Беларуская Служба

Біяграфію гэтай польскай вучонай кітайцы абавязкова чытаюць у школе (ФОТА)

17.05.2025 07:11
У Ноч музеяў запрашаем у музей, прысвечаны гэтай вучонай, каб даведацца, чаму на шлюб яна не апранула белай сукенкі. 
Аўдыё
  • Біяграфію гэтай польскай вучонай кітайцы абавязкова чытаюць у школе
  -,
Біяграфія Марыя Складоўскай-Кюры, версія для дзяцейфота: Беларуская служба Польскага радыё

Сёння ў Польшчы – Дзень музеяў. Гэта маштабная культурніцкая імпрэза, у якой удзельнічаюць сотні ўстаноў у цэлай краіне. Мы таксама наведваем музей – Музей Марыі Складоўскай-Кюры, польска-французскай вучонай у галіне эксперыментальнай фізікі і фізічнай хіміі, двойчы лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі —прэміі па фізіцы (1903) і хіміі (1911).


Прыватныя здымкі Марыі Прыватныя здымкі Марыі

У музеі праходзяць дзве часовыя выставы. Першая з іх «Марыя, ты хто?» расказвае пра польскую лаўрэатку нобелеўскай прэміі, але расказвае па іншаму, чым большасць наведвальнікаў прызвычаілася, гаворыць працаўніца музею Аляксандра Грабоўска:

- Мы паказваем Марыю не толькі як выдатнага навукоўца, якая сядзіць у лабараторыі, праводзіць свае даследаванні. На гэтай выставе мы можам пазнаёміцца ​​з Марыяй з пункту гледжання розных сацыяльных роляў, якія яна выконвала ў сваім жыцці, пазнаёміцца ​​з Марыяй, якая была дачкой, сястрой, была студэнткай, грамадскай актывісткай ці, напрыклад, навукоўцам. У нашым музеі можна пабачыць сапраўднае лабараторнае абсталяванне, якім яна карысталася. Лабараторныя прыборы, якімі карысталіся Марыя і яе муж, П'ер Кюры, падчас працы ў лабараторыі ў Парыжы былі перададзены нашаму музею сям’ёй лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Напрыклад, мы можам бачыць п'езаэлектрычную вагу, электраскоп.


Арыгінальныя прыборы Кюры Арыгінальныя прыборы Кюры

Усё гэта месціцца ў залі, якая нагадвае лабараторыю, дзе працавала сужэнства. Гэтую лабараторыю Марыя і Пётр называлі паветкай, менавіта ў ёй яны адкрылі два радыеактыўныя элементы: палоній і радый.

Марыя Складоўска-Кюры апрача навукі актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. Для яе было важна, каб падтрымліваць маладых, польскіх, здольных навукоўцаў, кажа Аляксандра Грабоўска:

- Яна запрашала іх да сябе ў Парыж на навуковыя стажыроўкі. Актыўна дапамагала параненым салдатам. Падчас Першай сусветнай вайны рабіла рэнтген параненым салдатам і арганізавала радыелагічную службу. І тут, у Варшаве, яна таксама вельмі хацела стварыць Інстытут радыя, месца, дзе радый выкарыстоўваўся б для лячэння анкалагічных хворых, бо радый меў менавіта такія магчымасці. Марыя аднойчы сказала, што яе самым гарачым жаданнем было стварыць тут, у Варшаве, Інстытут радыя, і ёй удалося ажыццявіць гэтую мару. Пра гэта таксама можна даведацца на выставе.

Частка экспанатаў прысвечана прыватнаму жыццю нобелеўскай лаўрэаткі, пра якое мала гаворыцца. На экспазіцыі дзякуючы шматлікім здымкам можна паглядзець, як Марыя Складоўска-Кюры выглядала ў прыватным жыцці, дома, падчас правядзення вольнага часу.

