505 гадоў таму (13 ліпеня 1521 года), падчас свята Святой Маргарыты, на Вавельскай вежы ўпершыню прагучаў звон Жыгімонта. Чатырма днямі раней — 9 ліпеня — яго павесілі ў старой абарончай вежы каралеўскага замка на Вавелі, якую раней адмыслова мадэрнізавалі. Звон быў фінансаваны каралём Жыгімонтам І Старым і пазней названы ў яго гонар. З таго часу ягоны гук суправаджае палякаў падчас найважнейшых падзеяў і з’яўляецца нацыянальным сімвалам.
— Кароль Жыгімонт І Стары загадаў званіць у гэты дзень (13 ліпеня 1521 года – рэд.) з-за важнага тады ў Польшчы свята — нагадаў гісторык з Ягелонскага ўніверсітэта і аўтар манаграфіі пра найбольш вядомы звон у Польшчы доктар Мечыслаў Рокаш(Mieczysław Rokosz). — Гэта было за два дні да 15 ліпеня, у часы калі ў Польшчы традыцыйна з вялікай урачыстасцю адзначалася гадавіна перамогі пад Грунвальдам. Жыгімонт Стары, які фінансаваў звон, загадаў упершыню званіць у яго менавіта ў гонар гэтай гадавіны, — распавёў гісторык.
Каб звон звінеў належным чынам, патрэбныя дванаццаць званароў, якія цягаюць за шнур. Адзін з іх, Марцін Біборскі (Marcin Biborski), сказаў, што ні ў адным звоне ў Еўропе няма такога прыгожага «языка»(палякі называюць гэты стрыжань «сэрцам» — рэд.), як у Жыгімонта.
— Звон Жыгімонта — адзін з найпрыгажэйшых інструментаў, і ўсе гэта падкрэсліваюць. Турысты, якія сёння прыходзяць і слухаюць гэты звон, калі мы заканчваем званіць, яны апладзіруюць нам, — сказаў званар.
Паводле гістарычных крыніцаў, звон Жыгімонта быў адліты ў 1520 годзе майстрам званоў Гансам Бехамам з Нюрнберга ў майстэрні каля брамы Святога Фларыяна. У 1521 годзе яго перавезлі на Вавельскі замак на спецыяльных санях, што было выклікам, бо толькі звон разам з «языком», дубовым ярмом і вяроўкамі — гэта амаль 13 тон.
Пасля перавозкі на Вавель звон паднялі на вежу. Згаданы гістарычны момант у 1874 годзе ўвекавечыў на сваёй карціне Ян Матэйка.
IAR/аз