Беларуская Служба

Для сучаснай эканомікі вельмі важная інавацыйнасць

28.06.2019 14:05
Кожны мільён злотых, прызначаны на інавацыйныя праекты, дае 14 мільёнаў прыбытку.
www.pixabay.comCC0 Creative Commons
www.pixabay.com/CC0 Creative CommonsPixabay

Выданне «Dziennik Gazeta Prawna» прысвячае дзве паласы на падсумаванне панэльнай дыскусіі «Крыніцы фінансавання эканамічнага развіцця», якая адбылася падчас Форуму «Бачанне развіцця» у Гдыні.

Для сучаснай эканомікі вельмі важная інавацыйнасць, у гэтым няма сумненняў. У Польшчы мала сродкаў на інвестыцыі ды інавацыю з уласных крыніц, паколькі польскія кампаніі маюць няшмат зберажэнняў, таму як правіла інвестыцыі ў краіне рэалізуюць заходнія фірмы, і, адпаведна, яны атрымліваюць большасць даходу. Каб сродкаў на інвестыцыі было больш, асабліва тады, калі закончацца грошы з Еўрапейскага Саюзу, польскія прадпрыемствы павінны ўводзіць праграмы ашчаднасці. Адна з важнейшых задач, якая стаіць перад дзяржавай – заахвоціць людзей адкладваць частку грошай, асабліва эканоміць на пенсію.

Для развіцця эканомікі самыя важныя інвестыцыі ды інавацыі. Паводле словаў старшыні Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва Малгажаты Алешчук, кожны мільён злотых, прызначаны на інавацыйныя праекты, дае 14 мільёнаў прыбытку. Гэта грошы, якія дазваляюць фірмам развівацца. У Польшчы ёсць нямала праграм падтрымкі прадпрыемстваў, асабліва малых і сярэдніх. У сваю чаргу Агенцтва развіцця прамысловасці стварыла адмысловыя пункты дапамогі тым кампаніям, якія хацелі б выйсці на замежныя рынкі. Дзякуючы такіх пунктам бізнесмены ў адным месцы могуць атрымаць усю інфармацыю пра магчымасці фінансавання экспартнай дзейнасці. Таксама ўрадавыя праграмы станоўча ўплываюць на развіццё эканомікі, напрыклад, дзякуючы праграме 500+, у рамках якой сем’і атрымліваюць фінансавую дапамогу на дзяцей, павышаецца пакупніцкая здольнасць жыхароў Польшчы, а гэта спрыяе развіццю эканомікі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг