Беларуская Служба

У Польшчы са студзеня вырастуць цэны на электраэнергію

11.12.2020 18:16
У параўнанні з іншымі краінамі Еўрасаюза электрычнасць у Польшчы не самая дарагая.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.analogicus/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы са студзеня вырастуць цэны на электраэнергію, паведамляе газета Rzeczpospolita. Старшыня Ўпраўлення рэгулявання рынку электраэнергіі падпісаў распараджэнне, якое тычыцца павелічэння тарыфаў на электрычнасць. У студзені тарыфы вырастуць у сярэднім на 3,5%. З просьбай павялічыць тарыфы звярнуліся да рэгулятара тры дзяржаўныя энергаканцэрны. Пры гэтым яны хацелі большага павелічэння цэн, аднак на гэта не згадзілася ўпраўленне. На адну хатнюю гаспадарку рост будзе нязначным і складзе, як падлічылі эканамісты, у пераводзе са злотых каля 50 еўрацэнтаў.

Але насамрэч цэны на электрычнасць вырастуць больш, таму што з новага года будзе ўведзены новы збор, які ў сярэднім складзе каля 2 еўра ў год. Згаданы збор уводзіцца ў сувязі з тым, што ў асноўным электраэнергія ў Польшчы вырабляецца з вугалю. А вядома, што вугаль – гэта неэкалагічнае паліва, і Польшчы паводле міжнародных пагадненняў прыходзіцца плаціць дадатковыя кошты за выкіды вуглякіслага газу. І таму з'явілася новая аплата.

Дарэчы, у параўнанні з іншымі краінамі Еўрасаюза электрычнасць у Польшчы не самая дарагая – краіна са сваімі цэнамі месціцца недзе ў сярэдзіне цэнавага рэйтынгу. Найдаражэй за электраэнергіі трэба плаціць у Германіі, пазней – у Даніі, Швецыі, Чэхіі, Фінляндыі, Славакіі. На наступным месцы – Польшча. Менш чым у Польшчы электрычнасць каштуе ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Венгрыі, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс