Беларуская Служба

«Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку» — казалі нашы продкі пра свята ўраджаю

22.09.2025 15:26
Такі абрад рэканструявалі ўчора беларусы супольна з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.
Аўдыё
:
Фота:Анна Пятроўская

Багач  так прынята зваць свята ўраджаю, калі канчаецца жніво і кожны гаспадар можа ацаніць, з чым будзе зімаваць. У Падляшскім Музеі народнай культуры ў Васількаве пад Беластокам прайшло адмысловае свята ды абрад Багача. Былі спевы, танцы ды абавязкова жменька жыта і свечка, якую запальваў гаспадар. Гэта мела прынесці ў дом багацце і шчасце.

«Мы цікавімся народнай культурай, а Багач гэта свята ўраджаю, калі ўсе святкуюць, час радасці і танцаў. У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю і першаму запальванню васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года. Мы стараeмся ў такі рэканструкцыйны спосаб захоўваць беларускую традыцыю Багача», — падкрэсліваюць удзельнікі свята.


Фота: Фота:

Напярэдадні Багача можна было прыняць удзел у майстар-класах традыцыйнага спеву «Песні Беласточчыны».

Багач адзначаюць падчас восеньскага раўнадзенства, 21 верасня. Свята зафіксаваў Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.

Анна Пятроўская

Слухайце далучаны гукавы файл