Беларуская Служба

Як трэба абыходзіцца з нацыянальным сцягам - паясняем

02.05.2025 12:00
Абыходжанне з нацыянальным сцягам падпарадкоўваецца адпаведным правілам, за парушэнне якіх пагражае сур’ёзнае пакаранне.
Сёння ў Польшчы адзначаецца Дзень нацыянальнага сцяга PAP/Leszek Szymański

Сёння ў Польшчы адзначаецца Дзень польскага нацыянальнага сцяга – свята, закліканае пашыраць веды пра нацыянальныя сімвалы і польскую ідэнтычнасць. У гэты дзень органы дзяржаўнай і мясцовай адміністрацыі маюць абавязак вывешваць на сваіх сядзібах дзяржаўны сцяг. Між тым, улады заахвочваюць да гэтага таксама грамадзян. Аднак падчас такога віду дэманстрацыі нацыянальнага гонару і патрыятызму трэба памятаць пра дзеючыя правілы, за парушэнне якіх пагражае сур’ёзнае пакаранне, нагадвае старонка onet.pl.



Трэба прытрымлівацца адпаведных правілаў

Па-першае, сцяг не павінен быць парваным або брудным, не павінен дакранацца да зямлі. Яго таксама нельга выкарыстоўваць у якасці ўпакоўкі або абруса. Ён павінен мець правільныя прапорцыі і не павінен мець ніякіх дадатковых прыкмет пашкоджання.

Дзяржаўны сцяг Польшчы складаецца з дзвюх гарызантальных палос аднолькавай шырыні, белай зверху і чырвонай знізу. Гэта прастакутнік з суадносінамі бакоў - 5:8. Часцей за ўсё сцяг вывешваецца на драўляным або металічным флагштоку. Шырыня такога сцяга не можа быць меншай за траціну даўжыні флагштока і большай за палову яго даўжыні.

Часцей за ўсё сцяг вывешваецца пад вуглом прыблізна 45 градусаў да сцяны будынка. Калі ён размешчаны гарызантальна, то белы колер павінен быць з левага боку, калі глядзець на поўнач ці захад.

За апаганьванне сцяга прадугледжваецца пакаранне

Забараняецца вывешваць парваны, брудны або змяты сцяг. Яго таксама нельга вывешваць падчас дажджу, навальніцы, моцнага ветру або снежных бур, гэта значыць у сітуацыях, якія пагражаюць яго адарваннем і падзеннем на зямлю. Сцяг не можа дакранацца да зямлі або вады.

Таксама забаронена размяшчаць на ім якія-небудзь надпісы або малюнкі. Знішчаны сцяг найлепш спаліць. Сцяг нельга выкарыстоўваць для ўшанавання каго-небудзь, а таксама нельга схіляць яго перад якім-небудзь іншым сцягам або сімвалам.

Невыкананне правілаў выкарыстання і дэманстрацыі дзяржаўнага сцяга можа ўспрымацца як яго абраза, за што пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.

Правілы, якія распаўсюджваюцца на дэманстрацыю сцяга прыватнай асобай і шмат іншых каштоўных парад можна знайсці ў спецыяльным даведніку, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, нагадвае старонка onet.pl.

аз

Канцылярыя прэзідэнта: Усе пакаленні палякаў аб'яднаны нацыянальнымі сімваламі

02.05.2025 09:07
У Польшчы 2 мая адзначаецца Дзень польскага сцяга.