Аляксандр Баршчэўскі нарадзіўся 2 лістапада 1930 года ў вёсцы Бандары ў гміне Міхалова непадалёк Беластоку ў сучаснай Польшчы.
3 1956 года Аляксандр Баршчэўскі пачаў працаваць выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэту, дзе стаў загадчыкам кафедрай беларускай філалогіі ў 1975 годзе. Ва ўніверсітэце згадваюць прафесара Баршчэўскага, як выдатнага спецыяліста ды вельмі адкрытага да іншых чалавека, які заўсёды меў для кожнага добрае слова, кажа выкладніца Варшаўскага ўніверсітэту ды аспірантка Аляксандра Баршэўскага Катажына Дрозд.
- Сп. прафесар меў глыбокія веды ды быў чалавекам вялізарнай культуры. Ён ніколі не паказваў студэнтам, што мы на пачатку нашага шляху, а ён зайшоў вельмі далёка. На яго занятках мы пачуваліся свабодна і атрымлівалі шмат ведаў. Ён меў талент проста і даступна расказваць пра складаныя рэчы, дзяліўся мноствам ведаў. Гэта быў чалавек энцыклапедычных ведаў, які заўсёды шанаваў іншага чалавека.
У 1959 годзе Аляксандр Баршчэўскі дэбютаваў як паэт са зборнікам «Рунь». Пазней выдаў яшчэ шэраг паэтычных зборнікаў: «Белавежскія матывы», «Жнівень слоў», «Мой бераг», «Блізкасць далёкага», «Лірычны пульс». У сваёй паэзіі Баршчэўскі спалучаў матывы вернасці роднай зямлі, мове ды складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка, кажа даследчыца.
- Як даследчык літаратуры меў мужнасць казаць адкрыта, што думаў. Вельмі дакладна аналізаваў мастацкія творы, быў таксама перакладчыкам беларускай літаратуры. Яго пераклады вершай на польскую мову гучалі не горш за арыгіналы. Ён вылучаўся паэтычнай уражлівасцю, меў талент выбару стылістычных сродкаў, што рабіла яго пераклады ідэальнымі. Сам як паэт часта пісаў пра сваю родныя старонкі. Матыў Малой Бацькаўшчыны прысутны і вельмі важны ў яго творчасці. Ён рысаваў мовай, на падставе яго вершаў чытач мог з лёгкасцю ўявіць апісанае словамі. Без сумневаў смерць сп. прафесара стала вялізарнай стратай для беларусістыкі.
Таксама Аляксандра Баршчэўскага ведалі як аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры ў штотыднёвіку „Ніва”, даследчыка беларускага фальклору, аўтара ўніверсітэцкіх падручнікаў. У 1993 годзе атрымаў званне ганаровага доктара БДУ ў Мінску. Знаёмствам з ім ганарыцца былы Амбасадар Беларусі ў Польшчы, старшыня НАУ Павал Латушка.
- У жыцці ёсць асобы, сустрэчай з якімі можаш ганарыцца. Алесь Барскі, то бок Аляксандар Баршчэўскі, - гэта той чалавек, з якім я пазнаёміўся ў 1995-м годзе. Мне пашчасціла ў жыцці пазнаёміцца з такім выключным чалавекам, асобай. Сапраўдны літаратар, беларускі пясняр! Ён праслаўляў беларускае слова, а вытокі яго беларускасці былі з яго малой Радзімы – Беласточчыны. Я ніколі не забудуся яго словы пра Гайнаўку, Бельск, якія пачуў маладым дыпламатам. Пазней я адкрыў яго як даследчыка беларускай літаратуры. Я памятаю яго як чалавека, які захапляўся самаварамі, меў дома цудоўную калекцыю, цікава распавядаў пра гэта. Ён даў дарогу ў свет шматлікім сваім вучням, выпускнікам Варшаўскага ўніверсітэту. Беларуская нацыя павінны ганарыцца такімі людзьмі – стваральнікамі. Асабліва цяпер важная творчасць, паэзія, шчырасць, якімі вылучаўся гэты чалавек, гэта ўсё ёсць памкненнем да дабра.
Алесь Баршчэўскі таксама быў уплывовым папулярызатарам беларускай мова ў Польшчы. З 1993 года ён узначальваў Цэнтральны камітэт Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы. Прафесар рабіў вялікае ўражанне на людзей, згадвае колішні лаўрэат Алімпіяды, спецыяльны карэспандэнт Польскага радыё ў Кітаі Тамаш Саевіч.
- Няма магчымасці быць беларусам з Беласточчыны, размаўляць па-беларуску ды не ведаць, хто гэта прафесар Аляксандар Баршчэўскі. Да часу, калі я змог пазнаёміцца з парфесарам, я чытаў яго вершы ў Гайнаўцы ў Беларускім ліцэі. Я памятаю, якое вялікае ўражанне ён зрабіў на мяне, калі я пабачыў яго ўпершыню падчас Алімпіяды па беларускай мове. Сп. прафесар быў старшынёю Арганізацыйнага камітэту Алімпіяды, а я прымаў удзел. Заўсёды згадваю прафесара як чалавека з вялікай харызмай. Потым падчас працы ў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё мёў магчымасць сустракацца з ім падчас беларускіх мерапрыемстваў у Варшаве, на ягоных паэтычных вечарынах. У мяне ў памяці прафесар застанецца выбітным вучоным ды добрым чалавекам, з якім заўсёды цікава было паразмаўляць, у якога заўсёды было добрае слова для людзей. Зямля Вам пухам, сп. прафесар.
Калектыў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксандра. Светлая памяць.
Юры Ліхтаровіч