Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

На выходных уручаць літаратурную прэмію за найлепшую беларускую кнігу 2025 года

04.11.2026 10:09
На 6 і 7 лістапада запланаваная насычаная праграма спадарожных падзей: сустрэчы з аўтаркамі, дыскусіі, размовы пра пераклад беларускай літаратуры і творчасць у эміграцыі, а таксама кніжны кірмаш.
Аўдыё
  • На выходных уручаць літаратурную прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую беларускую кнігу 2025 года
 15-
Афіша 15-я літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года. Сёлета журы абірае тры найлепшыя творы мастацкай ці нон-фікшн прозы, выдадзеныя ў 2025 годзе. 7 лістапада 2026 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску будуць абвешчаныя вынікі конкурсу і пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагароды. Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Спадарожныя мерапрыемствы распачнуцца напярэдадні. 6 лістапада пройдзе творчы вечар з паэтам і выдаўцом Дзмітрыем Строцавым.

У суботу мерапрыемствы распланаваныя на цэлы дзень. Сярод іх інтэрактыўныя заняткі з «Мовай Нанова», прысвечаныя тэме штучнага інтэлекту і таму, ці ўмее AI лаяцца па-беларуску. На перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч і Яанна Бэрнатовіч паразважаюць на пытанні: Як перакласці тэкст так, каб ён загучаў па-беларуску і пры гэтым не страціў голасу аўтара? Як справіцца з фальшывымі сябрамі перакладчыка, моўнымі пасткамі, пазбегнуць тыповых памылак?

Чаго хочуць пісьменніцы? – гэта дыскусія пра жанчын у літаратуры, гутарка пра жаночы досвед у літаратуры – ад уласна акту пісьменства да таго, што адбываецца з ужо напісаным тэкстам.

Ці не самымі важнымі будуць сустрэчы з аўтарамі, кнігі якіх увайшлі ў шорт-ліст прэміі:
Аўтарская сустрэча з Аляксандрам Карнаўхам. Яго дэбютны раман «Халодныя землі» нарадзіўся з уражанняў ад падарожжаў па Беларусі, у прыватнасці па Ельні, што стала прататыпам месца дзеяння рамана.

Дзяніс Трусаў раскажа пра свой раман «Боў і мерць у Хротне»»: раман-пазл пра самасвядомасць і раскаянне, памежжа і памяць, у якім пераплятаюцца розныя мовы і эпохі, навуковая фантастыка, хрысціянскія і будыйскія матывы. Творчасць пісьменніка спалучае постмадэрнісцкую гульню, містыку, музыку і эксперымент з мовай.

І трэцяя сустрэча пройдзе з Арцёмам Шуканавым, аўтарам навукова-фантастычнага рамана «Пентаквантар». Пісменнік спалучае ў сваёй прозе посткіберпанк, тэхнатрылер і прыгодніцкую фантастыку, адпраўляючы герояў з бетонных джунгляў Мінска-3 праз Індыйскі акіян і касмічны ліфт да іншых планет. «Пентаквантар» – гісторыя пра тэхналогіі і штучны інтэлект, будучыню і чалавечыя амбіцыі, але перадусім – пра чалавека ў імкліва змяняльным свеце.

Кожны аўтар правядзе аўтограф-сесію.

У суботу пройдзе таксама сустрэча з лаўрэатамі і лаўрэаткамі прэміі і прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды». Прэміяй сёлета былі ўганараваныя дзевяць выбітных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці, якія пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну, але працягваюць творчасць і грамадскую дзейнасць у выгнанні. Падчас сустрэчы будзе прадстаўленая кніга «Голас пакалення свабоды» – зборнік інтэрв’ю з лаўрэатамі прэміі.

Завершыцца суботу ўручэннем літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Завяршэннем вечара стане музычны выступ спецыяльнага госця – Лявона Вольскага, легендарнага беларускага спевака, музыкі, мастака і літаратара, аўтара песень, якія сталі часткай культурнай спадчыны Беларусі. Выступ будзе суправаджаць гітарыст Павел Трыпуць, прафесійны музыка і заснавальнік музычнай студыі ў Варшаве.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры