Беларуская Служба

Праф. Вячаслаў Швед: Каліноўскі прама не гаварыў аб стварэнні беларускай дзяржавы, але ішла гаворка пра незалежную дзяржаву

02.02.2023 15:57
Гісторык Вячаслаў Швед лічыць, што Каліноўскі быў не толькі шляхецкім паўстанцам, але і рэвалюцыянерам-дэмакратам.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". В.Швед пра паўстанне 1863 г.
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://twitter.com/ForumFZP/status/1617074001074962432/photo/1

160 год таму пачалося паўстанне, якое ў 1863-1864 гг. ахапіла як землі Польшчы, так і Літвы, Беларусі і Украіны (Валыні). 22 студзеня адзначаўся пачатак паўстання ў Польшчы. А 1 лютага паўстанне ахапіла Літву і Беларусь. 

Памятныя мерапрыемствы к 160-годдзю пачатку Студзеньскага паўстання ў Польшчы прайшлі сёлета на дзяржаўным узроўні. І ўвогуле, іх яшчэ будзе нямала. У Беларусі ж гадавіна гэтага паўстання адзначалася заўсёды па-рознаму. Гэта залежала ад пануючай у краіне дзяржаўнай ідэалогіі.

Прафесар Вячаслаў Швед, які з’яўляецца адным з даследчыкаў паўстання 1863-1864 гг., які сам родам з Гродзеншчыны (дзе быў адзін з эпіцэнтраў паўстання), а цяпер працуе на кафедры міжкультурных даследаванняў факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, пабываў на афіцыйных мерапрыемствах у Варшаве. На яго думку, нічога падобнага, прынамсі на яго памяці, у Беларусі ніколі не адбывалася.

Вячаслаў Швед: — Нават у пачатку 1990-х гг. такога фармату мерапрыемстваў не было, не прыпомню. Выходзілі кнігі, паштоўкі, праводзіліся канферэнцыі ў АН, ВНУ, асабліва ў Гродзенскай вобл. На дзяржаўным узроўні ў савецкі час і пазней у Беларусі Каліноўскі быў героем антыцарскай сялянскай барацьбы.

У апошні час Каліноўскі абсалютна згодна з гістарычнымі фактамі лічыцца лідарам змагання за незалежнасць ад Расіі. Іншая справа, за незалежнасць чаго — Польшчы або Літвы і Беларусі. Пытанне дыскусійнае...

Аднак у дзяржаўных ідэолагаў у сучаснай Рэспубліцы Беларусь погляды ўжо сфарміраваліся.  

Так, удзельнікі выязнога семінара, арганізаванага 25 студзеня Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў, з удзелам кіраўніцтва Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму, устаноў адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Беларускай праваслаўнай царквы, абмеркаваўшы гісторыю, асаблівасці, перспектывы і кірункі дзяржаўнага будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, адзначылі наступнае: «у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыйскай імперыяй, Прускім Каралеўствам і Расійскай імперыяй у 1772, 1793 і 1795 гг. землі сучаснай Беларусі паступова былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, што забяспечыла Беларусі тэрытарыяльную цэласнасць, эканамічную мадэрнізацыю і працяглае мірнае развіццё, спыніла паланізацыю, садзейнічала развіццю нацыянальна-духоўных традыцый, фарміраванню беларускай нацыі, распаўсюджванню пісьменнасці; беларусы разглядаліся як частка трыадзінага (вялікарусы, беларусы і маларусы) тытульнага народа Расійскай імперыі».

У 1863-1864 гг. паўстанцы ваявалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай...

Факты сведчаць, што паўстанне 1863-1864 гг. у Літве і Беларусі мела некалькі вымярэнняў. Яно можа разглядацца і як польскае нацыянальна-вызваленчае, калі пад палякамі разумець тую частку грамадства, пераважна шляхту, якая сябе суадносіла з польскім народам. У той жа час падчас паўстання актыўна выкарыстоўваліся літоўская і беларуская мовы, гаварылася пра інтарэсы Літвы і Беларусі, што было пэўным крокам да адстойвання мясцовых інтарэсаў, хаця і ў кантэксце агульнага змагання фактычна за аднаўленне былой Рэчы Паспалітай.

Паўстанне не было з’явай адназначнай.

З аднаго боку, яно было накіравана супраць Расійскай імперыі, але за аднаўленне незалежнасці ўсё ж яшчэ польскай Рэчы Паспалітай.

З другога боку, яно было часткай рэвалюцыйнага змагання за сацыяльнае вызваленне, якое знаходзіла спачуванне і ў прагрэсіўнай часткі расійскага грамадства.

З трэцяга боку, сяляне — і ў Польшчы, і ў Літве і Беларусі, як станавіліся ў рады паўстанцаў, так — нярэдка — здавалі іх рускім уладам. Прычым сяляне кіраваліся не нацыянальнымі матывамі, як сцвярджаюць адэпты заходнерусізму і рускага свету, г.зн. выступалі не супраць палякаў як такіх. Сяляне здавалі “паноў”: матывацыя “мужыкоў” была сацыяльная — пратэст супраць сваіх непасрэдных эксплуататараў.

Усе гэтыя аспекты, на жаль, яшчэ неаднолькава дакладна і аб’ектыўна асвятляюцца ў розных сучасных дзяржавах, на тэрыторыі якіх адбывалася Студзеньскае паўстанне.

Вячаслаў Швед: — Ва ўрадзе (“жондзе”) паўстання на Гродзеншчыне, напрыклад, былі шляхцічы і мяшчане, але не было сялян. Але ў „Mużyckaj Praudzie” гаворыцца пра сялян і нядаўнюю рэлігію большасці з іх — уніяцтва. Там гаворыцца пра тое, што павінны быць беларускія школы, але таксама полськія і літоўскія.

Сяляне таксама ішлі ў паўстанцкія атрады.

Я апублікаваў матэрыялы пра погляды Каліноўскага, якія збіраў у апублікаваных крыніцах, а таксама ў архіўных, у т.л. у расійскіх. І я прыйшоў да вываду, што асоба Каліноўскага сфарміравалася пад уплывам як рускіх, так і польскіх рэвалюцыянераў. Ён быў не шляхецкім паўстанцам, а рэвалюцыянерам-дэмакратам, які лічыў, што першасная сацыяльная рэвалюцыя, а за ёю прыйдзе і нацыянальная. Каліноўскі прама яшчэ не гаварыў аб стварэнні беларускай дзяржавы. Але ішла гаворка пра незалежную дзяржаву, і стаяла пытанне: ці будзе яна ў саюзе з Польшчай ці з Расіяй. З расійскімі рэвалюцыянерамі быў кантакт. І калі б яны паднялі паўстанне і ажыццявілі рэвалюцыю, то нашы продкі апынуліся б у складзе новай Расіі, ва ўніі, якая калісьці была з палякамі. Ішла размова пра саюз з дэмакратычнай Расіяй, дзе не будзе прыгонных сялян.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскі гісторык: З Літвы і Беларусі пасля паўстання 1863-1864 гг. у Сібір ссылалі цэлыя засценкі

26.01.2023 15:57
Паводле польскага гісторыка Веслава Цабана, у Сібір было саслана каля 38 тыс. удзельнікаў Студзеньскага паўстання.