Беларуская Служба

Арганізатары «Прадмовы» ў Вільні: Мы атрымалі неверагодную колькасць заяў

15.10.2025 13:40
Лозунг сёлетняга фестывалю сімвалічны – «Птушкі без гнёздаў».  Загаловак успамінаў Ларысы Геніюш, якая, як і сучасныя беларусы, спазнала лёс эмігранта.
Аўдыё
  • Арганізатары «Прадмовы» ў Вільні: Мы атрымалі неверагодную колькасць заяў
Дыскусія ў рамках «Прадмовы»фота: Я.Іванюк

Спачатку Фестываль інтэлектуальнай кнігі  праходзіў у Беларусі. Аднак усё змянілася ў 2020 годзе, калі пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў і хвалі рэпрэсій супраць усяго, што беларускае, радзіму пакінулі сотні беларускіх інтэлектуалаў, пісьменнікаў, мастакоў ці акцёраў ды наагул творчых людзей. Арганізацыйны камітэт «Прадмовы» вырашыў праводзіць фестываль у эміграцыі.

Сёлета гэта – чатыры гарады ў трох краінах. Падчас мінулых выходных беларускія літаратары і кнігавыдаўцы сустрэліся ў Вільні.

Лозунг сёлетняга фестывалю вельмі сімвалічны – «Птушкі без гнёздаў» – загаловак успамінаў Ларысы Геніюш, беларускай паэткі, якая, як і сотні тысяч сучасных беларусаў, спазнала лёс эмігранта.

Як прызнае Ліля Ілюшына з аргкамітэта фестывалю, хаця «Прадмова» наведвае Вільню ўжо ў чацвёрты раз, такой багатай праграмы яшчэ не было. Фестываль доўжыўся тры дні, а не як звычайна два, і праходзіў на двух пляцоўках. Гэта, безумоўна, быў арганізацыйны і лагістычны выклік для каманды «Прадмовы».

Ліля Ілюшына: Фестываль «Прадмова» мае традыцыю адкрытага адбору ўдзельнікаў. Мы прымаем заяўкі праз адкрыты кол, звяртаемся да аўтараў, збіраем прапановы, але значную частку праграмы фармуем самастойна – арганізуем дыскусіі, запрашаем лектараў і экспертаў.

Сёлета магчымасці былі больш абмежаваныя, бо мы атрымалі неверагодную колькасць заяў, у тым ліку і на віленскую частку. На жаль, не ўсе прапановы мы маглі прыняць. Шкада, бо хацелася б даць слова як мага большай колькасці аўтараў і прадставіць больш кніг. Але такая колькасць заяў – доказ таго, што беларуская літаратура жыве, і мы вельмі ўдзячныя аўтарам, выдавецтвам і інтэлектуалам за іх ініцыятыву.

Моцны бок фестывалю – яго разнастайнасць. У праграме кожны можа знайсці нешта для сябе. «Прадмова» – гэта мультыжанравы фестываль, які аб’ядноўвае літаратуру, філасофію, навуку і мастацтва.

Асабліва цікавай была прэзентацыя супольнасці «Зіна Памылка» – праекту, прысвечанага беларускай навуковай тэрміналогіі і папулярызацыі навукі па-беларуску. Гэта ўнікальная з’ява для нашага кантэксту: удзельніцы займаліся нават аналізам лексікі, звязанай з касметыкай і гігіенай – атрымалася і пазнавальна, і з гумарам.

Мелі месца таксама філасофскія дыскусіі, паэтычныя вечарыны, прэзентацыя кнігі пра «Майстроўню» – падзея, якая сабрала галоўных удзельнікаў гэтага руху: Алега Шупу, Вінцука Вячорку і іншых.


. 
. 
.
 
. 
. .