1 кастрычніка распачаўся новы навучальны год у польскіх ВНУ. У Беластоцкім універсітэце ён стартаваў з новай спецыяльнасцю — беларускай этнафілалогіяй. Пра новы напрамак і магчымасці, якія ён дасць будучым выпускнікам, гавораць выкладчыцы ВНУ – праф. Ганна Саковіч і доктар Ганна Альштынюк.
Прафесар Ганна Саковіч: Этнафілалогія, як вынікае з самой назвы, — гэта спалучэнне трох дысцыплін: філалогіі, мовазнаўства і літаратуразнаўства, а таксама культуролагіі. Менавіта ўключэнне апошняй дысцыпліны надае гэтаму кірунку наватарскі характар і адрознівае яго ад падобных спецыяльнасцяў, якія ўжо існуюць у Варшаве і Познані.
Мы ўжо сустрэліся з нашымі студэнтамі. Сабралася салідная група — цікавасць была вялікая, хоць спачатку на першы этап паступлення дакументы падалі толькі сем чалавек. Магчыма, гэта адбылося таму, што не ўсе ведалі пра неабходнасць падачы арыгіналаў дакументаў у вызначаны тэрмін.
У другім этапе з’явіліся новыя кандыдаты, але ўзніклі іншыя цяжкасці — міністэрства двойчы змяняла правілы прыёму. Напрыклад, спачатку не патрабавалася здача экзамену па польскай мове, а пазней з’явілася неабходнасць прадставіць сертыфікат ведання польскай на ўзроўні В1, адпаведна патрабаванням міністэрства. Таму некаторыя кандыдаты, якія раней маглі быць залічаны, страцілі такую магчымасць.
Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, група ўсё ж сфармавалася. Сярод студэнтаў ёсць і беларусы з Польшчы, і з Беларусі. Гэта людзі рознага ўзросту — ад нядаўніх выпускнікоў сярэдніх школ да тых, хто ўжо мае жыццёвы і прафесійны досвед. Аб’ядноўвае іх адно — свядомасць сваёй ідэнтычнасці, цікавасць да роднай культуры і мовы.
Беларускія студэнты з метраполіі, якія толькі пачынаюць вучобу на філалагічным факультэце, адрозніваюцца вялікай зацікаўленасцю і матывацыяй. Пасля заканчэння першай ступені па кірунку «Этнафілалогія беларуская» яны змогуць стаць спецыялістамі ў галіне беларусістыкі, працаваць у культурных установах або, пасля праходжання педагагічнага цыклу, стаць настаўнікамі беларускай мовы. Гэта асабліва важна цяпер, калі многія вопытныя педагогі выходзяць на пенсію, а моладзі, якая магла б іх замяніць, не хапае.
Слухайце далучаны гукавы файл
Яраслаў Іванюк