Беларуская Служба

Антыманапольнае ўпраўленне аштрафавала сетку Biedronka на 26 мільёнаў еўра

11.08.2020 16:03
Кампанія Jeronimo Martins Polska некалькі гадоў размяшчала на паліцах больш нізкія цэны, чым тыя, якія кліенты плацілі ў касе.
Аўдыё
  • Кампанія Jeronimo Martins Polska некалькі гадоў размяшчала на паліцах больш нізкія цэны, чым тыя, якія кліенты плацілі ў касе.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:MichaelGaida/pixabay.com/CC0 Public Domain

Упраўленне па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў наклала штраф у памеры 115 мільёнаў злотых (больш за 26 мільёнаў 136 тысяч еўра) на кампанію Jeronimo Martins Polska – уладальніка сеткі крамаў Biedronka.

Паводле ўпраўлення, кампанія некалькі гадоў размяшчала на паліцах больш нізкія цэны, чым тыя, якія кліенты плацілі ў касе. Часам наогул не было ніякай інфармацыі пра цану прадукту.
Старшыня  Упраўлення па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў Томаш Хрустны(Tomasz Chróstny) заявіў, што ўпраўленне занялaся справай пасля многіх скаргаў кліентаў.

-Мы атрымалі сотні скаргаў ад кліентаў, якія датычылі парушэнняў пры размяшчэнні цэнаў на таварах у сетцы крамаў Biedronka. Кліенты скардзіліся, што ў касе цана на тавар вышэйшая, чым на паліцы, або на палічцы наогуль няма цаны. Гэта пацвердзілі вынікі кантролю Гандлёвай інспекцыі. Апрача таго, аказалася, што гэткія практыкі працягваліся, як мінімум, з 2016 году.

Томаш Хрустны падкрэсліў, што шматгадовая практыка ўладальнікаў сеткі крамаў Biedronka прывяла спажыўцоў да рэальных страт.

- Цана – адзін з найважнейшых крытэраў, які кліенты бяруць пад увагу падчас выбару прадукту. Таму недапушчальным з’яўляецца масавае парушэнне асноўных правоў спажыўцоў, у тым ліку права на сумленную інфармацыю. Абавязак кожнага прадаўшчыка - правільна пазначыць цану тавару. Між тым, у сетцы крамаў Biedronka ажно 14% тавараў наогул не мела цаны.

Упраўленне па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў нагадвае, што калі цана ў касе вышэйшая за цану на тавар на палічцы, то кліент мае права набыць тавар па гэтай ніжэйшай.

аз