У 2025 годзе Польскае радыё адзначае стагоддзе свайго існавання. Гэта не толькі важная гістарычная падзея, але і свята польскай музыкі. З гэтай нагоды ў выдатных кампазітараў розных пакаленняў — ад вядомых артыстаў да маладых музыкантаў — Польскае радыё замовіла дзесяць новых твораў, каб адзначыць ролю грамадскага радыё ў фарміраванні музычнай ідэнтычнасці нацыі.
Дзесяць новых твораў сучасных кампазітараў — гэта праект, падрыхтаваны Другім каналам Польскага радыё да стагоддзя радыёвяшчання. Адным з элементаў святкавання стагоддзя Польскага радыё стаў канцэрт, які адбыўся 14 верасня ў Варшаве. Падчас музычнага мерапрыемства прагучалі чатыры з дзесяці замоўленых твораў.
Гледачы, з якімі паразмаўляў карэспандэнт Польскага радыё, казалі пра свае ўражанні ад канцэрту. Яны цэняць магчымасць пачуць упершыню новыя творы.
— Я люблю хадзіць на канцэрты. А падчас гэтага мерапрыемства прагучалі творы, спецыяльна замоўленыя на 80-ую гадавіну аркестра Польскага радыё і 100-ую гадавіну з дня стварэння Польскага радыё.
— Свежыя, цалкам новыя творы. На маю думку, вельмі важна, каб ствараліся новыя творы. І каб слухачы маглі іх слухаць, каб музыканты іх гралі. Гэта важна, каб мы слухалі музыку, якая ствараецца цяпер. Не толькі Баха і Шапэна, але і сучасных аўтараў.
Дзесяць кампазітараў, якія пісалі творы, прадстаўляюць розныя пакаленні і ўзровень эстэтычнага гучання. Гэта Павел Шыманьскі, Гражына Пстраконьска-Наўраціл, Ганна Куленты, Аляксандр Косцяў, Цэзары Духноўскі, Войтэк Блажэйчык, Павел Маліноўскі, Нікалет Бужыньска, Моніка Шпырка і Лена Міхайлаў (Paweł Szymański, Grażyna Pstrokońska-Nawratil, Hanna Kulenty, Aleksander Kościów, Cezary Duchnowski, Wojtek Błażejczyk, Paweł Malinowski, Nikolet Burzyńska, Monika Szpyrka, Lena Michajłów). Яны стварылі творы спецыяльна для выканаўцаў, якія граюць сучасную музыку. Сярод іх калектывы Hashtag, Kwadrofonik, Каралеўскі струнны квартэт і Sinfonietta Cracovia. Гэтыя творы будуць гучаць на фестывалях і канцэртах па ўсёй Польшчы ў мастацкім сезоне 2025/2026.
Дырэктар праграмы II Пётр Кэндзёрэк (Piotr Kędziorek) адзначыў, што гэта вяртанне да былой традыцыі Польскага радыё. Яна заключалася ў тым, што грамадскае радыё звярталася да кампазітараў з просьбай напісаць твор з нейкае нагоды.
— Многія з нас менавіта так разумеюць задачу грамадскага радыёвяшчання – фарміраванне культурнай адукаванасці. Мы хочам падтрымліваць творцаў – як кампазітараў, так і калектывы, якія выконваюць сучасную музыку. Акрамя таго, гэта наш абавязак у адносінах слухачоў – каб яны маглі пазнаёміцца з тым, што пішуць сучасныя польскія кампазітары.
Самая маладая кампазітарка новага пакалення творцаў - 23-гадовая Лена Міхайлаў. Яе твор «Entering Sterngäßchen 4» выканаў ансамбль Kwadrofonik. Аўтарка музыкі падкрэслівае, што напісанне новых музычных твораў — гэта цудоўны спосаб адзначыць стагоддзе радыёвяшчання.
— Гэта найлепшая ідэя з усіх магчымых, каб адсвяткаваць юбілей. Мяне вельмі цешыць, што вярнулася такая ініцыятыва. Маім меркаваннем, у гэтым і заключаецца галоўная мэта дзейнасці радыё – развіваць музычную культуру. І каб яна дзейнічала, жыла тут і цяпер, а не толькі ў мінулым. Так што, на маю думку, гэта выдатная ініцыятыва, я спадзяюся, што яна вернецца ў наступных гадах.
Пяты твор, «Падвойны канцэрт для скрыпкі і віяланчэлі», замоўлены аркестрам Польскага радыё ў гонар васьмідзесяцігоддзя калектыву, таксама быў прадстаўлены падчас канцэрту. Яго напісала кампазітарка Марта Пташыньска (Marta Ptaszyńska).
— Канцэрт быў напісаны для Кубы Яковіча і Марціна Здуніка. Гэта выдатныя музыканты, якія натхнілі мяне напісаць музыку, якую будуць граць гэтыя двое салістаў. І, канешне, Аркестр Польскага радыё. З аркестрам я таксама знаёмая, паколькі ён граў яшчэ нядаўна некаторыя мае творы. І таму я ведаю музыкантаў. Калі я пісала музыку, спецыяльна выдзяляла гучанне некаторых інструментаў, напрыклад, арфы.
Ініцыятыву Польскага радыё высока ацаніла старшыня Саюза польскіх кампазітараў Бэата Баляслаўска-Левандоўска (Beata Bolesławska-Lewandowska).
— Гэта выдатная ідэя і перш за ўсё я вельмі цешуся, што радыё вяртаецца да гэтай ініцыятывы – замоў новых твораў. На працягу даволі працяглага часу яно гэтага не рабіла, па розных прычынах. Польскае радыё доўгі час выконвала ролю крэатара музыкі, паколькі яно замаўляла творы ў розных аўтараў. І сапраўды, прэзентацыя новых твораў, якія былі спецыяльна напісаныя з нагоды стагоддзя Польскага радыё – гэта выдатная ідэя.
«Сярод слухачоў, якія прыйшлі ў студыю на канцэрт, ёсць і самыя юныя аматары музыкі», — кажа Паўліна Пенькоўска (Pawlina Pieńkowska) з Дзяржаўнай музычнай школы № 4 у Варшаве.
— Я сюды прыйшла з групай вучняў, якія былі на конкурсе, прысвечаным творчасці спадарыні Гражыны (Пстраконьска-Наўраціл – рэд.). І калі даведаліся, што на канцэрце будзе прадстаўлены яе новы квартэт, мы вырашылі, што трэба тут быць.
— Цікава – новая музыка, новыя інструменты. І цікава глядзець, з якімі эмоцыямі музыканты выконваюць музыку. Гэта падчас канцэрту бачна.
Канцэрт з нагоды 100-годдзя Польскага радыё прагучаў у студыі імені Вітольда Лютаслаўскага ў Варшаве.
IAR/нг