Беларуская Служба

Еўрасаюз шукае гарантыі для энергетычнай бяспекі

06.05.2025 15:30
Тры гады таму Еўрапейскі Саюз занадта залежаў ад аднаго пастаўца ў заспакаенні энергетычных патрэб.
Аўдыё
  • Бяспечная будучыня еўрапейскай энергетыкі
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен выступае на саміце па будучыні энергетычнай бяспецыDati Bendo/European Union

У 2022-м годзе Расія забяспечвала 45% газу, 50% вугалю і амаль траціну нафты, што спажывалася ў ЕС. Дзесяцігоддзямі еўрапейцы не разумелі, што азначае гэтая залежнасць. Цяпер у Брусэлі адкрыта гаворыцца пра тое, што гэта азначае рызыку шантажу, эканамічнага прымусу, цэнавы шок. Еўрасаюз працягвае шукаць выхаду з паўсталай сітуацыі.

Аб'яднаная Еўропа сутыкнулася сёння з вялізарнай патрэбай большай энергетычнай бяспекі. У першую чаргу, гэта выклікана тым, што Расія наўмысна ператварыла энергетычныя пастаўкі ў зброю. Апроч таго канфлікт на Блізкім Усходзе павялічыў нестабільнасць і спарадзіў небяспеку для сусветнага суднаходства. Пагроза росту тарыфаў з таго боку Атлантыкі можа прывесці да яшчэ большага крызісу. У такой сітуацыі ЕС заяўляе, што надзейная і даступная энергія — гэта аснова дабрабыту і стабільнасці еўрапейскай эканомікі. Энергетычную надзейнасць Еўрасаюза бачыць у пашырэнні супрацы краін супольнасці ды суседзяў, адраджэнні атамнай энергетыкі ды адмовы ад расійскіх паставак.

У ЕС сёння гавораць пра шэраг важных правіл, што тычыцца энергетыкі. Іх назваў выканаўчы дырэктар Міжнароднага энергетычнага агенцтва Фаціх Бірол.

— У нас ёсць тры залатыя правілы, калі гаворка ідзе пра энергетычную бяспеку. Па-першае, дыверсіфікацыя. Не спадзяваймася на адну асобную краіну, гандлёвы маршрут, ланцужок паставак, неабходна дыверсіфікаваць як мага больш. Другое — прадказальнасць. Энергетычны сектар патрабуе велізарных інвестыцый для праектаў, якія доўжацца гадамі. У сітуацыі, калі будзе занадта шмат нявызначанасцей, інвестары сыдуць. І трэцяе, наша залатое правіла — гэта супрацоўніцтва.

У рамках супрацоўніцтва ды дыверсіфікацыі Еўрасаюз ставіць на больш шчыльныя адносіны з краінамі Рэгіёну Паўночнага мора: Вялікабрытаніяй ды Нарвегіяй. Пра гэта казала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

— Наша праца сканцэнтравана вакол Паўночнага мора. Гэта сапраўды цэнтр чыстай энергіі і энергіі будучыні. У рэгіёне Паўночнага мора ёсць усё: марскі вецер, марская энергія, вадарод, здабыццё ды захоўванне вугляроду.

У ЕС разлічваюць, што рэгіёнальная супрацА паспрыяе ўзмацненню нацыянальнай бяспекі ды падтрымае прамысловую і эканамічную канкурэнтаздольнасць. Падобнае разуменне дэманструюць і брытанцы. Пра гэта казаў на днях раз прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.

— Еўропа ніколі больш не павінна апынуцца ў становішчы, калі Расія будзе думаць, што можа шантажаваць нас у пытаннях энергетыкі. І пакуль Расія не сядзе за стол перамоў і не дамовіцца аб поўным і безумоўным спыненні агню, мы павінны працягваць скарачаць іх даходы ад энергетыкі. Гэта момант дзейнічаць, і будаваць партнёрства з ЕС, а таксама развіваць партнёрскія адносіны з такімі краінамі, як Нідэрланды, Германія, Нарвегія. У нас ёсць агульны і важны рэсурс у Паўночным моры, які можа дапамагчы нам вырашаць агульныя праблемы. Таму давайце карыстацца гэтым патэнцыялам, каб знізіць рахункі, павялічыць інвестыцыі, і забяспечыць энергетычную бяспеку.

На дадзены момант Еўрасаюз скараціў імпарт газу з Расіі з 45% да 18%, зменшыў долю нафты з кожнага пятага барэляў да кожнага пяцідзясятага, гэта значыць, у дзесяць разоў, і адмовіўся зусім ад вугалю з Расіі. Да канца 2027 года Еўракамісія плануе зусім спыніць пакупаць газ у Расіі. Пра гэта на днях абвясціла старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.

— Гэта абсалютная неабходнасць. Калі мы вырашым дзейнічаць разам, мы зможам пазбавіцца ад празмернай залежнасці і развіць бяспечны і даступны рынак энергіі.

Ідзецца пра паступовую адмову ад блакітнага паліва з краіны, якая калісьці была ключавым пастаўшчыком у ЕС. Гэта звязана з тым, што неабходна вырашыць праблему доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўку газу з Расіі, падпісаных да 2022-га года еўрапейскімі кампаніямі, парушэнне якіх можа прывесці да высокіх фінансавых штрафаў.

Яшчэ адным элементам стратэгіі энергетычнай бяспекі ЕС становіцца вяртанне да атамнай энергіі. Пра што распавёў дырэктар Дэпартамента атамнай энергетыкі Міністэрства прамысловасці Польшчы Павал Гайда. Прадстаўнік урада прыняў удзел у канферэнцыі ў Брусэлі, арганізаванай польскім старшынствам, па пытаннях атамнай энергетыкі. Прычыны большай цікавасці да ядзернай палітыкі — рост цэн на электраэнергію і спробы стаць незалежнымі ад паставак газу з Расіі. Усё больш краін ЕС, у тым ліку Польшча, рэалізуюць новыя інвестыцыі ў гэтым сектары, — падкрэсліў чыноўнік.

— Разам з ростам значэння справы энергетычнай бяспекі, а таксама неабходнасцю падтрымаць канкурэнтную здольнасць еўрапейскай эканомікі, перавага аддаецца інвестыцыям у энергетыку з малымі выкідамі і стабільную з пункту гледжання працы, і таксама коштамі ўтрымання. Атам - такая крыніца. Атамная энергетыка – гэта не толькі АЭС, гэта цэлы прамысловы сектар, які працуе для АЭС. У Еўропе бачна патрэба абапірацца на еўрапейскія ланцугі паставак у розных галінах. Дадзены падыход дазволіць перайсці да шырэйшага супрацоўніцтва ўнутры ЕС.

На днях у Варшаве польскі ўрад падпісаў пагадненне з амерыканцамі адносна будаўніцтва першай польскай атамнай электрастанцыі. Польшча мае намер падтрымаць гэтае будаўніцтва грашыма з бюджэту. Польскі ўрад накіраваў заяўку ў Брусэль, каб здабыць падтрымку з боку ЕС. Прадстаўнік Еўрапейскай камісіі па пытаннях энергетыкі Масіма Гарыба адзначыў, што Брусэль не ставіць пад сумнеў намер польскага ўраду пабудаваць атамную электрастанцыю.

Юры Ліхтаровіч