Беларуская Служба

Стала вядома, як у Беластоку беларусы адзначаць угодкі БНР

19.03.2024 07:02
Сярод падзей – вялікі канцэрт з удзелам зорак беларускай музыкі.
Аўдыё
  • Стала вядома, як у Беластоку беларусы адзначаць угодкі БНР
,
Рысунак, падрыхтаваны на святкаванне ўгодкаў БНРБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Гісторыя святкавання ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Беласточчыне сягае яшчэ паловы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. У тыя часы адзначэнне адбывалася неафіцыйна і нават нелегальна.

Усё змянілася пасьля трансфармацыі ў Польшчы – цяпер святкаванні маюць урачысты характар.

У гэтым годзе 106-я ўгодкі БНР плануецца адзначыць яшчэ больш урачыста: яны працягнуцца тры дні, расказала намеснік дырэктара беластоцкага Цэнтру беларускай культуры Ілона Карпюк.

- Святкаванні ў нас будуць доўжыцца тры дні, бо зараз у Беластоку існуе вялікае, заангажаванае беларускае асяроддзе, якое кожны дзень цаглінка па цаглінцы дадае нешта ад сябе.
Такім чынам будзе і конкурс, і забег, і адкрыты мітынг у цэнтры гораду – 24 сакавіка ў нядзелю.

У сам Дзень Волі будзе, вядома ж, традыцыйнае ўрачыстае святкаванне. Таксама ў нядзелю запрашаем праваслаўных вернікаў на літургію і малебен за беларускі народ у царкву Яна Багаслова ў Беластоку.

Так, што такіх невялікіх падзеяў на працягу ўсіх выходных з 23 да 25 сакавіка будзе адпаведна шмат. А святкаванне завершым урачыстым канцэртам, адным з галоўных арганізатараў якога з’яўляецца Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.

Ілона Карпюк       фота аўтара
Ілона Карпюк фота аўтара

Гэта будзе маштабная падзея...

- Маштабнасць, можна сказаць, атрымалася падчас падрыхтоўкі. Першым штуршком да арганізацыі гэтага канцэрту стала тое, што мы даведаліся пра тое, што оперны спявак Ілля Сільчукоў, які цяпер пражывае і працуе ў Бостане ў Злучаных Штатах, хацеў адсвяткаваць Дзень Волі з беларусамі ў Еўропе, бліжэй дому. Мы падумалі, што калі ў яго ёсць такое жаданне, а наш цэнтр можа дазволіць фінансава, то зладзім канцэрт з удзелам Іллі. Спачатку думалі пра камерны выступ, але крок за крокам з'яўляліся людзі, якія да гэтай ідэі ставіліся вельмі станоўча, і мы палічылі, што варта рызыкнуць і зрабіць крок далей. Калі ёсць артыст, ёсць ідэя, калі ў людзей ёсць жаданне пазнаёміцца з беларускай музыкай і культурай (...), то чаму б не ўкласці больш часу і энегріі ды не зрабіць маштабны канцэрт.
Дзякуючы такім адважным ідэям атрымалася сабраць аркестр, калектыў, у які ўвайшлі прафесійныя музыканты з Беларусі, якія на што дзень актыўныя ў варшаўскім «Вольныі аркестры». Акрамя таго, да нашага аркестру на Дзень Волі далучыліся прафесіяналы з аркестраў Польскага радыё і Варшаўскай оперы. Такім чынам, 25 сакавіка артысты выступяць на сцэне Падляскай оперы і філармоніі.
Акрамя аркестра і Іллі Сільчукова, будуць іншыя салісты. Так, будзе Юлія Еўтухоўская, якая ў Польшчы выступала на розных прэстыжных оперных фестывалях, выконвала оперныя партыі твораў Манюшкі. Будзе піяніст Кірыл Кедук, у якога вельмі цікавая карʼера. Ён пачынаў са стварэння Фестывалю імя Тызэнгаўза ў Гродне, калі яшчэ там працаваў і жыў. А зараз ён – лаўрэат прэстыжных прэмій і ўзнагародаў, у тым ліку горада Гданьск, дзе таксама выступаў. Кірыл дае канцэрты ва ўсёй Еўропе, а да нас спецыяльна прыедзе на святочны выступ.

Будзе з намі яшчэ адзін саліст, флейціст – і гэта лічу таксама важнай падзеяй нашага канцэрту. У Беластоку прагучыць канцэрт для флейты і смычковага аркестру, які прысвячаецца Марыі Калеснікавай. Дарэчы, яна сама флейцістка, таму гэтае выступленне мае сімвалічны характар.
На канцэрце будзе прадстаўленая беларуская класічная музыка. Традыцыйна, канцэрт пачнецца і закончыцца беларускімі гімнамі. На канцэрце, у прыватнасці, можна будзе пачуць творы з «Полацкага сшытка» – гэта моцная музычная беларуская традыцыя з XVII стагоддзя. І паступова пройдзем праз вякі ажно да сучаснасці.

З Ілонай Карпюк размаўляў Яраслаў Іванюк

слухайце аўдыёфайл