Беларуская Служба

«Новая беларуская дыяспара ў Польшчы: сітуацыя і перспектывы»

16.09.2025 14:22
Размова з заснавальнікам новай арганізацыі беларускай дыяспары ў Польшчы Аляксеем Дзікавіцкім.
Аўдыё
  • «Новая беларуская дыяспара ў Польшчы: сітуацыя і перспектывы»
Аляксей Дзікавіцкіфота: Беларуская служба Польскае радыё

На мінулым тыдні была пададзеная заяўка на рэгістрацыю новай беларускай арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Польшчы». Пра сітуацыю і перспектывы, а таксама пра асноўныя напрамкі дзейнасці новай арганізацыі з яе сузаснавальнікам і старшынёй Аляксеем Дзікавіцкім размаўляе Яраслаў Іванюк.

– Арганізацыяў беларускай дыяспары ў Польшчы шмат. Адкуль ідэя стварыць новую?

– Я вельмі рады, што арганізацыяў шмат, бо гэта сведчыць пра актыўнасць супольнасці. Але нам, заснавальнікам гэтай новай ініцыятывы, здаецца, што за апошні час дыяспара так моцна разраслася, што гэта абсалютна нармальна, што арганізацый шмат. З іншага боку, не ўсе яны фармальныя і зарэгістраваныя. Ёсць ініцыятывы, ёсць нефармальныя аб’яднанні, і толькі невялікая частка з іх сапраўды прадстаўляе інтарэсы дыяспары перад уладамі Польшчы – мясцовымі або дзяржаўнымі. Агульнага фронту няма. Мне хацелася б, каб наша арганізацыя стала тым месцам, куды можна тэлефанаваць па пытаннях кансультацый: напрыклад, па заканадаўчых або палітычных рухах, якія датычаць дыяспары. Гэта не значыць, што мы будзем самі вырашаць усё за ўсіх. Неабходна сітуатыўна аб’ядноўваць розныя ініцыятывы для працы па канкрэтных кірунках.

– Чаму не стварыць тады саюз аб’яднанняў, «парасонную» арганізацыю?

– Магчыма, гэта было б лагічна, але з майго досведу беларусаў замежжы, імкненне стварыць моцную «парасонную» структуру можа выклікаць недавер. Людзі могуць падумаць, што новая арганізацыя хоча ўсё кантраляваць або атрымліваць з гэтага выгаду. Таму нам падаецца, што сітуатыўнае аб’яднанне – гнуткае, па патрэбах – будзе больш эфектыўным.

– Вельмі важна мець аўтарытэт. Як вы яго будзеце здабываць?

– Так, аўтарытэт вельмі важны. Мы плануем яго здабываць паступова: праз сумленную працу, праз тое, што будзем карыснымі дыяспары. Для мяне, як ініцыятара арганізацыі, важна, каб яна была абсалютна апалітычная. Палітычная прысутнасць адразу адштурхоўвае шмат людзей. Палітыкі могуць дапамагаць, падтрымліваць, але інтарэсы дыяспары павінна прадстаўляць сама дыяспара.

Полўная размова - у далучаным гукавым файле. 

слухайце аўдыё