Беларуская Служба

Расія і Беларусь створаць фальшывую Ikea пад новым брэндам

13.02.2024 12:04
Вярнуцца да савецкай практыкі: крадзі, падрабляй, называй новым імем.
ІКЕА shutterstock/ricochet64

Расія і Беларусь створаць фальшывую Ikea пад новым брэндам. Абедзве краіны, якія знаходзяцца пад санкцыямі Захаду, маюць намер скапіяваць у шведскага канцэрна ўсё – мадэлі, спосабы дэманстрацыі і зборкі мэблі. Элементы паставяць «дружалюбныя краіны».

«У Расіі і Беларусі ёсць рэальны шанец «сабраць» Ikea пад новым брэндам. Беларусы заявілі, што вырашылі адну з галоўных тэхналагічных праблем – цалкам замянілі пастаўшчыкоў, у тым ліку за кошт імпарту з дружалюбных краін. А для абмежаванага асартыменту ўжо выпусцілі ў продаж скрыні з вядомай інструкцыяй па зборцы мэблі», – пахваліў суседзяў губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка, якога цытуе РІА «Новости».

Чыноўнік дадаў, што гэтыя праблемы з'яўляюцца нармальнымі. Ён таксама заявіў, што вялікай колькасці кампаній, якія працуюць «пад парасонам Ikea», «першапачаткова не хапала кампетэнцый у лагістыцы і гандлі». «Але мантаж камерцыйнай сістэмы ў нас ужо пачаўся, у гэтым удзельнічае Ленінградская вобласць», – растлумачыў Драздзенка.

Ikea валодала мэблевай фабрыкай у Ціхвіне пад Санкт-Пецярбургам. Кампанія сышла з рынку пасля пачатку вайны Расіі з Украінай. У 2023 годзе новым уладальнікам актываў IKEA ў Ленінградскай вобласці стала кампанія «Лузалес» з Сыктыўкара.

Аднак і ў Расіі, і ў Беларусі ёсць дзясяткі кампаній, якія супрацоўнічалі з Ikea. Такім чынам, яны мелі доступ да тэхналогій, метадаў продажаў і дызайну. Пасля таго, як рэжымы Лукашэнкі і Пуціна трапілі пад санкцыі, кампаніі з гэтых краін страцілі пастаўшчыкоў з Захаду.

Больш за год ім спатрэбілася, каб знайсці новых у «дружалюбных краінах». Хаця і не называюцца канкрэтныя краіны, размова, верагодна, ідзе пра Кітай.

Сетка «Вкусно и точка« замяніла ў Расіі сетку амерыканскага фастфуду, якая сышла з рынку пасля пачатку вайны супраць Украіны. Усё павінна было быць як у Макдоналдсе, але па-хатняму, так лепш. Аднак бізнэс стратны.

Турэмныя грахі Ікеі

Нідэрландская вытворча-гандлёвая група Ikea, заснаваная шведам Інгварам Кампрадам, у сакавіку 2022 года спыніла адносіны з пастаўшчыкамі з Беларусі і Расіі, а затым заявіла аб выхадзе з гэтых краін.

У лістападзе 2022 года журналісцкае расследаванне французскага сайта Disclose паказала, што некалькі беларускіх кампаній, якія былі ў спісе пастаўшчыкоў Ikea, з 1999 года супрацоўнічалі як мінімум з 5 турмамі і калоніямі ў Беларусі, што азначае, што яны выкарыстоўвалі зняволеных у якасці працоўнай сілы.

Паведамляецца, што гэтая стратэгія пад назвай «Go Belarus» дазволіла шведскай кампаніі ўтрая павялічыць закупкі ў Беларусі: замовы на суму 130 мільёнаў еўра ў 2018 годзе выраслі да 300 мільёнаў еўра ў 2021 годзе, паведамляе беларускае дзяржаўнае агенцтва навін.

Пра беларускія турмы, з якімі супрацоўнічалі пастаўшчыкі Ikea, французы напісалі: «Гэта асабліва жорсткія прымусова-працоўныя лагеры, вядомыя катаваннямі, дрэнным харчаваннем і адсутнасцю медыцынскага абслугоўвання».

Мэблевая кампанія заявіла, што «не прызнае ніякай прымусовай, рабскай або працы зняволеных» і што яе пастаўшчыкі абавязваюцца выконваць стандарты, у тым ліку міжнародныя працоўныя канвенцыі.

Аднак гэта быў не першы падобны грэх шведскага мэблевага гіганта. У 2012 годзе Ikea апынулася ў цэнтры скандалу з выкарыстаннем працы зняволеных у Германіі. Пасля ўнутранага аўдыту, ініцыяванага пасля расследавання шведскіх журналістаў, кампанія прызнала, што некаторыя з яе пастаўшчыкоў выкарыстоўвалі прымусовую працу палітычных зняволеных ва Усходняй Германіі ў 1970-х і 1980-х гадах.

Rp.pl/вх