Беларуская Служба

Перакладчык Лявон Баршчэўскі: Перамены адбыліся — людзі з большай павагай ставяцца да беларускай мовы

23.05.2025 11:11
Па-беларуску выйшла кніга Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога» — гісторыя, расказаная сведкам падзей у Варшаўскім гета. Пераклад з польскай — Лявона Баршчэўскага.
       .  :   ,   ,   .
Прэзентацыя беларускага перакладу кнігі Ганны Краль у Варшаве. На фота: гісторык Лукаш Ясіна, рэдактар Мікалай Раманоўскі, перакладчык Лявон Баршчэўскі.Беларуская рэдакцыя Польскага радыё/Radyjo.net

У перакладзе на беларускую мову выйшла адна з найбольш моцных кніг пра Холакост, чалавечую годнасць і маральны выбар людзей «Апярэдзіць Госпада Бога». Ганна Краль, якой сёлета споўнілася ўжо 90 гадоў, у 1970-ыя гады на падставе размоў з Маркам Эдэльманам — лекарам і кіраўніком паўстання ў Варшаўскім гета — напісала гісторыю пра жыццё, смерць і маральны выбар чалавека.

Ганна Краль, да слова, таксама паходзіла з габрэйскай сямі і перажыла Халакост будучы дзіцём, у дарослым жыцці яна шмат пісала пра лёсы габрэяў, пра Халакост.

Марк Эдэльман быў кіраўніком паўстання ў Варшаўскім гета, выжыў і пасля вайны працаваў хірургам-кардыёлагам. Прынцыпова заставаўся ў Польшчы нават пасля антысеміцкіх ганенняў 1968 года.

Гісторык Лукаш Ясіна звяртае ўвагу, што Марэк Эдэльман паходзіў з Гомеля: 

«Марк Эдэльман прыехаў у Варшаву са сваёй сям’ёй з Гомеля, дзе ён нарадзіўся, то бок з горада на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І хаця тады, калі малявалі межы, гэта не мела такога вялікага значэння. Часам габрэі з Берліна і Кракава былі больш далёкімі, чым з Гомеля ці Вільні. Гісторыя ў той час была вельмі складаная. Сам Эдэльман нарадзіўся, як тады казалі, на самым канцы гісторыі – у 1923 годзе. І не мог падумаць, калі яго сям’я год пазней, крыху сфабрыкаваўшы паходжанне, у кнізе таксама пра гэта ёсць, рэпатрыявалася ў Польшчу. Бо своечасова зразумелі чым ёсць Беларуская сацыялістычная савецкая рэспубліка ва ўсёй сваёй дэкларацыі этнічнасці, калі на гербе на чатырох мовах, па-беларуску, па-польску, на ідыш, па-руску, быў заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Але ў гэтым сувязь Марка Эдэльмана і Беларусі не сканчаецца, бо Халакост, які ў Польшчы пачаўся ў 1939 годзе, на тэрыторыі Беларусі распачаўся масавымі забойствамі ў 1941 годзе, і быў тым самым Халакостам сярод больш-менш падобнай супольнасці людзей».

Перакладчык Лявон Баршчэўскі распавёў, што гэтую кнігу ён пераклаў на беларускую мову каля дзесяці гадоў таму для сваіх вучняў з неафіцыйнага ліцэя імя Коласа і на той момант не думаў пра выданне:

«Кніжка мне спадабалася, але іншыя планы былі, я ў той час больш паэзію перакладаў і падзабыўся на гэту працу. Але тут быў на адной з імпрэзаў у Мінску. Габрэйскае жыццё не гасне ў Мінску і сёння, там ёсць Цэнтр прагрэсіўнага юдаізму, яны арганізуюць імпрэзы, презентацыі кніг. Гэта была імпрэза майго былога вучня, ён вучыўся ў нашым ліцэі, Багдан Даўяла — ён стаў музыкантам, грае ў Гродзенскай філармоніі на кантрабасе ў аркестры. Ён зрабіў комікс пра жыццё габрэяў і вынішчэнне мінскага гета. Хоць гэта і комікс, там не смешная гісторыя, усё трагічна. Ён зрабіў дзве версіі: па-руску і па-беларуску.

Я засведчу. Калі выдавец прадаваў гэтыя кнігі, там чалавек 150 прысутнічалі, то ён пытаўся ў кожнага: «Вам па-беларуску ці па-руску?» Гадоў 15 таму, я ўпэўнены, 95 % прасілі б па-руску. А тут большасць куплялі беларускую версію. Гэта сведчыць, што перамены адбыліся і адбываюцца. Нават людзі, які не гавораць па беларуску в жыцці, яны з большай павагай ставяцца да гэтай мовы.

У тым ліку ёсць запатрабаванне ў перакладах. Летась выйшла ў маім перакладзе «Іліяда» Гамера, мы прадалі ў Мінску тры наклады за два месяцы, хаця наклады і невялікія. А потым гэтая кніга выйшла і тут, у Варшаве.
Але вернемся да тэмы гэтай кнігі. Яна, безумоўна, у нейкай форме трапіць у Беларусь. Думаю, што там не будзе праблем яе распаўсюдзіць нават праз тыя невялікія магчымасці, што там цяпер ёсць».


Дызайн вокладкі Вецер Механічны Дызайн вокладкі Вецер Механічны


Гісторык Лукаш Ясіна таксама падкрэсліў, што для яго важна выданне кнігі па-беларуску:

«Мяне вельмі радуе, што беларуская мова існуе і надалей як мова перакладчыкаў. І мы змагаемся за тое, каб гэтая мова стала мовай усіх сфер. Гісторыя Варшаўскага гета, цяпер не такая забытая, як гэта было ў часы пасля выдання кнігі. У Беларусі ёсць габрэйская супольнасць, свая памяць. Хаця габрэйская частка ў Мінску была таксама знішчаная, і патрабуе аднаўлення. І спадзяюся, што кніга, калі патрапіць у Беларусь, будзе дапамагаць у гэтым».

На працягу больш як сарака гадоў кніга Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога» застаецца класікай польскага рэпартажу і адной з самых узрушальных аповесцяў пра паўстанне ў Варшаўскім гета ў красавіку 1943 года і лёсы польскіх габрэяў, якія стварыла літаратура XX стагоддзя.

Кніга выйшла ў двух выдавецтвах: «Полацкія лабірынты» і «Чабор», пры падтрымцы «Прасторы польскай культуры».

вх