Беларуская Служба

Гродна стала беларускім горадам дзякуючы саветызацыі – гісторык

18.06.2026 06:02
Нямецкі гісторык захапіўся горадам на Нёмане, вывучыў беларускюу мову і напісаў кнігу па гісторыі Гродна.
Аўдыё
  • Гродна стала беларускім горадам дзякуючы саветызацыі – гісторык
       .
Нямецкі гісторык Фелікс Акерман на сустрэчы з чытачамі. Фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё

Фелікс Акерман упершыню наведаў Гродна ў 2003 годзе і адразу зразумеў, што гэты горад заслугоўвае асаблівай увагі з боку заходніх даследчыкаў. Нямецкі гісторык убачыў у Гродне ўнікальную прастору, праз гісторыю якой можна лепш зразумець Беларусь, яе адносіны з Савецкім Саюзам, Польшчай і іншымі краінамі рэгіёну.

. .

Каб глыбей спасцігнуць мясцовыя рэаліі і сучасныя кантэксты горада, Фелікс Акерман пачаў шукаць людзей, якія размаўляюць па-беларуску, і менавіта ад іх вывучаў беларускую мову.

Вынікам шматгадовых даследаванняў стала кніга «Гісторыя Гародні 1919–1991. Нацыяналізацыя, вынішчэнне і саветызацыя сярэднееўрапейскага места», якая выйшла па-беларуску ў 2021 годзе ў выдавецтве «Інбелкульт».

. .

Апошнім часам даследчык сустрэўся са сваімі чытачамі і аматарамі гісторыі горада на Нёмане ў Вільні, Беластоку і Варшаве. Сёння Фелікс Акерман – наш суразмоўца, а пагаворым з ім пра яго кнігу, пра Гродна і пра тое, як погляд нямецкага гісторыка дапамагае па-новаму ўбачыць гісторыю гэтага горада і Беларусі ў цэлым.

— Я разглядаў горад такім, якім ён быў у 1920-30-х гадах. Беларуская прысутнасць у ім існавала, але была даволі разрозненай, не надта прыкметнай і не вельмі моцнай. Было няшмат інстытуцый, якія дзейнічалі б на пастаяннай аснове.

Я лічу, што гэта не надта зручная гісторыя для аповеду, але Гродна стала беларускім горадам у дэмаграфічным сэнсе менавіта дзякуючы саветызацыі. Пасля вайны сюды прыехала шмат людзей з беларускіх вёсак, і ў выніку цяпер у горадзе жыве больш беларусаў, чым да вайны было жыхароў увогуле.

Дарэчы, тое самае можна сказаць і пра палякаў: фармальна сёння ў Гродне жыве больш палякаў, чым перад вайной.

Для мяне было важна займацца гэтай тэмай з нямецкага пункту гледжання, бо вайна, вынішчэнне яўрэяў і знішчэнне старога горада – гэта ўсё ж такі ў значнай ступені вынік нямецкай палітыкі і дзеянняў. Зразумела, што адбывалася гэта і ў кантэксце супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам.

Таму ў кнізе я разглядаю яўрэйскую, польскую, беларускую, праваслаўную, пратэстанцкую супольнасці. Былі там і немцы, як, напрыклад, у Беластоку, дзе існавала старая каланісцкая абшчына.

Мне было цікава знайсці мову і спосаб аповеду, якія дазволілі б расказаць пра ўсіх іх.

Вядома, такі падыход не можа ўсім спадабацца. Напэўна, ён не ўсім спадабаецца ў яўрэйскім асяроддзі, дакладна не ўсім у польскім, і, дарэчы, за гэта мяне крытыкавалі таксама і некаторыя беларусы ў Вільні.

З Феліксам Акерманам размаўляў Яраслаў Іванюк.

размова цалкам – слухайце аўдыёфайл