Беларуская Служба

У першы дзень астранамічнай вясны трактары выехалі на дарогі і ў цэнтры гарадоў, а не ў палі

20.03.2024 12:13
«Мы хочам паказаць нашаму грамадству, што мы існуем, працуем».
Аўдыё
  • Фермеры заблакавалі Польшчу.
   .
Пратэсты фермераў у Польшчы.Фота: PAP/Jakub Kaczmarczyk

Калі ў сераду вам трэба ў падарожжа па Польшчы, вы абавязкова павінны праверыць у сеціве, ці на вашым шляху не будзе фермерскіх блакад. Раніцай паведамлялася пра амаль 600 блакад у розных месцах па ўсёй краіне. Якая важная прычына прымусіла сялян адарвацца ад палявых работ і выехаць на пратэст? Патрабаванні фермераў не мяняюцца. Яны выступаюць супраць палажэнняў еўрапейскіх законаў, сабраных у дакуменце, які называецца «Еўрапейскі Зялёны лад» і супраць таннай сельгаспрадукцыі з-за межаў ЕС, галоўным чынам з Украіны.

Трактары перакрылі пад'язныя дарогі да Варшавы. Сталіца з усіх бакоў акружаная пратэстуючымі фермерамі. Арганізатары пратэсту падрыхтавалі карту мясцовасцяў, дзе адбываецца фермерскі пратэст. У горадзе Катавіцы да фермераў далучыліся паляўнічыя, якія зладзілі дэманстрацыю перад ваяводскім упраўленнем. Яны адзначаюць, што некантраляваны прыток прадукцыі з Украіны зрабіў іх працу менш рэнтабельнай. Фермеры часткова перакрылі вуліцы, але хвалямі прапускалі машыны. Яны таксама раздавалі вадзіцелям і прахожым вырашчаны цяжкай працай ураджай. Па словах фермера Пятра Выцісьлікa (Piotr Wyciślik), гэта не толькі пратэст, але і прамоцыя польскай ежы.

- Мы хочам паказаць нашаму грамадству, што мы існуем, працуем. І хочам паказаць перш за ўсё якасць нашых тавараў. Гэтая якасць непараўнальна больш высокая, чым якасць тавараў, якія прыязджаюць звонку Еўрапейскага Саюза. Мы прывезлі з сабой шампіньёны, моркву, пятрушку, сельдэрэй, лук-парэй. Каб людзі маглі гэта пакаштаваць.

Жыхары Катавіцаў адзначаюць, што праца фермераў – вельмі патрэбная і вельмі цяжкая. Таму трэба ісці ім насустрач. Нават нягледзячы на ўскладненні на дарогах, звязаных з пратэстам, яны падтрымліваюць пратэстуючых.

- Я прыехала на машыне на работу, але для мяне гэта не праблема. Я ад усяго сэрца падтрымліваю фермераў. Я ведаю, якая гэта цяжкая праца.

- Маім меркаваннем, яны змагаюцца за свае правы. І маюць такую магчымасць, таму правільна робяць. Для мяне гэта нейкая перашкода, паколькі я спяшаюся на працу. Але я і так падтрымліваю іх.

- Вельмі добра. Можа прачнецца ў канцы канцоў наш польскі ўрад. Яны павінны ўсю Польшчу заблакаваць.

Прадстаўнікі пратэстоўцаў рэгулярна сустракаюцца з палітыкамі ўрадавай кааліцыі, каб весці перамовы ў пошуках кампрамісу. Дагэтуль вынікі не былі задавальняючымі для фермераў. Поўнага пагаднення падпісаць не ўдалося. Шматгадзінныя перамовы падчас Еўрапейскага сельскагаспадарчага форуму, які адбываўся ў мясцовасці Ясёнка, скончыліся падпісаннем пагадненняў толькі аб субсідыях на тону збожжа і часовым закрыцці мяжы з Украінай для транзіту некаторых сельскагаспадарчых прадуктаў. Падрабязнасці перадае карэспандэнт ПР Павел Паўліца (Paweł Pawlica).

- Пагадненне прадугледжвае, між іншым, што застанецца ў сіле эмбарга на сельгаспрадукцыю з Украіны. Забарона пачала дзейнічаць у сярэдзіне верасня мінулага года, яна датычыць, у прыватнасці, пшаніцы, кукурузы, пшанічнай мукі, рапсу і сланечніку. Акрамя таго, міністр сельскай гаспадаркі намераны звярнуцца да ўраду з прапановай увесці забарону на транзіт гэтых тавараў па тэрыторыі Польшчы з 1 красавіка. Ёсць таксама прапановы падоўжыць мінулагоднія датацыі на вытворчасць збожжа і льготы на падаткі для фермераў. Абодва бакі адзначаюць, што неабходна выпрацаваць прынцыпы гандлю аграрнай прадукцыяй паміж Польшчай ды Украінай. Але падкрэсліваюць таксама, што складаная сітуацыя фермераў – гэта вынік расійскага нападзення на Украіну. Фермеры абяцаюць падтрымліваць урад падчас увядзення зменаў у «Зялёны лад».

У пачатку сакавіка бягучага года дэпутаты Еўрапейскага парламенту адобрылі прапанову аб прадаўжэнні часовага прыпынення імпартных пошлін і квот на экспарт украінскай аграрнай прадукцыі ў ЕС яшчэ на адзін год, з 6 чэрвеня гэтага года да 5 чэрвеня 2025 года. Але пад ціскам пратэстаў фермераў у шматлікіх краінах ЕС, былі ўнесеныя папраўкі ў прапанову па Украіне адносна ўзмацнення гарантый для фермераў дзяржаў-членаў супольнасці. Яны пашырылі гарантыі для фермераў ЕС на выпадак росту імпарту ўкраінскай прадукцыі.

Да нечаканых высноў прыйшлі эксперты польскага Інстытуту грамадскіх фінансаў (IFP) якія падрыхтавалі даклад на гэтую тэму. На думку аўтараў, «абсурдна казаць аб тым, што Польшчу «затапіла» збожжа з Украіны». Імпарт украінскага збожжа складае менш за 3% усяго збожжа на польскім рынку. У дакладзе адзначаецца, што цэны на сельгаспрадукцыю ў Польшчы больш залежаць ад канʼюнктуры на сусветных рынках, чым ад імпарту з Украіны.

IAR/нг