пісьмо, і чаму яно наогул актуальнае для Беларусі? Пошукам адказу на гэтае пытанне займаліся ўдзельніцы лабараторыі фемінісцкага каланіяльнага пісьма. Вынікам іх працы стаў зборнік тэкстаў «Карані/Лісце». 

Кніга «Карані/Лісце» стала вынікам групавых дыскусій, супольнага пісьма і самастойных даследаванняў аўтарак. «Мы спадзяемся, што шматгалоссе, прадстаўленае ў гэтым зборніку, зробіць свой унёсак у дыскусіі пра мінулае, сучаснае і будучыню вольнай Беларусі», – пішуць укладальніцы ва ўступным слове.

Дэкаланіяльнае пісьмо – гэта напрамак літаратуры, які ў першую чаргу працуе са стратэгіямі вызвалення – палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі – з-пад прыгнёту мінулых ці сучасных імперый, расказвае Тоні Лашдэн:

-На прыкладзе Беларусі зразумела, што адной з такіх імперый з’яўляецца Расія, але ёсць і іншыя імперыі, якія ўплывалі на гісторыю Беларусі, напрыклад, Польшча. Мы даследавалі, як гэтыя сузалежнасці і заблытанасці, напрыклад, паміж гісторыяй Беларусі і Савецкага Саюзу, Беларусі і Польшчы, гісторыяй Беларусі і дыяспараў з Арменіі пераплятаюцца ў асабістым сямейным жыцці і асабістым жыцці аднаго чалавека. Мы шукалі, як пра гэта можна гаварыць і пісаць. У нашым зборніку аўтаркі шукалі крэатыўныя спробы гэты досвед абазначыць. Напрыклад, яны выкарыстоўвалі беларускую і рускую мову ў адным тэксце, беларускую і грузінскую, ці ўвогуле пісалі на англійскай мове. Пісалі пра свой досвед жыцця ў Беларусі, досвед палітычнага прыгнёту, з якім яны сустракаліся, калі жылі ў Беларусі.

Тоні Лашдэн падкрэслівае, што для яе фемінісцкая літаратара – гэта літаратура, якая ў шырокім сэнсе працуе з тэмай прыгнёту:

-Яна не толькі пра тое, як жанчына сваім целам ці досведам асэнсоўвае гэты прыгнёт, але як супольнасць вакол нас гэты прыгнёт падтрымлівае. . Яна паказвае, як у межах аднаго жыцця гэты прыгнёт можа фармулявацца ў досвед сексуальнага ці фізічнага гвалту. Як гэты досвед можа станавіцца досведам дзяржаўнага гвалту. Для мяне фемінісцкая літаратура – гэта тая, якая прыносіць гэтыя тэмы ў больш шырокае літаратурнае кола і ставіць іх у цэнтры.

Лабараторыя ладзілася Архівам беларускага фемінісцкага пісьма «Расцяжэнне» і літаратурным зінам «Фігуры». Праца аб’яднала літаратарак, якія цяпер жывуць у розных краінах. 

слухайце аўдыё

ав