Розныя краіны шукаюць выхаду з сітуацыі. Кіраўніцтва ЕС кажа пра неабходнасць пазбавіцца залежнасці да Расіі.
У Берліне пачалася сустрэча міністраў эканомікі, клімату і навакольнага асяроддзя краін G7. Сустрэчу праводзяць міністры зялёных Роберт Хабек і Штэфі Лемке. Напярэдадні сустрэчы выканаўчы віцэ-прэзідэнт і еўракамісар па пытаннях эканомікі Валдзіс Дамброўскіс зазначыў, што на дадзены момант ЕС мае вялізарную залежнасць ад расійскіх энергапаставак і час гэта зменшыць.
- Расійская вайсковая агрэсія спарадзіла сапраўдныя шокавыя хвалі ва ўсім свеце. Гэта змяніла геапалітычны ландшафт, нанесла ўдар па эканоміцы, парушыла лагістычныя ланцужкі. Павялічыла агульную няўпэўненасць. ЕС першым адчуў эканамічныя наступствы. У першую чаргу не з-за геаграфічнай блізкасці да Расіі ды Украіны, а з-за залежнасці ад паставак расійскай энергасыравіны.
Гэтая залежнасць прывяла да таго, што пасля расійскай агрэсіі на Украіну, у Еўропе выраслі цэны на паліва, што прывяло да росту інфляцыі ды запаволення эканамічнага росту. Так у чацвер раніцай цана нафты маркі Brent на Лонданскай біржы вырасла на 0,41% да $114,5 за барэль. Сырая нафта маркі WTI ў Нью-Ёрку таксама падаражэла на 0,5 даляра да прыкладна 110,9 долараў за барэль. Для параўнання ў дзень нападу Расіі на Украіну, 24 лютага, барэль Brent ацэньваўся ў 99 долараў, а WTI - у 92,8 долараў. Менавіта па гэтай прычыне Еўрасаюз так і не змог дамовіцца пра ўвядзенне эмбарга на пастаўкі расійскай нафты ды газу. Супраць выступае Венгрыя. Пры гэтым Кіеў нагадвае пра важнасць эмбарга, гаворыць дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
- Сёння многія суды з расійскай нафтай не могуць заходзіць у іншыя парты. Але мы хочам, каб усе расійскія караблі не маглі заходзіць ніводзін порт. Асноўны прыбытак Расія атрымлівае ад кантрактаў на продаж нафты. За кожны з гэтых кантрактаў расійская армія атрымлівае мільёны долараў для фінансавання нападу на нас.
У Брусэлі гэта разумеюць. Кіраўніцтва ЕС усё вастрэй кажа пра неабходнасць адыходу ад расійскіх рэсурсаў. Па гэта звяртаў увагу на днях старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
- Мы ведаем, што важна завершыць нашу залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў. Такое рашэнне мы прынялі аднагалосна ў Версалі. Аднак мы таксама ўсе добра ведаем, што саман складанае – гэта пераход. Таму што мы павінны знайсці канкрэтныя развязанні, як захаваць эканамічны дабрабыт ды грамадскі супакой у Еўропе. Таму мы працуем, каб быць інавацыйнымі, практычнымі, каб выпрацаваць канкрэтныя рашэнні, захоўваючы адзінства. Гэта вельмі складана, але мы цяжка працуем і я спадзяюся, што мы здолеем зноў паказаць, што мы не падзеленыя.
Еўропа хоча спыніць сваю залежнасць ад расійскага паліва. Замест яго частку сыравіны, асабліва прыродны газ, ЕС хоча атрымоўваць з Афрыкі. Прэзідэнт Сенегала заявіў, што гатовы пастаўляць газ у Еўропу.
Апроч таго Еўрасаюз можа ўвесці мытныя пошліны на гандаль з РФ. Для гэтага нават не спатрэбіцца згода Віктара Орбана ці іншых еўрапейскіх «лабістаў» пуцінскага рэжыму, каб увесці пошліны патрэбныя галасы 15 з 27 дзяржаў ЕС. Пра гэта магчыма дамовіцца. Заробленыя так грошы могуць быць накіраваны на падтрымку Украіны і на ўзмацненне энергетычнай бяспекі краін ЕС.
Яшчэ адну альтэрнатыву расійскім энерганосбітам Еўропа бачыць у развіцці атамнай энергіі. Міністр клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ганна Москва заявіла, пасля нападу Расіі на Украіну ўсё больш краін уключаюць ядзерную энергетыку ў сваю стратэгію энергетычнай бяспекі.
- Калі Еўропе давялося выбіраць паміж расійскім газам і ядзернай энергіяй, адказ здаецца цалкам відавочным. Бельгія, напрыклад, ужо прыняла такое рашэнне і вярнулася да АЭС, адмовіўшыся ад газу з Расіі. Міністр энергетыкі Бельгіі вырашыў падоўжыць эксплуатацыю ядзерных рэактараў на 10 гадоў. Думаю, што яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто б нават не ўяўляў такой сітуацыі.
Польская міністр падкрэсліла, што развіццё атамнай энергетыкі з'яўляецца ключавым у працэсе энергетычнай трансфармацыі Польшчы. У 2026 годзе пачнецца будаўніцтва першай у нашай краіне АЭС.
- Я сама была вельмі здзіўлена вынікамі, бо 74 працэнты нашых суайчыннікаў падтрымліваюць будаўніцтва атамных электрастанцый. Гэта шмат. Я думаю, што калі б мы праверылі сёння, то падтрымка была б яшчэ большай з-за цяперашняй сітуацыі, а таксама таму, што ядзерная энергетыка - гэта бяспека і незалежнасць. Для нас гэта абсалютны прыярытэт у энергетычнай палітыцы.
Сёлета Польшча абярэ тэхналогію будаўніцтва АЭС. Вядуцца перамовы з патэнцыяльнымі інвестарамі з ЗША, Францыі і Паўднёвай Карэі. Пры гэтым нават трыльён, семсот мільярдаў злотых - столькі, на думку, віцэ-прэзідэнта Bank Pekao SA Паўла Страчыньскага, можа каштаваць польская энергетычная трансфармацыя да 2030 года. Гэта можна параўнаць з аднаўленнем краіны пасля Другой сусветнай вайны:
- На энергатрансфармацыю з Польшчы да 2030 года патрэбна 1,6-,7 трыльёнаў злотых, каб усё праходзіла хутка. Гэта вялізарныя грошы. Такіх інвестыцый Польшча не мела за ўсю гісторыю.
Таксама віцэ-прэм’ер, міністр дзяржаўных актываў Польшчы Яцэк Сасін выступіў з заявай пра неабходна наўпрост пераходзіць з вугалю на атамную энергетыку і аднаўляльныя крыніцы энергіі без газу.
У цяперашні час Еўрасаюз спрабуе прыняць шосты пакет санкцый, які ўключае эмбарга на расійскую нафту. Некаторыя краіны - Венгрыя, Славакія і Чэхія - патрабуюць часовых выключэнняў з указаннем, у прыватнасці, адсутнасць выхаду да мора і звязаныя з гэтым патэнцыйныя праблемы з пастаўкамі сыравіны.
Юры Ліхтаровіч