Беларуская Служба

Солтыс вёскі Орля, дзе значная частка жыхароў называюць сябе беларусамі, атрымаў важную ўзнагароду

29.10.2025 14:29
Марэк Хмялеўскі атрымаў узнагароду Музея гісторыі польскіх яўрэяў POLIN 2025.
Аўдыё
  • Солтыс вёскі Орля, дзе значная частка жыхароў называюць сябе беларусамі, атрымаў важную ўзнагароду
Марэк Хмялеўскіфота: Polin

Лаўрэатам прэміі POLIN 2025 стаў Марэк Хмялеўскі, солтыс вёскі Орля на Падляшшы, які шмат гадоў прысвяціў сябе захаванню памяці мясцовай яўрэйскай абшчыны. Асаблівую ўвагу ў дзейнасці Марэка Хмялеўскага займае прыгожая сінагога ў Орлі, якая ў цяперашні час служыць прасторай для памяці і дыялогу. Дзякуючы яго намаганням і адданасці, у 2023 годзе ўладальнік сінагогі падаў заяўку праз гміну Орля ў Дзяржаўную праграму па ахове помнікаў. У выніку гэтага супрацоўніцтва сінагога ў Орлі была абраная для ўдзелу ў праграме «7 найбольш знікаючых помнікаў і аб'ектаў культурнай спадчыны ў Еўропе» на 2025 год. Абʼект атрымае фінансавую і экспертную падтрымку ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка для правядзення кансервацыйных работ.

Марэк Хмялеўскі таксама зʼяўляецца ініцыятарам і арганізатарам фестывалю «Нягледзячы ні на што – Шалом», які праводзіцца ў Орлі з 2023 года. Дзякуючы яго настойлівасці і адданасці штогод арганізуюцца Дні памяці ў гадавіну дэпартацыі яўрэяў Орлі ў Трэблінку. На працягу многіх гадоў солтыс таксама даглядае мясцовыя яўрэйскія могілкі.
У гэтым годзе дырэктар музея POLIN Зыгмунт Стэмпінскі ўзнагародзіў Спецыяльным прызам у катэгорыі «Культура і СМІ» выдавецтвы Austeria і Czarne.

Журы конкурсу таксама ўзнагародзіла Каміля Мразовіча з Едвабнэ і Марэка Колцана з Замасця.
Каміль Мразовіч працуе над ушанаваннем памяці яўрэйскай абшчыны Едвабнэ, змагаючыся з мясцовымі забабонамі. Нягледзячы на сацыяльныя табу, ён публічна выступае ў нацыянальнай прэсе, дакументальных фільмах і кнігах, абмяркоўваючы забыццё і пратэстуючы супраць нарастаючай хвалі ксенафобіі і антысемітызму.

У сваёй працы Марэк Колцан прыцягвае моладзь і мясцовую супольнасць да ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных памяці, – усталёўвае памятныя дошкі, арганізуе ўрачыстасці да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту і гадавіны дэпартацыі яўрэяў Замосця, а таксама стварае адукацыйныя выставы.

Спецыяльная ўзнагарода POLIN была прысуджана фонду Sztetl Mszana Dolna, які з 2021 года аднаўляе памяць пра гісторыю яўрэяў Мшаны Дольнай. Яны зʼяўляюцца доказам таго, што нават у невялікай абшчыне, дзякуючы запалу і супрацоўніцтву, можна дасягнуць гістарычнага прарыву ў памяці і прымірэнні.

polin.pl/ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры