Украіне патрэбны сапраўдны і годны міры і яна гатовая працаваць у гэтым кірунку, так прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асцярожна пракаментаваў мірны план, з якім учора ў Кіеве яго пазнаёміла амерыканская дэлегацыя, на чале міністрам арміі ЗША Дэнам Дрыскалам. Менш ветлівай была ў сваю чаргу прадстаўніца Украіны ў ААН.
Амерыканскі мірны план для Украіны распрацавалі пасланнік амерыканскага прэзідэнта Стыў Віткоф і дзяржсакратар Марка Рубіа. Як заявіла прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт, Дональд Трамп хоча, каб план быў рэалізаваны да канца:
- Цягам апошняга месяца спецыяльныя пасланнікі прэзідэнта Стыў Віткоф і Марка Рубіа дыскрэтна працавалі над планам. Яны аднолькава ўдзельнічалі ў перамовах з абодвума бакамі – Расіяй і Украінай – каб зразумець, на што гатовыя пайсці гэтыя краіны дзеля дасягнення трывалага міру.
Як сказала прадстаўніца Белага дома, мір на Блізкім Усходзе быў дасягнуты аднолькавым чынам. Паводле яе, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі быў «аптымістычна» настроены адносна мірных перамоваў.
«Украіне патрэбны мір, і Украіна зробіць усё, каб ніхто ў свеце не мог сказаць, што гэта мы нібыта падрываем дыпламатыю. Гэта важна», – заявіў пасля сустрэчы з амерыканскай дыпламатыяй прэзідэнт Уладзімір Зяленскі:
- Амерыканскі бок прадставіў свае прапановы – пункты плана па спыненні вайны – сваё бачанне. З першых дзён вайны мы прытрымліваліся адной вельмі простай пазіцыі: Украіне патрэбен мір. Сапраўдны мір – такі, які не будзе парушаны трэцім уварваннем. Годны мір – на ўмовах, якія паважаюць нашу незалежнасць, наш суверэнітэт і годнасць украінскага народа. І менавіта такія ўмовы мы павінны забяспечыць. Я выклаў нашы ключавыя прынцыпы. І мы дамовіліся, што нашы каманды будуць працаваць над гэтымі прапановамі, каб пераканацца, што ўсё гэта сапраўды. Мы не будзем рабіць ніякіх рэзкіх заяў. І мы настроены на выразную і сумленную працу – Украіна, Злучаныя Штаты і нашы сябры і партнёры ў Еўропе і ва ўсім свеце.
Украінскі лідар падкрэсліў, што цягам апошніх дзён правёў шмат важных сустрэчаў з еўрапейскімі лідарамі. «Я чакаю размовы з прэзідэнтам Трампам у бліжэйшыя дні», – дадаў Уладзімір Зяленскі:
- Мы цалкам усведамляем, што сіла Амерыкі і падтрымка Амерыкі могуць сапраўды наблізіць мір, і мы не хочам гэтага страціць. Мы таксама ўсведамляем, што Расія не мае рэальнага жадання міру – інакш яны б не пачалі гэтай вайны. Ёсць шмат ацэнак – цалкам справядлівых – што на працягу гэтага года Расія спрабавала зрабіць толькі адно – а менавіта адкласці санкцыі і купіць больш часу для сваёй вайны. Злучаныя Штаты маюць магчымасць загарантаваць, каб гатоўнасць Расіі спыніць вайну нарэшце стала сур'ёзнай.
Змест мірнага плана афіцыйна не апублікаваны, але, паводле паведамленняў СМІ, 28 пунктаў, з якіх ён складаецца, верагодна ўтрымліваюць рашэнні, неспрыяльныя для ўкраінцаў.
У ім апынулася, між іншым, прапанова аддаць Расііі ўвесь Данбас, Крым і замарозіць лінію фронту ў Запарожскай і Херсонскай акругах. Частка тэрыторый стане дэмілітарызаванай буфернай зонай, на практыцы, пад расійскім кантролем. План бярэ пад увагу таксама скарачэнне ўкраінскай арміі і адмову Кіева ад імкненняў уступіць у НАТА.
Верагодна, у дакуменце пытанне ваенных рэпарацый не згадваецца, а замарожаныя расійскія актывы (100 мільярдаў долараў) павінны быць накіраваныя на рэканструкцыю Украіны. Іншыя замарожаныя расійскія актывы пойдуць на супольныя амерыканска-расійскія праекты.
Калі гаворка ідзе пра гарантыі бяспекі, то верагодна, у дакуменце адзначаецца, што Расія юрыдычна абавязваецца не нападаць на Украіну і Еўропу.
Акрамя таго, мірны план прадугледжвае паступовае зняцце санкцыяў з Расіі і доўгатэрміновую эканамічную супрацу з ЗША, а таксама зняцце з Расіі адказнасці за здзейсненыя злачынствы і вяртанне краіны ў Групу G7.
Украіна таксама павінна правесці выбараў праз 100 дзён пасля падпісання мірнай дамовы з Расіяй.
За рэалізацыяй мірнага плана павінна сачыць «Рада міру» пад кіраўніцтвам Дональда Трампа.
Прадстаўніца Украіны ў ААН Хрысціна Гаявішын заявіла на форуме арганізацыі, што «зямля і суверэнітэт яе краіны не прадаюцца». Адначасова падкрэсліла, што яе краіна гатовая да перамоваў аб спыненні вайны з Расійскай Федэрацыяй, але мірны працэс павінен грунтавацца на прынцыпе: «Нічога пра Украіну без Украіны і нічога пра Еўропу без Еўропы».
Амерыканскім мірным планам для Украіны незадаволены і Еўрапейскі Саюз. Кіраўнічка дыпламатыі ЕС Кая Калас заявіла, што для рэалізацыі любога плана ў ім павінны ўдзельнічаць як Украіна, так і Еўропа.
«У гэтай вайне толькі адзін агрэсар. Мы не бачым ніякіх саступак з боку Расіі», – дадала яна.
У сваю чаргу віцэ-прэмʼер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментараваў справы такім чынам:
- Павінна быць абмежаваная не здольнасць ахвяры абараняцца, а здольнасць агрэсара да агрэсіі.
Крытыкі сцвярджаюць, што амерыканскія прапановы ўзнагароджваюць агрэсара - Расію, за кошт Украіны, што можа мець негатыўныя наступствы для ўсёй Еўропы.
«На маю думку, гэта не план», – заявіў міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль у эфіры ZDF. Паводле яго, гэта хутчэй прапановы, якія яшчэ могуць быць змененыя.
Супраць меркаванняў еўрапейскіх палітыкаў зноў ідзе венгерскі прэм'ер-міністр. Віктар Орбан рашуча падтрымаў амерыканскі мірны план па спыненні вайны ва Украіне.
Масква асцярожна рэагуе на паведамленні аб мірным плане Дональда Трампа для Украіны. Паведамляецца, што прадстаўнік Крамля заявіў, што пакуль ніхто не паведаміў Маскве пра згоду Кіева на мірныя перамовы.
Аднак Дзмітрый Пяскоў таксама раней адмовіўся каментаваць інфармацыю аб сакрэтных расійска-амерыканскіх перамовах, пра якія паведамлялі амерыканскія журналісты.
Паводле агенцтва Reuters, сёння амерыканскія чыноўнікі пазнаёмяць з праектам амерыканскага мірнага плана для Украіны паслоў Еўрасаюза ў Кіеве.
аз