- У нас тут ёсць два вельмі цікавыя фотаздымкі, у прыватнасці Марыі падчас яе вяселля. Гэтае фота цікавае тым, што Марыя на ім апранута ў цёмную сукенку. Гэта вясельнае фота, таму можна было чакаць, што Марыя будзе апранута ў светлую сукенку, як гэта звычайна бывае на сённяшніх вяселлях. Але гэта было не так, бо Марыя была вельмі практычнай жанчынай і проста вырашыла, што цёмную сукенку можна будзе выкарыстоўваць пазней, напрыклад, пры працы ў лабараторыі. А другое такое фота — гэта фатаграфія з мядовага месяца Марыі і Пятра. На гэтым фота мы бачым лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, якія стаяць у садзе, а побач з імі стаяць ровары. Таму што Марыя і Пётр, акрамя любові да навукі, таксама любілі актыўна праводзіць вольны час. Менавіта так Марыя праводзіла свой вольны час, напрыклад, катаючыся на роварах, ходзячы ў паходы ці плаваючы. Менавіта так яна старалася выхоўваць сваіх дзвюх дачок - Еву і Ірэну. Яна хацела, каб яе дочкі развіваліся не толькі інтэлектуальна, але і шмат вольнага часу прысвячалі спорту, праводзячы гэты час на свежым паветры, бо, на думку Марыі, гэта дапамагала ім развівацца інтэлектуальна.


Біяграфія вучонай выдадзена ў больш, чым 80 краінах Біяграфія вучонай выдадзена ў больш, чым 80 краінах

Другая выстава «Ева пра Марыю. Гісторыя пэўнай кнігі» прэзентуе феномен біяграфіі Марыя Складоўскай-Кюры. Першую біяграфію напісала яе малодшая дачка Ева Кюры. На выставе паказаныя некалькі дзясяткаў выданняў біяграфіі ў папяровай форме. Біяграфія польскай вучонай была выдадзена ў больш, чым 80 краінах.

-  Гэта ўнікальныя выданні. Гэта першыя выданні кнігі на польскай мове. У нас таксама ёсць выданні на многіх экзатычных мовах, у тым ліку японскае выданне, версія для дзяцей, версія з малюнкамі. З кнігі мы можам шмат чаго даведацца пра жыццё Марыі тут, у Варшаве, перад ад'ездам у Парыж. Ёсць гісторыі з яе дзяцінства і юнацтва. Напрыклад, мы можам даведацца, куды Марыя хадзіла маленькай дзяўчынкай купляць яблыкі. Якімі былі ўрокі ў доме Складоўскіх, як дзеці вывучалі геаграфію і прыроду. Кніга, паколькі напісана дачкой, якая не была асабліва захоплена навукай і не займалася ёю прафесійна, не мае такога навуковага зместу. Перш за ўсё, Ева засяроджваецца на тым, каб паказаць Марыю, як звычайную жанчыну, як маці, як жонку.


Розныя выданні біяграфіі польскай вучонай Розныя выданні біяграфіі польскай вучонай

Падчас Ночы музеяў наведвальнікі змогуць не толькі паглядзець гэтыя выставы, але і паслухаць некалькі фрагментаў біяграфіі. Выбраныя фрагменты гэтай кнігі ў музеі прачытае прафесійная актрыса.

Для наведвальнікаў падрыхтаваныя два навуковыя паказы. Першы будзе тычыцца радыеактыўнасці, з'явы, з якой працавала Марыя Складоўска-Кюры. А другі будзе прысвечаны ўльтрафіялетаваму выпраменьванню.

Музей Марыі Складоўска-Кюры размешчаны ў прыгожым будынку XVIII стагоддзя, у Варшаве па адрасе вуліца Фрэта, 16. Гэта месца нараджэння лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі. Менавіта тут 7 лістапада 1867 года нарадзілася Марыя Складоўска.

У музеі падкрэсліваюць, гэта асабліва важна для турыстаў, якія масава наведваюць пляцоўку не толькі ў Ноч музеяў. Прыходзіць асабліва шмат турыстаў з азіяцкіх краін: з Японіі, Кітая і Карэі. Яны вельмі добра ведаюць лаўрэатку Нобелеўскай прэміі, таму што ў Японіі і Карэі біяграфія, пра якую мы сёння расказалі, абавязковая для чытання ў школе.

слухайце аўдыё

ав


.