Беларуская Служба

Якое ВНУ і факультэт выбраць, каб у будучыні не быць беспрацоўным?

26.05.2023 15:25
Гэтае пытанне цікавіць многіх падлеткаў ды іх бацькоў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: fongbeerredhot/Shutterstock.com

Журналіст Rzeczpospolita Міхал Душчык задаецца пытаннем, якое цікавіць падлеткаў ды іх бацькоў. Якое ВНУ і факультэт выбраць, каб у будучыні не быць беспрацоўным? Якой працы не заменіць нейрасетка?

Будучы рынак працы – аднак вялікая невядомая. З развіццём штучнага інтэлекту невядома, спецыялісты ў якой вобласці будуць патрэбныя. «Праз два гады мой сын заканчвае школу, – піша аўтар. – У яго няма дакладнага бачання таго, што ён хоча рабіць у будучыні. Члены сямʼі падказваюць: «стань лекарам, айцішнікам, а можа, як бацькі, журналістам. Да нядаўняга часу я сам быў упэўнены, што яму трэба паступіць на юрфак. Але сёння я, як і мой сын, абсалютна не ўяўляю, якім шляхам яму пайсці. А ўсё з-за дынамічных змен, якія адбываюцца дзякуючы штучнаму інтэлекту і перспектыў рынку працы. Юрыспрудэнцыя – гэта адна з тых галінаў, дзе прасунутыя алгарытмы могуць замяніць працу чалавека. Тое ж можа быць і з лекарамі – штучны інтэлект першапачаткова будзе падтрымліваць медыкаў у дыягностыцы пацыентаў, але што перашкаджае яму вырашаць, на якія аналізы накіраваць пацыента і якія прэпараты прызначыць іншаму?

Можа здацца, што адзіны верны крок – стаць праграмістам. Хтосьці ж павінен пісаць усе гэтыя праграмы і алгарытмы, падтрымліваць ІТ-сістэмы. Аднак не. Будучыня IT-спецыялістаў такая ж цьмяная, як і юрыстаў. З часам кожны, нават без мінімальных ведаў у ІТ, зможа стварыць неабходнае праграмнае забеспячэнне пры дапамозе ботаў.

Дзе ў такім свеце знойдзецца месца чалавеку? Не ведаю. І мой сын гэтага не ведае. У падобнай сітуацыі многія семʼі, а будзе яшчэ больш. Пытанняў шмат, а адказаў няма», – чытаем у выданні Rzeczpospolita разважанні Міхала Душчыка.

нг