Беларусь павялічвае тавараабарот з краінамі Еўрасаюза. Ці гэта доказ таго, што супольнасць да гэтай пары толькі прыкідвалася, што змагаецца з дыктатарам? Задумоўваецца Руслан Шошын на старонках выдання Rzeczpospolita.
Да гэтай пары Еўрасаюз увёў ажно чатыры пакеты санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і зараз рыхтуе пяты. Беларускаму дыктатару і больш за 160 асобам з яго блізкага атачэння забаронены ўезд у Еўрасаюз. Яны не могуць тут таксама весці бізнес. У санкцыйным спісе апынуліся больш за дзесяць, падкантрольных Лукашэнку арганізацый і прадпрыемстваў.
На вуснах палітыкаў слова «санкцыі» гучыць злавесна, але рэальнасць зусім іншая. Гандаль ЕС з Беларуссю квітнее, а бюджэт Лукашэнкі расце. Паводле дадзеных беларускага статыстычнага ўпраўлення «Белстата», за дзевяць месяцаў бягучага года тавараабарот з краінамі Еўрапейскага Саюза павялічыўся больш чым на 40% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Больш за тое, беларускі экспарт у ЕС (у параўнанні з паказчыкамі з 2020 года) вырас удвая і вяртаецца на ўзровень да пандэміі. У першым паўгоддзі ён склаў 7 мільярдаў долараў, а за ўвесь 2019 год Мінск зарабіў на гандлі з ЕС 8,4 мільярда долараў. Гэта гіганцкія грошы для краіны з ВУП у 60 мільярдаў долараў.
З кім у першую чаргу гандлюе Мінск? Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Лукашэнкі ў Еўропе застаюцца Германія і Польшча. Са студзеня па жнівень беларуска-нямецкі тавараабарот склаў больш за 2,2 мільярды долараў ЗША (рост на 40%), палова з якіх – гэта беларускі экспарт у Германію.
Між тым, паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, тавараабарот Польшчы з Беларуссю ў першым паўгоддзі бягучага года склаў 2,5 мільярда долараў, з іх імпарт з Беларусі – 1,1 мільярда долараў. Гэта больш, чым у першым паўгоддзі 2019 года, то бок да пандэміі. Тады тавараабарот склаў 2,1 мільярда долараў.
Што імпартуюць польскія кампаніі з Беларусі? Самы буйны артыкул – дрэва і вырабы з драўніны (за 285 мільёнаў долараў). У Беларусі няма прыватных лясоў, таму гэтая галіна знаходзіцца пад прамым і поўным кантролем адміністрацыі Лукашэнкі. Польшча таксама імпартуе невысакародныя металы (181 мільёнаў долараў), мінеральныя прадукты (160 мільёнаў долараў), прадукцыю хімічнай прамысловасці (132 мільёнаў долараў) і г. д. Гэта ўсё вытворчасць дзяржаўных сектараў Беларусі.
З Лукашэнкам гандлююць таксама літоўцы. Паводле «Белстата», тавараабарот за першае паўгоддзе складае больш за 1 мільярд долараў, з якіх больш за 900 мільёнаў – беларускі экспарт у гэтую краіну.
Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў ЕС з'яўляюцца таксама галандцы (1,6 мільярда долараў) і італьянцы (амаль 600 мільярдаў долараў).
«Санкцыі былі ўведзеныя такім чынам, каб не закрануць найбольш важныя пазіцыі беларускага экспарту ў ЕС. Гэта сігнал, а не санкцыі», – каментуе ў выданні Rzeczpospolita вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук і падлічвае, што напрыканцы гэтага года даходы бюджэту Лукашэнкі складуць 25 мільярдаў долараў (у 2020 годзе склялі 21 мільярд).
Насамрэч, санкцыі ЕС маюць больш сімвалічнае і прапагандысцкае значэнне, чым практычнае. Пасля інцыдэнту з пасажырскім самалётам Ryanair зʼявілася інфармацыя, што Брусель нарэшце эканамічна бʼе па Лукашэнку. І хоць забаранілі імпартаваць бітум, парафін і нафтавыя газы з беларускіх НПЗ, то бензін і дызельнае паліва ўжо не. Падобным чынам сітуацыя выглядала ў выпадку вытворцы калійных угнаенняў «Беларуськалій», які на самой справе захаваў магчымасць экспарту важнага для лукашэнкаўскай эканомікі (і для многіх субʼектаў ЕС) калію. Таксама ў выпадку іншых важных пазіцый беларускага экспарту была захаваная магчымасць выканання дзейных кантрактаў, заключаных нават на некалькі гадоў наперад.
Нягледзячы на правакацыі на мяжы Лукашэнка скрупулёзна сочыць за парадкам на пераходах, бо гандаль павінен быць і нельга сарваць транзіт тавараў з краін ЕС у Расію і Кітай. Некаторыя каментатары лічаць, што ўвядзенне рэальных эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі паскорыць «інтэграцыю» Беларусі з Расіяй і асудзіць краіну на эканамічную залежнасць ад усходняга суседа. Адно вядома, цяперашняя палітыка ЕС не прымусіла беларускага дыктатара змяніць свае паводзіны, канстатуе Руслан Шошы на старонках выдання Rzeczpospolita.
аз