Польшча апусцілася ў еўрарэйтынгу прамых замежных інвестыцый. Выдаткі на іх скараціліся на 12 працэнтаў. Ёсць і добрая навіна: павялічылася колькасць новых працоўных месцаў, паведамляе «Puls Biznesu» са спасылкай на дарадчыцкую кампанію Ernst & Young.
Прамыя замежныя інвестыцыі ў Еўропе аднавіліся. У мінулым годзе кампаніі анансавалі 5 877 праектаў, што на 5 працэнтаў больш, чым годам раней, калі фіксавалася 13-працэнтнае падзенне. Тым ня менш, леташні ўзровень складае на 8 працэнтаў менш, чым у перадпандэмічным 2019 годзе, і на 12 працэнтаў менш, чым у рэкордным 2017 годзе.
Польшча не ўвайшла ў першую дзясятку – яна заняла 9 месца, то бок два месцы ніжэй, чым год таму. Акрамя таго, Польшча – адна з трох краін у ТОП-10, дзе інвестыцыі ўпалі, у прыватнасці ажно на 12 працэнтаў.
Добрая навіна тычыцца працоўных месцаў. Дзякуючы інвестыцыям, абвешчаным у 2021 годзе, плануецца стварыць 21 тысячу працоўных месцаў, то бок на чатыры разы больш, чым у 2020 годзе і блізка да вынікаў 2018 года.
Выданне нагадвае, што ў сярэднім, адзін праект у Польшчы прычыняецца да стварэння 108 працоўных месцаў, то бок больш, чым у Вялікабрытаніі (79), Германіі (45) або Францыі (38).
Аднак па абсалютнай колькасці працоўных месцаў Польшча займае далёкае 8-м месца. На першым зноў апынулася Вялікабрытанія.
Найбольшая колькасць замежных праектаў у Польшчы тычылася інвестыцый у вытворчасць, бізнес-паслугі і лагістыку. Іх рэалізавалі ў асноўным кампаніі з Германіі, ЗША і Нідэрландаў.
Паводле выдання «Puls Biznesu» найбольшы рост інвестыцыяў у Еўропе быў зафіксаваны ў Францыі. У Вялікабрытаніі ўзровень інвестыцый заставаўся на стабільным узроўні. Дарэчы Вялікабрытанія – галоўнае месца ў Еўропе па інвестыцыях у тэхналогію і фінансавыя паслугі, а Лондан – горад нумар адзін для інвестараў. У Германіі колькасць праектаў скарацілася на 10 працэнтаў, але тут плануецца размясціць буйныя прамысловыя інвестыцыі, асабліва ў аўтамабільнай галіне. З крызісам справіліся таксама краіны паўднёвай Еўропы – Італія, Партугалія і Турцыя.
аз