Беларуская Служба

Беларусь летась аднавіла нафтаперапрацоўку да даваеннага ўзроўню і нават пастаўляла нафтапрадукты ва Украіну

14.03.2024 16:11
У 2023 годзе Беларусь аднавіла нафтаперапрацоўку да ўзроўню 2021-2022 гадоў.
Аўдыё
 .
Нафтаперапрацоўчы завод.belneftekhim.by

У 2021 годзе Белстат спыніў публікацыю ў адкрытым доступе фактычных даных па імпарце нафты ў Беларусь, а таксама па экспарце і ўнутранай вытворчасці нафтапрадуктаў. У сувязі з гэтым аналіз эканамісты робяць на аснове інфармацыі з заяў беларускіх і расійскіх чыноўнікаў, а таксама дадзеных статыстыкі знешняга гандлю.

І гэтыя звесткі дазваляюць казаць пра тое, што аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Беларусі аднавіліся да даваеннага ўзроўню. Але разам з тым галіна ўсё мацней завязваецца на Расію.

У 2023-ім годзе з Беларусі экспартавалі 8,5-9 млн тон нафтапрадуктаў. У 2024 годзе Беларусь набывае нафту ў РФ па сусветным коштах, але дзякуючы схеме з адваротным акцызам гэта нівелюецца.

«У 2023-ім годзе Беларусь аднавіла нафтаперапрацоўку да даваеннага ўзроўню. Паводле ўскосных дадзеных беларускія НПЗ перапрацавалі больш за 16 млн тон нафты, з якіх больш за 14 млн тон – гэта імпарт. Імпарт цяпер Беларусь атрымлівае з Расіі. Экспартавалі ў 2023-ім годзе ў дыяпазоне 8,5-9 млн тон нафтапрадуктаў. Гэты ўзровень быў і ў 2020-2021 гадах. Але тады Беларусь крыху больш экспартавала, бо сваю сырую нафту, якую здабывае краіна, гэта каля 1,8-1,9 млн тон, раней цалкам экспартавалі. Але цяпер з-за санкцый не, яна, хутчэй за ўсё, ідзе ў перапрацоўку», – кажа эксперт даследчыцкага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.

Аднаўленне галіны стала магчымым нягледзячы на падаўжэнне, ускладненне лагістыкі, страту порта ў Клайпедзе, адпаведна падаўжэнне чыгуначнай транспарціроўкі ў парты Расіі. Верагодна, гэтаму спрыяе выкарыстанне ценявых схем, схем пастаўкі нафтапрадуктаў у Эміраты – і куды ідзе перапрацаваная нафта далей – звонку сказаць немагчыма.

«У сукупнасці за два гады прыбытак склаў 3,6 млрд долараў, адносна ВУП гэта даволі істотныя аб'ёмы – больш за два працэнты ВУП штогод. Гэтая выгода, па-першае, спрыяла збалансаванасці знешняга гандлю, і шмат у чым, так мяркую, дазволіла нафтаперапрацоўшчыкам даволі хутка аднавіць абʼёмы выпуску і шмат у чым кампенсаваць страту маржынальнага рынка ва Украіне. Бо ва Украіну пастаўлялі светлыя нафтапрадукты, цана іх паставак была прыкладна на 40 працэнтаў вышэйшай, чым цана паставак нафтапрадуктаў у іншыя краіны», – кажа Анатоль Харытончык.

Анатоль Харытончык тлумачыць, якім чынам беларускія нафтапрадукты траплялі і могуць трапляць цяпер ва Украіну:

«Па ўкраінскай статыстыцы мы бачым, што нешта з Беларусі туды прыходзіла і пасля пачатку ваенных дзеянняў, і ў 2023-ім годзе, па-мойму. У іх гэта адзначана як пастаўкі з Беларусі. Але трэба разумець, што гэты рынак зʼяўляецца глабальным, як і зерневы. І тое, што Беларусь некуды пастаўляе нафтапрадукты, дае магчымасць, у тым ліку, Украіне, іх недзе набываць. Я да таго, што нафтапрадукты могуць туды прыходзіць праз трэція краіны. Мне невядома, хто зʼяўляецца канечнымі пакупніком беларускіх нафтапрадуктаў. Усё, што мы ведаем, што большая іх часткай, за выключэннем таго, што ідзе ў Расію, статыстычна адлюстроўваецца як экспарт у Эміраты. Ясная справа, што там яны наўрад знаходзяць свой канечны пункт. Куды? Мне гэта невядома».

Для беларускіх НПЗ актуальнымі застаюцца пастаўкі нафты з Расіі, бо пастаўкі гэтай сыравіны найбольш простыя ў лагістыцы, таксама заводы тэхналагічна арыентаваныя на перапрацоўку расійскай нафты. Эканаміст кажа, што, паводле дзеючай схемы, калі Мінск купляў больш танную нафту ў Расіі, вырабляў з яе нафтапрадукты і прадаваў іх на экспарт ужо па цэнах блізкіх да сусветных, Беларусь някепска зарабляла на на экспарце нафтапрадуктаў. Але ўжо ў бягучым годзе дысконт з расійскай нафты змяншаецца. Па ацэнках Анатоля Харытончыка, гэтая выгада Беларусі можа зменшыцца на суму ад 500 млн да 1 млрд долараў.

Эканаміст пакуль не бярэцца ацэньваць пакуль уплыў атак Украіны на расійскія НПЗ на сферу нафтаперапрацоўкі ў Беларусі. Але нагадаем, што ў Расіі пасля шэрагу атак беспілотнікамі на НПЗ з 1 сакавіка набыла моц забарона на экспарт бензіну, яна будзе дзейнічаць на працягу шасці месяцаў.

Анатоль Харытончык таксама звяртае ўвагу на тое, як моцна беларуская нафтаперапрацоўчая галіна цяпер залежыць ад Расіі. РФ пастаўляе сырую нафту на перапрацоўку, а таксама з’яўляецца ва ўмовах санкцый адзінай краінай, праз якую Беларусь можа пастаўляць нафтапрадукты на экспарт.

вх