Беларуская Служба

Якімі кнігамі цікавяцца сёння чытачы? Даведаліся ў беларускіх выдаўцоў

19.05.2025 16:52
Агулам у Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ўдзельнічалі 620 выдаўцоў з 20 краін свету.
Аўдыё
  • Якімі кнігамі цікавяцца сёння чытачы? Даведаліся ў беларускіх выдаўцоў.
    ?    .
Якімі кнігамі цікавяцца сёння чытачы? Даведаліся ў беларускіх выдаўцоў.facebook.com/januskevic.books

Салон незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» быў прадстаўлены такімі выдавецтвамі, як  Anarchist Black Cross Belarus, Andrei Yanushkevich Publishing, audiobooks.by, Czabor publishing, Fundacja Kamunikat.org, Inicjatywa wydawnicza „SayBeat”, Knizhny Voz, Mianie Niama, Muzeum Wolnej Białorusi, Połackija łabirynty, Skaryna Press, Vesna Books, Gutenberg Publisher.

Паразмаўлялі з некаторымі прадстаўнікамі выдавецтваў пра тое, наколькі беларуская літаратура папулярная, і чым найперш зацікаўлены беларускія чытачы.

Наста Карнацкая,  галоўная рэдактарка выдавецтва «Янушкевіч»:

— Кожны год у Варшаве мы назіраем вялікую колькасць беларускіх чытачоў, пры тым, што мы маем кнігарню ў Варшаве. Тым не менш Варшаўскі кірмаш цікавіць беларусаў, яны прыязджаюць з іншых гарадоў, з іншых краін, і тут збіраецца заўжды шмат беларусаў, але не толькі. Нашым стэндам таксама цікавяцца і палякі, якія падыходзяць, хаця і не ведаюць кірыліцы, ці хтосьці памятае, вучыў кіріліцу ў савецкі час.  Яны проста дзякуюць нам за тое, што мы ёсць, за тое, што мы тут. На гэтай выставе мы атрымліваем выключна пазітыўны досвед.

Беларусы любяць чытаць, але трэба разумець, што многія выдавецтвы, якія адкрыліся, на жаль, пакуль не могуць функцыянаваць у поўную сілу і выдаюць літаральна па некалькі кніг на год. Нельга, канешне, параўнаць гэта з тым, што калісьці ў нас была ў Беларусі, але нельга сказаць, што ёсць нейкая негатыўная дынаміка, таму што сапраўды выдавецтвы з'яўляюцца, запатрабаванасць у людзей ёсць, выдаюцца актуальныя свежыя навінкі.

Чым можна зацікавіць сучасных і беларускіх чытачоў? Выдаваць тое, што чалавек не зможа прачытаць, напрыклад, па-руску, тым самым апярэджваць магчымы рускі кніжны рынак, шукаць сучасныя раманы, творы, якія можна перакладаць, каб беларускія чытачы маглі актуальна знаёміцца з кніжным рынкам. Таму мы стараемся гэта рабіць.

Мне здаецца, што даволі вялікая запатрабаванасць у кнігах срод беларускіх чытачоў за мяжой, у  міграцыі, бо людзі хочуць мець свой куточак хаця б у кнігах.

Андрэй Бандарэнка, адзін з кіраўнікоў выдавецтва Gutenberg Publisher:

— Мы знаходзімся ў Кракаве, займаемся ўжо больш за два гады выдаваннем беларускіх кніг. Выстава ў Варшаве важная і ў камерцыйным сэнсе, але перад усім гэта — магчымасць распаўсюду ведаў пра наша выдавецтва, пра беларускія выдавецтвы, пра беларускія кніжкі, якія выходзяць на беларускай мове. Шмат людзей прыходзіць, і здзіўляецца, наколькі высокі ўзровень беларускай кніжкі, бо ўсе прызвычаеныя, можа, там, з якіх двухтысячных гадоў, калі беларуская кніжка была дзелам аматарскім. Але цяпер над выданнем кніг працуюць прафесіяналы, працуюць вельмі натхнёна, шмат працы ў гэта ўкладваецца.

У пэўным сэнсе, гэта, канешне, не столькі бізнес, колькі дзейнасць на рэч беларускай культуры, але мы намагаемся, каб гэта акуплялася, прыносіла нейкія даходы, якія мы найперш інвестуем у новыя кнігі. Кнігі, якія мы прадаём, дазваляюць нам выдаваць наступныя кніжкі, і перакладныя, і беларускіх аўтараў.

Чытачоў, не толькі беларускіх, перш за ўсё цікавіць арыгінальная беларуская проза. Чым больш сучасная, тым больш цікавяцца. Класіка таксама заўсёды карыстаецца попытам, але ўсе актыўна і з энтузіязмам рэагуюць на сучасныя беларускія творы.

Мы стараемся выдаваць  і арыгінальную прозу, і нонфікшн, і дзіцячую, канешне. Зараз выпусцілі серыю, якая вучыць чытаць беларускіх дзетак. Гэтую серыю мы будзем працягваць, кнігі багата ілюстраваныя беларускімі ілюстратарамі, беларускімі аўтарамі напісаныя, так што мы дбаем пра тое, каб працягвалася вывучэнне беларускай мовы нават за мяжой, нават у іншым моўным асяроддзі.

У рамках кніжнага кірмашу беларускія выдаўцы правялі таксама шэраг прэзентацый новых выданняў, былі праведзены сустрэчы з аўтарамі, перакладчыкамі. Напрыклад, была прадстаўлена новая кніга пісьменніка Сашы Філіпенкі «Слон», пераклад на беларускую мову кніги польскай пісьменніцы, журналісткі Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога». Таксама была прадстаўленая кніга «Ваўка» майстра кароткай прозы Уладзіміра Сцяпана, прайшлі аўтограф-сесіі з аўтарамі ды іншыя падзеі для аматараў чытання.

Дарэчы, міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве, гэта падзея з вялікай гісторыяй, першы міжнародны кніжны кірмаш быў арганізаваны яшчэ ў 1956-м годзе ў рамках 25-га міжнароднага польскага кірмашу, а з 1958-га года гэта самастойнае мерапрыемства, якое праходзіць у Палацы культуры і навукі ў Варшаве. Дарэчы, ў часы Польскай Народнай Рэспублікі кніжны кірмаш як значную падзею кантралявалі цэнзары, што не дзіўна для таго часу, і часам колькасць забароненых выданняў перавышала 100 найменняў. Спіс забароненых тэм на працягу многіх гадоў быў вельмі падобным — антыкамуністычныя, антысавецкія творы, кнігі, што тычыліся міжваеннага перыяду, Другой сусветнай вайны, вытокаў халоднай вайны і рэвізіянізму.

З 1989 года Міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве праходзіць без цэнзуры.

вх