Беларуская Служба

Звольненым 8 гадоў таму спецыялістам даручана падрыхтаваць справаздачу аб славутых некалі конезаводах

22.02.2024 15:21
Адстаўкі адбыліся ў перыяд росквіту, адразу пасля рэкорднага аўкцыёну Pride of Poland.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/siebeckdotcom

Пра сітуацыю польскай конегадоўлі піша Rzeczpospolita. Амаль роўна 8 гадоў таму, 19 лютага 2016 года, былі звольненыя дырэктары конезаводаў у Янаве-Падляскім і Міхалове Марэк Трэля (Marek Trela ) і Ежы Бялобак (Jerzy Białobok), а таксама інспектар конегадоўлі Ганна Стаяноўска (Anna Stojanowska). Справа выклікала вялікі рэзананс, між іншым з-за таго, што конегадоўля тады была гонарам Польшчы, заводы прадавалі коней чыстай арабскай крыві за мільёны.

Адстаўкі адбыліся ў перыяд росквіту, адразу пасля рэкорднага аўкцыёну Pride of Poland, на якім коні былі прададзеныя за 4 мільёны еўра. Пазней наблізіцца да гэтага выніку не ўдалося. Больш за тое, падчас аўкцыёнаў рэгулярна адбываліся скандалы. Заводамі кіравалі асобы, якія слаба разбіраліся ў гэтай справе, сітуацыя значна пагоршылася, і дзяржаве нават прыходзілася падсілкоўваць іх фінансамі.

І вось, цяпер спецыялістам, якія тады былі звольненыя, даручана падрыхтаваць справаздачу аб конезаводах. Аднак, Трэля, Бялобак і Стаяноўска заявілі, што яны не вернуцца на пасады, паколькі знайшлі іншую працу. Стаяноўска кіруе прыватным конезаводам, Бялобак працуе кансультантам па арабскіх конях у Егіпце, а Трэля кіруе ў Іярданіі ўстановай, якая ратуе дзікіх жывёл, у тым ліку з зоны кантрабанды і ваенных дзеянняў. Яны маглі б пагадзіцца толькі на функцыю дарадцаў.

нг