Беларуская Служба

Андрэй Хадановіч: Люблю Каханоўскага ў іпастасі паэта хулігана

06.09.2025 06:00
6 верасня 2025 года цэлая Польшча ўдзельнічае ў Нацыянальным чытанні. Сёлета для акцыі была абраная паэзіі Яна Каханоўскага.
Аўдыё
  • Андрэй Хадановіч: Люблю Каханоўскага ў іпастасі паэта хулігана
Помнік Яна Каханоўскага ў БыдгашчыPAP/Tytus Żmijewski

Гэта адзін з самых вялікіх польскіх паэтаў, найлепшы польскі паэт эпохі Адраджэння, які цікавы не толькі палякам, але і беларусам.

Нацыянальнае чытанне было распачато ў 2012 годзе з групавога чытання твора Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У 2013 годзе па ўсёй Польшчы прайшлі чытанні твораў Аляксандра Фрэдра, а праз год была прачытана «Трылогія» Генрыка Сянкевіча. Цяпер штогод мерапрыемства праходзіць пад патранатам прэзідэнцкай пары.

«Паэзія Яна Каханоўскага суправаджае нас ужо некалькі пакаленняў. Глыбокая, напісаная вытанчанай польскай мовай, яна апавядае пра мінулыя часы, але мы — сучасныя палякі — лёгка можам знайсці ў ёй сябе», — падкрэсліў прэзідэнт Рэспублікі Польшча Караль Наўроцкі, запрашаючы ўсіх далучыцца да чытання.

«У гэтых творах ёсць радасць і смутак. Ёсць суцяшэнне і вялікая хвала жыццю», — нагадала першая лэдзі, заклікаючы ўсіх зноў адкрыць для сябе фрашкі, песні і трэны Яна Каханоўскага.

Ян Каханоўскі – адзін з самых вялікіх польскіх паэтаў, цікавы не толькі палякам, але і беларусам, гаворыць паэт і перакладчык, літаратурны крытык Андрэй Хадановіч:

- Можна сказаць, што гэта першы прафесійны паэт, першы класік. Разам з тым, ён цікавы не толькі палякам. Ён цікавы беларусам як блізкі сусед. Як чалавек, які быў важным для шматмоўных аўтараў ВКЛ, якія былі з ім у творчым дыялогу. Гэта з аднаго боку. З другога – гэта адна з найвялікшых вяршыняў паэзіі еўрапейскага адраджэння. Таму нічога выпадковага, калі Каханоўскага згадваюць разам з Шэкспірам, Сервантэсам і Дантэ. Ён блізкі беларусам у адраджэнскай думцы: трэба шанаваць класічныя і сусветныя мовы, якой была лацінская мова і якой выбітна валодаў Каханоўскі і пісаў на ёй творы, але разам з тым ён дбаў пра сучасную яму нацыянальную мову.

Гэта паэт вялікага дыяпазону. Ён мог быць урачыстым, блізкім да рэлігіі. Напрыклад,  ён перастварыў бліскучымі польскімі вершамі Давідаў Псалтыр. Гэта паэт трагічнай ноты ў шчымлівых, пранізлівых трэнах. Ён апяяў смерць сваёй маленькай дачкі Уршулі. Калі чытаеш яго вершы, то валасы становяцца дыбам, як ад добрай, універсальнай паэзіі, якая чапляе цябе за жывое.

А яшчэ, і гэтая іпастась Каханоўскага мне найбліжэйшая, гэта паэт хуліган. Паэт, які дэмакратызуе мову і паэтычную інтанацыю. Які стварае сяброўскія, задушэўныя, прыкольныя фрашкі. Жанр, адным са стваральнікаў якога ён быў.

Даслоўна фрашкі – гэта нейкая драбніца. Але з часам, дзякуючы Каханоўскаму, яна стала ўзорам сатыры і гумару. Ёсць наступныя пакаленні фрашкапісцаў, прадаўжальнікаў справы Каханоўскага.

