9 снежня 2025 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) падчас 20-й сесіі прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які патрабуе тэрміновай аховы (ЮНЕСКА).
Неглюбская тэкстыльная традыцыя з’яўляецца ўнікальнай з'явай беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку. Сфарміраваная ў XVII стагоддзі, гэтая традыцыя ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’еру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі.
Асаблівую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі, якія вылучаюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатай арнаментальнай спадчынай, якая налічвае больш за 120 узораў, некаторыя з якіх бяруць пачатак ад тысячагадовых традыцый. Геаметрычныя і раслінныя арнаменты («крывулі», «павукі», «яблынька» і інш.) нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданні дабра, кахання, дабрабыту і здароўя.
Унікальнасць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца са сподняга боку, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу. Будучы аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, традыцыя працягвае жыць дзякуючы безупыннай пераемнасці пакаленняў, захоўваючы ўнікальныя тэхнікі і сімвалічную мову народнага мастацтва.
Мясцовыя жыхары працягваюць выкарыстоўваць традыцыйныя тэкстыльныя вырабы ў паўсядзённым жыцці і прыкладаюць значныя намаганні для распаўсюджвання практык традыцыйнага неглюбскага ткацтва, асабліва з мэтай перадачы ведаў новаму пакаленню.
МЗС РБ/ав