Беларуская Служба

П'есу, заснаваную на гісторыях затрыманняў журналістаў у 2020-ым годзе, пакажуць у Варшаве

05.02.2026 13:39
Гэта будзе спектакль на тэму журналістыкі і сітуацыі, у якой яна знаходзіцца апошнія пяць гадоў. Аднак там таксама праводзяцца гістарычныя аналогіі.
Аўдыё
  • П'есу, заснаваную на гісторыях затрыманняў журналістаў у 2020-ым годзе, пакажуць у Варшаве
7     Teatr Powszechny   The Last Witness of Old Hrodna
7 лютага на сцэне варшаўскага Teatr Powszechny пакажуць спектакль The Last Witness of Old Hrodna Фатограф: Alexandra Kononchenko

7 лютага на сцэне варшаўскага Teatr Powszechny пакажуць спектакль The Last Witness of Old Hrodna (Апошнi сведак [старога Гродна]) – гісторыю пра чалавека, які збіраў мінулае свайго горада, а апынуўся ўнутры зламанага сучаснага часу. А таксама пра ролю незалежных беларускіх СМІ ў захаванні нацыянальнай памяці.

З апісання спектаклю: «Кожны дзень Руслан едзе на ровары па вуліцах Гродна, улоўліваючы пульс навін. Яго сапраўдны запал – збіраць гісторыі свайго старога горада і яго жыхароў, раскрываючы праўду пра гісторыю Гродна. Калі Гродна становіцца адным з цэнтраў беларускіх пратэстаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, Руслан сам становіцца мішэнню пераследу. Калі сістэма яго ідэалаў разбураецца, ён пачынае бачыць выразныя паралелі паміж трывогамі сучаснасці і падзеямі мінулага».

П'еса заснавана на гісторыях затрыманняў журналістаў у 2020-ым годзе. Гэта будзе спектакль у першую чаргу на тэму журналістыкі і сітуацыі, у якой яна знаходзіцца апошнія пяць гадоў. Аднак там таксама праводзяцца гістарычныя аналогіі, расказвае аўтарка Амалія Рызніч:

- Мы праводзім пэўную аналогію, што ў нейкім сэнсе журналісты нашага часу, людзі, якія фіксуюць інфармацыю, таксама становяцца сведкамі таго кантэксту, у якім існуем зараз мы. Такімі ж сведкамі, як былі героі інтэрвʼю Руслана аб перыядзе 1939-1945 гадоў. Увогуле, у нас там існуе гістарычная арка, і вось яна як раз перасякае тыя часы, якія адбываліся ў 2020 годзе з часам 1939-1945 гадоў, калі спачатку была савецкая акупацыя, пасля гэтага нямецкая і потым ужо зноў савецкая. Як аўтар, мне, канешне, здаецца, што гэтая тэма і тое, як у нас гэтая тэма раскрытая, як напісаны гэты тэкст, у большай ступені гэта для беларусаў. Хоць, вядома, у мяне ёсць надзея, што тыя архетыпічныя мадэлі, якія там паказаны, яны будуць зразумелыя чалавеку з розным культурным кодам. Але ўсё ж, вядома, той кантэкст, які там раскрываецца, ён найперш будзе зразумелы чалавеку, які нейкім чынам гэтыя падзеі перажываў ці меў нейкае дачыненне да іх.

. 

Кірыл будзе граць галоўнага героя, Руслана, праўда не ў Варшаве, а ў Парыжы. Ён кажа, што задача – расказаць ці нагадаць пра падзеі 2020 года. Як за адзін момант з людзей пад націскам можна зняць ружовыя акуляры, як два бакі ў адзін момант могуць стаць ворагамі:

- Як добра сказаў рэжысёр, не трэба граць Руслана, трэба граць чалавека ў абставінах. Я, мы, шмат беларусаў былі ў абставінах 2020 года. Часам цяжка ў некаторых сцэнах згадваць моманты гвалту і зноў акунацца ў гэта, але досвед ёсць. Задача распавесці, як за адзін момант з людзей могуць зняць ружовыя акуляры пад націскам, што адбываецца са светапоглядам, як людзі становяцца ворагамі. Для мяне гэта гісторыя пра гэта. І гэта гісторыя незалежных СМІ. Як іх выціснулі з краіны.

Аляксандр упэўнены, што казаць пра падзеі 2020-га года надалей трэба, бо, як паказвае сучасная гісторыя, людзі не заўсёды вучацца на памылках:

- Мы бачым, што памяць чалавечая кароткая. У цэнтры Еўропы ідзе вайна, а яшчэ нядаўна ў школе мне расказвалі пра Другую сусветную ці Айчынную вайну. І гэтую гісторыю трэба расказваць. Тым больш, што рэакцыі, калі казаць пра плячо суседніх краін, не было ніякай, як сказаў прэзідэнт Зяленскі, Еўропа не адрэагавала. І нават не ў кантэксце Украіны мы павінны нагадваць адзін адному, што адбываецца. Гэта нагадвае, што трэба ісці і прагнуць гуманных, чалавечых адносін. Будаваць адносіны і грамадства так, каб ніколі падобнае не здарылася. Можа гэта і ружовыя акуляры, але калі да гэтага не імкнуцца, то гэта нават непавага да сябе. Таму нагадваць трэба.


. 

«The Last Witness of Old Hrodna» вырас з праекту, які адбываўся ў Берліне, гаворыць аўтарка Амалія Рызніч:

- Першапачаткова гэты спектакль вырас з праекту, які адбываўся ў Берліне, сумесна з тэатрам імя Горкага «Echo of the Civic Resilience». І адным з галоўных арганізатараў быў фонд «Маршала». І ён, увогуле, як раз быў прысвечаны тэмам актывізма ў краінах Усходняга партнёрства, гэта значыць у Беларусі, у Расіі і ва Украіне. Мы прадстаўлялі беларускую каманду на гэтым праекце. І вось у ходзе гэтага праекта была напісана пʼеса і прэзентавана ў тэатры імя Горкага яшчэ ў снежні 2024 года. Прэзентацыя на той перыяд атрымалася вельмі ўдалая, таму ў нас зʼявілася магчымасць працягваць гэтую працу, прыцягнуць яшчэ партнёраў і паказаць яе ў Варшаве, а таксама яшчэ будзе паказ у Парыжы. Ну і вось мы разлічваем, што ў нас яшчэ будзе паказ у Капенгагене ў другой палове красавіка. Калі казаць пра пастаноўку, мы змянілі мову. Калі на момант прэзентацыі мы гралі на рускай з англійскімі субцітрамі, то зараз мы перайшлі на англійскую. У нас засталася руская мова ў пэўных персанажаў, якія прадстаўляюць адваротны бок падзей, якія мы паказваем, і беларускую мову.

Пасля спектаклю адбудзецца дыскусія на тэму «Перспектывы змен у Беларусі: 2026 год» з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў.

ав

слухайце аўдыё