Андрэй Хадановіч перакладаў фрашкі Каханоўскага для беларускамоўнага выдання выбранай лірыкі Каханоўскага, якая некалькі гадоў таму выйшла ў серыі «Паэты планеты» ў выдавецтве Змітра Коласа. Лявон Баршчэўскі перакладаў больш сур’ёзнага Каханоўскага, а Андрэй Хадановіч часам больш жартаўлівыя, часам менш фрашкі.

Наш суразмоўца кажа, што яны яму падаюцца самымі сучаснымі і зразумелымі для чытача тут і цяпер.

- Гаспадару

(І, 52. Na gospodarza)

Мяне за стол саджаеш ты з шацункам,

Вось толькі не спяшаеш з пачастункам:

Перад табой віно і мяса ў місе,

А госць – пустою поліўкай карміся.

На д’ябла мне такі абед няўежны!

Я госць – ці назіральнік незалежны?

 

Пра фрашкі

(ІІ, 39. Na fraszki)

Чым зоймемся? Хто п’е – сап’ецца. Лепш не варта.

На грошы пагуляць? Але падмане карта.

Без узаемнасці кахаць – дурная праца,

А выбухне ў ёй жарсць – нядоўга й надарвацца.

Рабі, што хочацца: вось келіхі ды пляшкі,

Вось карты, вось пасцель… А я пісацьму фрашкі.

 

Да дзяўчыны

(ІІІ, 82. Do dziewki II)

Не пазбягай мяне, красуня маладая,

Хай срэбрам барада мая даўно бялее,

Ды бачыць кожны з нас, калі вянок сплятае,

Як ружа горнецца да белае лілеі.

 

Не пазбягай мяне, красуня маладая,

Сівабароды муж табе адпавядае:

Часнык імкне ўгару (хоць з белай галавою)

Сцяблінаю сваёй – зялёнай, не сівою.

 

Не пазбягай мяне – і будзем маладымі,

Бо чым старэйшы кот, тым хвост вышэй уздыме.

Дубовыя лісты хай высушыла спёка,

А дуб расце далей, магутна і высока!

Паслухаць, як Андрэй Хадановіч чытае фрашкі ў сваім перакладзе можна ў далучаным гукавым файле.


. 

Ян Каханоўскі лічыцца адным з найвыдатнейшых польскіх паэтаў і найвялікшых еўрапейскіх творцаў эпохі Адраджэння. Ён нарадзіўся ў 1530 годзе ў Сыцыне каля Зволеня. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі і Падуанскім універсітэце, а ў маладосці падарожнічаў па Еўропе. У 1559 годзе ён вярнуўся ў Польшчу і заняў пасаду прыдворнага пры дварах магнатаў і каралеўскага двара. Праз дванаццаць гадоў ён назаўсёды пасяліўся ў спадчынным маёнтку ў Чарналесе, прысвяціўшы сябе пісьменніцтву. У гэты перыяд ён працягваў пісаць песні і фрашкі. Пасля смерці каханай дачкі Уршулі ён апублікаваў серыю трэнаў — шэдэўр старапольскай літаратуры. Каханоўскі раптоўна памёр у 1584 годзе падчас пасяджэння сейма ў Любліне і быў пахаваны ў крыпце Зволенскага касцёла.

Паэзія Яна Каханоўскага закранае розныя тэмы — ад сур'ёзных і знамянальных да лёгкіх і гумарыстычных. Ён апісвае жыццё пры двары і жыццё зямян, прасякнуўшыся патрыятычнымі тэмамі, маральнымі разважаннямі, а таксама антычнымі і біблейскімі алюзіямі. Яго вершы раскрываюць гуманістычную рэлігійнасць, захапленне жыццём, але таксама глыбокае разважанне пра мімалётнасць і чалавечы лёс. Паэт зрабіў свой унёсак у развіццё польскай літаратурнай мовы. Яго непараўнальныя творы застаюцца яркімі і натхняльнымі і па гэты дзень.

ав

слухайце аўдыё