Наш суразмоўца — гісторык, культурны антраполаг, дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сцяпан Стурэйка. Гутарым пра новы культурніцкі альманах Ctrl+S, які выдаецца ў ЕГУ.
— Цікавая нетрадыцыйная назва альманаха – што ён сабой уяўляе, якія яго мэты?
— Ctrl+S – гэта камп’ютарная каманда. У перакладзе на чалавечую мову – захаваць. Альманах цалкам прысвечаны праблематыцы захавання культурнай спадчыны, і ў ім мы імкнёмся размаўляць, дыскутаваць пра спадчыну, не ігнаруючы рэаліі ХХІ стагоддзя і шукаючы новыя падыходы да працы з ёй.
— А калі канкрэтызавацца – пра якія новыя падыходы вядзецца мова?
— Вельмі часта пра культурную спадчыну кажуць у такім залогу кансервацыі, аховы. Мы адмыслова кажам не «ахова», а «захаванне», бо тут гаворка не столькі пра юрыдычную тэрміналогію, сэнсы, адміністрацыйную адказнасць, колькі пра дынамізм і насычанасць сэнсамі, інтэрпрэтацыямі саміх нашых адносін са спадчынай, а ўрэшце-рэшт — паміж сабой і нашымі каштоўнасцямі. Спадчына перадусім — гэта каштоўнасці і сэнсы, якімі мы аперуем.
— Апошні нумар вашага альманаха прысвечаны спадчыне Вільні…
— Ён не столькі прысвечаны спадчыне Вільні, колькі тым інстытуцыям, ініцыятывам, арганізацыям, якія працуюць з гэтай спадчынай і з цяжкасцямі, праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца. І мы хацелі паказаць дынамізм, бо часам людзям, далёкім ад такой сферы, падаецца, што спадчына — гэта тое, што высечана ў камені: помнікі, храмы і г.д., што таксама праўда. Але не менш істотна, што спадчына — вынік творчай, грамадскай, навуковай і іншай дзейнасці канкрэтных людзей, і гэта дзейнасць працягваецца ўвесь час.
— Вы сказалі, што гэтай праблематыкай займаюцца розныя людзі, арганізацыі. А якая тэматыка іх дзейнасці, магчыма, нейкія вынікі…
— Калі казаць канкрэтна пра тыя ініцыятывы і арганізацыі, якія апісваем у альманаху, то там даволі шырокі спектр. Напрыклад, ёсць арганізацыя, якая займаецца захаваннем драўлянай гарадской архітэктуры. Або арганізацыя, што працуе над выбудовай стратэгіі аднаўлення гістарычнага парка. Ёсць беларускія арганізацыі, якія займаюцца захаваннем беларускага кампанента шматкультурнай спадчыны Вільні.
— Калі ўсё ж казаць пра беларускія арганізацыі, што іх найбольш цікавіць?
— Я не думаю, што яны нешта канкрэтнае шукаюць, бо гэта спадчына з большага вядомая: вось тут жыў Скарына, вось такая архітэктура, Вялікае Княства і г.д. Яны працуюць над захаваннем шматкультурнай ідэнтычнасці Вільні, і пакуль яны існуюць, пакуль яны дзейнічаюць, Вільня застаецца такой багатай, цікавай, шматмернай, якой яна і ёсць. Трэба дадаць, што акрамя беларускіх арганізацый там ёсць і яўрэйскія, і польскія, і караімскія, і шмат іншых. І ўсё гэта стварае гэту мазаіку.
— Як успрымаецца ў сучаснай Літве такое культурніцкае шматгалоссе?
— Выдатна ўспрымаецца. Адзінае, што сёння існуе геапалітычны разлом, які падзяліў наш рэгіён на дзве часткі, што глядзяць адна на адну праз прыцэл. На жаль, гэта рэальнасць, у якой мы жывём, і яна накладвае адбітак на стаўленне да беларусаў у Вільні. Але насамрэч толькі на палітычным узроўні. Жыхары Вільні і спецыялісты па культурнай спадчыне, якія вырашаюць канкрэтныя пытанні штодня, цалкам падзяляюць тэзу пра каштоўнасць шматмоўнасці, шматкультурнасці, у тым ліку беларускай Вільні.
— Калі вярнуцца да вашага альманаха – гэта ўжо чацвёрты нумар. А што было ў трох папярэдніх?
— Самы першы быў прысвечаны канцэпцыі «Еўрапейская спадчына». Там мы разважалі, што маем на ўвазе пад гэтым паняццем. Другі выпуск выйшаў ужо падчас вайны і меў загаловак «Спадчына як выпрабаванне». Галоўнае выпрабаванне, на якое мы звярталі ўвагу, — як у час вайны, якая моцна паўплывала на наш рэгіён, працягваць займацца спадчынай і культурай. Трэці выпуск быў прысвечаны тэме ўтопіі спадчыны. У размовах пра яе вельмі важныя каштоўнасці і ўяўленне аб абстрактным ідэальным. Тобок вось бы было добра, каб мы аднавілі замкі і палацы, або каб рэалізоўваўся сацыяльны, культурны, экалагічны патэнцыял. Мы глядзелі на ідэалы мінулага (80-х–90-х) і спрабавалі прааналізаваць утопіі будучыні, тобок як сёння мы ўяўляем тое, што будзе цудоўна. І гэтыя ўтопіі розныя, таму выпуск атрымаўся вельмі цікавы.
— Чацвёрты нумар прысвечаны віленскай тэматыцы. А што плануеце далей?
— Зараз ідзе актыўны збор матэрыялаў, і пяты выпуск будзе прысвечаны гісторыі спадчыны, або таму, як нешта становіцца спадчынай. Зразумела, што існуюць вядомыя помнікі, як Каложская царква, але ўвесь час усплывае нешта новае. І вось як і чаму яно становіцца спадчынай — пра гэта будзе наш наступны нумар.
— Што ж, поспехаў.
— Дзякуй вялікі.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл