Беларуская Служба

У Беластоку канцэртам «Песні, мае, песні…» ушанавалі выбітнага фалькларыста беларускага паходжання

06.10.2025 16:56
Беларускія народныя песні прагучалі ў аўтэнтычным выкананні, а таксама ў аўтарскіх аранжыроўках.
Аўдыё
  • Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы.
   .
Канцэрт на Радыё Беласток.Фота: Яраслаў Іванюк

Фалькларыст, музыка і аніматар культуры Сцяпан Копа нарадзіўся ў Мальнікаўках, у гміне Арля, 2 кастрычніка 1945 года. Сваё жыццё ён прысвяціў захаванню і папулярызацыі багатай традыцыі беларускага фальклору на Беласточчыне. Супрацоўнічаў з некалькімі дзясяткамі калектываў, а на працягу 35 гадоў кіраваў ансамблем «Разспяваны Гарадок». Выдаў больш за 10 спеўнікаў, між іншым: «Песні хрысцінныя Усходняй Беласточчыны», «Песні зямлі Бельскай», «Беларускія песні зямлі Сакольскай» і «Беларускія песні зямлі Гарадоцкай».


Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы. Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы.

Канцэрт «Песні, мае, песні…» ушанаваў 80-годдзе з дня нараджэння Сцяпана Копы. Сумеснае выкананне песень прадстаўнікамі розных пакаленняў у студыі «Рэмбрандт» Польскага Радыё Беласток паказала, што традыцыйная музыка мае ўніверсальны характар. Беларускія народныя песні прагучалі ў аўтэнтычным выкананні, а таксама ў аўтарскіх аранжыроўках. Выступілі, між іншым, спевы гурт з Дабрывады, «Жэмерва», Wandrounik і Hajda Banda / Гайда Банда. Прагучалі таксама архіўныя запісы.

Арганізатарам канцэрта пры партнёрстве з Польскім Радыё Беласток быў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Гаворыць намесніца дырэктара Цэнтра Ілона Карпюк.

 Калі трапіла ў нашыя рукі цэлая калекцыя — каля двухсот касет з запісамі, мы падумалі, што, напэўна, мы цяпер адзіная ўстанова, якая можа арганізаваць сродкі на гэтую тэхнічную працу, а таксама далейшую апрацоўку ўсяго гэтага збору песень. Не толькі песень — там ёсць і расповеды, і апавяданні, і абрады, і розныя казкі. На гэтых касетах захаваўся сапраўдны запіс пэўнага часу з нашай лакальнай гісторыі — нашай мясцовай музычнай, спеўнай і абрадавай культуры.

Мы падумалі, што адным з найважнейшых момантаў цяпер з’яўляецца 80-годдзе з дня нараджэння спадара Сцяпана Копы. А магчымасці Польскага радыё Беласток у тым, каб арганізаваць і трансляваць такую падзею, як канцэрт, які мы праводзім разам, — гэта сапраўдны шанец шырока данесці гэтыя песні і ўсю гэтую гісторыю, пра якую мы распавядаем як цэнтр, цяпер таксама ў эфіры Польскага радыё Беласток.


Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы. Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы.

Сцяпан Копа выдаваў спеўнікі на аснове таго, што збіраў. Ён кіраваў калектывамі, іграў на акардэоне. На кожным конкурсе беларускай песні ці іншых мерапрыемствах ён заўсёды быў прысутны, заўсёды стараўся, каб выканаўцы павышалі свой узровень, цікавіўся, што яны спяваюць і як спяваюць. Здавалася, што ён — проста неад’емная частка гэтага жыцця. Але ніхто не думаў так сур’ёзна, што менавіта на яго працы будзе заснавана будучыня нашай моладзі, якая цікавіцца народнай творчасцю.


Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы. Канцэрт «Песні, мае, песні…» у гонар Сцяпана Копы.

Гэты канцэрт — таксама доказ і паказчык таго, як моладзь цікавіцца, што яна можа сёння рабіць з гэтай спадчынай, як працаваць у творчым рэчышчы, карыстаючыся ёю, і што можна перадаць людзям свайго пакалення. Гэтыя маладыя людзі, якія выступаюць у канцэрце, выдатна гэта паказваюць. Мы вельмі часта чуем пытанні — ці можна паслухаць песні, ці можна зазірнуць у архіў, каб адшукаць сабе натхненне для далейшай працы. І гэта, думаю, выдатная спадчына ў самым шырокім сэнсе.

Слухайце далучаны гукавы файл

Яраслаў Іванюк